папацяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і чаго.

Разм. Цягаць доўга, неаднаразова; пацягаць многа каго‑, чаго‑н. Міленькі мой татачка, колькі ж гэта ён бярвення папацягаў! Каліна. [Галя:] — Колькі я з імі нагаравалася, са сваімі хлопцамі, колькі папацягала ў вайну па лесе ды па балотах... Палтаран. [Жонка:] — Мала Адася папацягалі па астрогах? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тарфя́нік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Залежы торфу, тарфяное балота. Колькі пахадзіў Шаманскі па гэтых балотах... Усё меркаваў, каб як асушыць гектараў з паўтысячы тарфянікаў, дабрацца да іх залатога дна. Дуброўскі.

2. ‑у. Асушанае тарфяное балота. Праз пару год на асушаных тарфяніках .. зашугала збажына. «Беларусь».

3. ‑а. Спецыяліст па торфу або рабочы торфараспрацовак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засло́н 1, ‑а, м.

Вайсковы атрад для аховы і прыкрыцця галоўнай часткі войска. Камандаванне зрабіла манеўр: пакінуўшы заслон, нечакана павярнула галоўныя сілы брыгады ў другім кірунку. Шамякін. За ракой стаіць невялікі заслон на балотах, абараняе подступ да пераправы. Заслону загадана біцца да апошняга патрона. Лынькоў.

засло́н 2, ‑а, м.

Абл. Пераносная лаўка; услон. Каля стала стаялі заслоны і некалькі старых .. крэслаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жураве́ль 1, ‑раўля, м.

Вялікая балотная пералётная птушка з доўгімі нагамі і шыяй, з доўгай прамой дзюбай. Жураўлі праляталі над полем, Забіраючы лета з сабой. Колас. І вядуцца на балотах Жураўлі ў густых чаротах. Гурло.

жураве́ль 2, ‑раўля, м.

Прыстасаванне пры калодзежы для даставання вады, якое складаецца са стойкі, рычага-вагі і вочапа. Журавель варухнуўся, хутка падаўся вочапам уніз да вады. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спажы́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для яды, для спажывання. Спажыўныя расліны. □ Партызаны і насельніцтва невялічкага ўзвышша-вострава выбіралі ў балотах усё спажыўнае. Кавалёў.

2. Які змяшчае неабходныя для жыццядзейнасці арганізма рэчывы; пажыўны. Тры разы за гэты час малая гаспадыня клапатліва рыхліла зямлю, часта паіла сваю градку вадою і карміла ўсялякімі спажыўнымі харчамі. Якімовіч. Суп быў на касцях, з бульбаю і крупкаю, вельмі спажыўны і смачны. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буга́й, ‑я, м.

1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.

2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́т, ‑у, М ‑роце; мн. чараты, ‑оў; м.

Высокая травяністая расліна сямейства асаковых, якая расце ў вадзе рэк, азёр, на балотах. Спакон веку тут была дрыгва і ў чэзлым альшэўніку шумеў чарот ды кішэла машкара. Гроднеў. // Зараснікі гэтай расліны. Выбліснула сонца з чароту, што густой шумлівай паласой узнімаўся па той бок ракі. Кулакоўскі. [Людзі] выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп’ё, лазнякі, ды чараты, чараты як акінуць вокам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буякі́, ‑оў; адз. няма.

1. Кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах. Святло выхоплівала з цемнаты мокрыя, сумнаватыя ствалы маладых хвоек, бліскучую, як слюда, кару бяроз, кусцікі буякоў і багунніку. Кудравец.

2. Цёмна-сінія з шызым налётам кіславатыя на смак ягады гэтай расліны. Роўнае, чыстае поле было і на лузе, дзе мы кідалі з бацькам стагі, на тых балотах, куды хадзілі з маткаю па журавіны, буякі... Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жураві́на, журавіны ’ягада Oxycoccus’ (ТСБМ), жураўлі́ны (Сл. паўн.-зах.; гродз., Нар. лекс., 42, 158), журахлэны (камян., Бел. мова і літ. у ВНУ, 1971, с. 203). Рус. дыял. журави́на, журави́ны, журави́ка, журавли́на, укр. журави́на, журавли́на, польск. żurawina, żurachwina, памор. žuraina, žurainə ’тс’, н.-луж. žorawina, žorawa ’журавіна’. Ст.-рус. журавина ’тс’. Лат. dzērvene ’журавіны’. Параўн. англ. cran berry ’тс’, ням. дыял. Kronsbeere, Kranzbeere (пры англ. crane, ням. Kranich ’журавель’). Янкоўскі (Бел. мова₃, 230–231) тлумачыць журавіны як ягады на імшыстых балотах, дзе вадзіліся журавы, жураўліныя ягады, з чым трэба згадзіцца. Фасмер, 2, 67; Брукнер, 666. Слова мае паўн.-слав. характар. Памор. знач. žuraina ’шчаўе’ ўказвае на разуменне слова ў сувязі са смакам і са словам žur ’жур’ і ’шчаўе’. Параўн. яшчэ чэш. žíravina (< žuravina) ’едкі матэрыял’. Аб невыключанасці такой версіі гл. Супрун, Бюлетин за съпост. изследване…, 1976, 5, 78–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тра́ўнік1 ‘старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін’ (ТСБМ). Укр. тра́вник ‘гербарый’, ‘кніга пра лекавыя расліны’, рус. травни́к, тра́ве(я)ник ‘тс’. Да трава́ (гл.), першапачаткова, відаць, ‘чалавек, які знае лекавыя травы’, параўн. ст.-бел. травникъ ‘знахар, шаптун’ (ГСБМ).

Тра́ўнік2 ‘газон’ (Жд. 2; гродз., Яшк.). Відаць, з польск. trawnik ‘тс’. Параўн. аналагічна ўтвораныя чэш. trávník ‘газон’, славац. trávnik ‘тс’, ‘футбольнае поле’, славен. trávnik ‘газон’, ‘паплавец, лужок’, макед. тревник ‘газон’, ‘травяністы луг, поле’, харв. trâvnik ‘газон’ і пад.

Тра́ўнік3 ‘аднагадовае цялё’ (Касп.; лельч., Мат. Гом.), тра́ўніца ‘аднагадовая цялушка’ (Касп.). Фармальна ад тра́ўны ‘травяны’ (Стан.), да трава́ (гл.), г. зн. якія ўжо харчуюцца травой, пасуцца.

Тра́ўнік4 ‘птушка чырвананожка, Tringa totanus’ (рэч., петрык., Мат. Гом.). Да трава́ (гл.), бо гняздуецца на сырых лугах і травяністых балотах, а травой не корміцца, гл. Дарафееў, Птушкі, 88. Тая ж матывацыя ў траўнічо́к ‘валасянка перасмешка-мармытуха, Sylvia curruca’ (Байк. і Некр.), параўн. славац. trávniček ‘слаўка’, і ў тра́ўніца ‘тля, раслінная вош’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)