брыга́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх палкоў, батальёнаў або батарэй, а ў флоце — з некалькіх аднатыпных ваенных суднаў. Танкавая брыгада. Брыгада тарпедных катэраў. Партызанская брыгада.

2. Група работнікаў, якая выконвае пэўнае вытворчае (або спецыяльнае) заданне на заводзе, у калгасе, ва ўстанове і пад. Паляводчая брыгада. Трактарная брыгада. Будаўнічая брыгада. Брыгада камуністычнай працы. Рэйдавая брыгада. // Разм. Месца, дзе размяшчаецца і працуе гэты калектыў. Праўленне і канцылярыя, і наогул увесь калгасны цэнтр быў у першай брыгадзе. Васілевіч. У чацвёртую брыгаду, у вёску Зарэчча, пабег з праўлення пасланец. Бялевіч.

•••

Комплексная брыгада — вытворчая брыгада, у склад якой ўваходзяць людзі розных спецыяльнасцей.

[Фр. brigade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

1. Сукупнасць сродкаў чалавечай дзейнасці, якія ствараюцца для ажыццяўлення працэсаў вытворчасці і абслугоўвання невытворчых патрэбнасцей грамадства. Дасягненні навукі і тэхнікі. Развіццё тэхнікі ў перыяд навукова-тэхнічнага прагрэсу.

2. зб. Машыны, механізмы, прыборы, апаратура, прылады той ці іншай галіны вытворчасці. Будаўнічая тэхніка. Сельскагаспадарчая тэхніка. □ Як толькі пачала вызваляцца з-пад снегу глеба, выйшла ў поле тэхніка. «Звязда». // Сукупнасць зброі, сродкаў радыёлакацыі і пад., што маюцца на ўзбраенні арміі. Ракетная тэхніка. // Сродкі невытворчага прызначэння, якія абслугоўваюць бытавыя, камунальныя, навукова-даследчыя, медыцынскія, спартыўныя, культурныя і пад. патрэбы. Тэлеінфармацыйная тэхніка. Тэхніка спартыўных комплексаў.

3. Сукупнасць прыёмаў, навыкаў, якія прымяняюцца ў якой‑н. галіне дзейнасці або мастацтве. Жывапісная тэхніка. Тэхніка ігры на фартэпіяна.

•••

Тэхніка бяспекі — сістэма тэхнічных сродкаў і прыёмаў работы, якія ствараюць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Ядзерная тэхніка — галіна тэхнікі, якая ахоплівае выкарыстанне ядзернай энергіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ператрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. ператрос, ‑трэсла і ‑трасла, ‑трэсла і ‑трасло; зак.

1. што. Трасучы, ачысціць (ад пылу, гразі і пад.) усё, многае. Ператрэсці палавікі.

2. што. Змяшаць, трасучы. Ператрэсці сена з саломай.

3. што. Трасучы, перабраць, перагледзець што‑н. (звычайна шукаючы што‑н.). [Пятрусь] некалькі раз ператрос усе свае кішэні, — ключык як у ваду кануў. Арабей. // перан. Разм. Перабраць у памяці, успомніць што‑н. Любіць стары пагаварыць, ператрэсці ў памяці мінулае. Лынькоў.

4. Разм. Зрабіць перагляд з мэтай замены, перабудовы чаго‑н.; перасыпаць. Будаўнічая брыгада калгаса ператрэсла Сцяпанаву хату, перасыпала. Пянкрат. А сам [Андрэй] пайшоў на апошнюю вайну і ўжо ніколі не вернецца, каб, скажам, абсадзіць хату ці ператрэсці хлеў. Сіпакоў.

5. каго. Разм. Усхваляваць, устрывожыць да ўзбуджана-нервовага, хваравітага стану.

6. каго-што. Зрабіць вобыск. На вакзале сышчыкі затрымалі.. гімназістаў і ператрэслі іх чамаданы... С. Александровіч. Жаўнеры ператрэслі кожную хату, аблазілі ўсе вышкі і хлявы. Шахавец.

7. безас. Скончыць, перастаць трэсці. Хворага ператрэсла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

часа́ць 1, чашу, чэшаш, чэша; незак.

1. што. Распраўляць, прыгладжваць валасы пры дапамозе грэбеня; прыводзіць у парадак валасы. Часаць валасы. □ Каса ж мая, косачка, каса русая, Часала я косачку дзевятнаццаць год, Прайграла я косачку ў адзін вечарок. З нар.

2. што. Ачышчаць лён, пяньку ад кастрыцы пры дапамозе грэбеня. Часаць лён. □ Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Чыгрынаў. // Расчэсваць воўну на ваўначосцы. Не толькі з Багульнікаў, а і з суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

3. Разм. Энергічна, старанна рабіць што‑н. (звычайна бегчы, танцаваць і пад.). У доўгай зрэбнай кашулі, без шапкі, .. [дзядуля] бойка чэша басанож па асфальце, прыстуквае кіёчкам, і вецер варушыць яго белыя касмылі. Ракітны. Гарэзна пляскаючы ў ладкі, Дзяўчына лёгка стан нясе, А хлопец чэша ўпрысядкі, Ваўчком крутнуўся на назе. Гаўрусёў. // Бойка гаварыць. «Бач, як чэша, быццам акадэміі прайшоў», — здзіўлена падумаў Аляксей. Новікаў.

4. перан.; што. Пільна абшукваць або прастрэльваць якую‑н. мясцовасць; прачэсваць. — Б’юць наўздагад. Лес «чэшуць», — прыслухаўшыся, абвясціў Крамнёў. Шашкоў.

•••

Часаць язык (языком, языкі, зубы) — пляткарыць, балбатаць.

часа́ць 2, чашу, чэшаш, чэша; незак., што.

1. і без дап. Секучы ўздоўж, здымаць паверхневы слой дрэва або каменя, каб выраўнаваць або надаць патрэбную форму. Часаць бярвенне. □ Ля кузні былі відаць белыя стужкі — там удзень Падбярэцкі часаў клён на абады. Пташнікаў. Будаўнічая брыгада — Габлюе, Чэша, Крые дах, Даводзіць вокны, Столь да ладу. Корбан.

2. што. Вырабляць з дрэва, каменя, апрацоўваючы такім чынам; вычэсваць. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас.

•••

Хоць кол на галаве чашы каму — пра ўпартага, няўступчывага чалавека, які стаіць на сваім, не паддаецца ўгаворам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Узяць, схапіць (рукамі, пальцамі і пад.) якую‑н. колькасць чаго‑н. Цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў і парывіста, са злосцю, разанула сярпом. Мележ. // Абхапіць. Васіль .. захапіў у абдым[кі] абодвух сыноў і прыціснуў да сябе. Кавалёў.

2. Узяць, прыхапіць з сабою. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую шкуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай шкуры. Колас. [Ларыса] захапіла з сабой палку .. і, як ластаўка, выпырхнула за дзверы. Даніленка.

3. Узяць, авалодаць сілай. Захапіць уладу. □ Ведалі кулямётчыкі.. любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў. // Затрымаць сілаю, пазбавіць волі. Захапіць у палон. □ Партызаны захапілі бадай палавіну афіцэраў штаба. Лынькоў. // Апярэдзіўшы іншых, узяць што‑н. сабе, авалодаць чым‑н. Захапіць ініцыятыву. □ Хлопцы, каб захапіць месца на бярвенні, спяшаліся. Вітка.

4. Заняць, ахапіць сабой што‑н., распаўсюдзіцца на што‑н. Чорныя крылы хмары захапілі ўсё неба. Даніленка. // Пашырыцца на пэўны прамежак часу. Пахаладанне захапіла пачатак чэрвеня.

5. перан. Вельмі зацікавіць, прымусіць поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Заняткі так захапілі, што лётчыкі не заўважылі, як хутка прабег час. Алешка. Бурная будаўнічая праца захапіла Сцяпана Ягоравіча. Корбан. // Завалодаць, ахапіць, узрушыць (пра пачуцці, думкі і пад.). Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Колас. Юнацкія ўражанні глыбока запалі ў яго свядомасць, захапілі сваёй веліччу і гераізмам. Арабей.

6. перан. Завалодаць увагай, зачараваць каго‑, што‑н. [А. Александровіч] умеў захапіць аўдыторыю. Хведаровіч. Міжвольна захапіла іх вадзяная шыр, лёгкае, п’янае паветра і гулкі, святочны настрой.. публікі. Гартны.

7. Разм. Застаць; заспець. Стары Якуб Сакалоўскі не захапіў ні свайго двара, ні хаты, ні хлявоў — на іх месцы было папялішча. Лупсякоў. Мы заўважылі і Ніка, які бег таксама разам з усімі. Яго, як і нас, хваля захапіла на беразе. Лынькоў. Ніну вайна захапіла ў піянерскім лагеры. Васілевіч.

•••

Дух (дыханне) захапіла — тое, што і дух (дыханне) заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)