бае́ц, байца, м.

1. Удзельнік баёў; воін. Ідзі, баец, у жорсткі бой, Людзям пакутным памажы ты. Астрэйка. // Змагар за грамадскую справу. Яны байцы вялікай раці, Іх хата там, дзе ёсць прастор. Чарот. Яму [Мінску] сягоння безліч творчых спраў, Бо ён баец на мірным полі ратным. Хведаровіч.

2. Радавы ваеннаслужачы або партызан; салдат. Для пераможнага салюта. Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі, Урал магутны Даўно Руду ў мартэнах плавіць. Танк. [Намыснік Гані:] — Які ж з цябе баец арміі народных мсціўцаў. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несмяро́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які жыве, існуе вечна; бессмяротны. — Як я хачу парой падкрасціся, сарваць з усёй зямлі заслону і ўбачыць, пачуць усё. Палажыць руку на пульсе жыцця, заслухацца ў яго біцці — творчым, несмяротным... Брыль. Камуністы — гэта людзі грознай сілы. Пакаленне несмяротнае байцоў. Куляшоў.

2. Які застаецца навечна ў памяці людзей. Несмяротны подзвіг. Несмяротная слава. □ Быў калісьці на свеце Сцэвола-герой. За айчыну — руку ён паклаў на агонь. Як узор несмяротнай адвагі такой у сталеццях праслаўлена імя яго... Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пі́сар, ‑а, м.

1. Канцылярскі служачы, які займаецца перапіскай, складаннем і рэгістрацыяй канцылярскіх папер. Ротны пісар. □ Група байцоў на чале з пісарам Аляксандрам Жыгуновым узяла пад абстрэл тых, што плылі на лодках. Кухараў.

2. Уст. Асоба, якая займалася перапіскай чаго‑н. Каля аднаго століка, дзе сядзеў нейкі пісар ці можа і сакратар, .. збілася цэлая грамада моладзі. Колас. // Разм. жарт. Той, хто піша, хто ўмее пісаць. — Прачытай, што там накрэмзаў, пісар ты мой, — не выцерпеў дзед. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́бля, ‑і; Р мн. ‑бель; ж.

Халодная зброя з выгнутым клінком і адным лязом, якой сякуць і колюць (прымяняецца кавалерыяй). А ў вачах байцоў яшчэ цямнее злосць, І шаблі вострыя не ўкладзены ў ножны. Панчанка. Многа дзён ваявалі мы ў тыле фашыстаў, лёталі ад сяла да сяла, секлі шаблямі ворагаў, узрывалі масты, палілі склады. Хомчанка. // У значэнні адзінкі лічэння: баец-кавалерыст. Інсургенты атрадам у пяцьдзесят шабель і дзвесце штыкоў і кос групаваліся ў Звярынскіх лясах. Караткевіч.

•••

Турэцкая шабля — шабля з моцна выгнутым серпападобным лязом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзеся́так, ‑тка, м.

1. Адзінка падліку, роўная дзесяці (пра аднолькавыя прадметы). Дзесятак яец. □ Пад Рагачовам у іх палку засталося не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Мележ. // Дзесяць год узросту. Яму пайшоў шосты дзесятак.

2. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Назва другой ад канца лічбы мнагазначнага ліку. Клас адзінак, дзесяткаў, соцень.

3. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Пра вялікую колькасць чаго‑н. Таццяна заўважыла, што з кожнага двара праз шчыліны за .. [Лясніцкім] сочаць дзесяткі пар вачэй. Шамякін. — Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей. Колас.

•••

Не з баязлівага (пужлівага) дзесятка — пра смелага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́ўр, ‑а, м.

1. Перамяшчэнне баявых сіл з мэтай нанесці ўдар праціўніку. Кавалерыйскі атрад Жаўны.. павінен зрабіць абходны манеўр і зайсці ў тыл немцам. Шамякін.

2. перан. Прыём з мэтай ашукаць, перахітрыць каго‑н. Таня зразумела нескладаны манеўр юнака: ён хацеў прабіцца без чаргі і заняць у вагоне месца на ўсю шумлівую кампанію. Даніленка.

3. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Тэхнічныя заняткі вялікай колькасці войск або флоту ва ўмовах, блізкіх да баявых. — Ні дрэннае надвор’е, ні суровыя баявыя абставіны, — гаварыў камдыў, — не маглі зламаць волі і ўпартасці байцоў на манеўрах. Каваль.

4. толькі мн. (мане́ўры, ‑аў). Перамяшчэнне вагонаў і паравозаў на чыгуначных пуцях для састаўлення паяздоў.

[Фр. manoeuvre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́рны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з ударнай працай, ударніцтвам. Ударная брыгада. □ Тлумач растлумачыў: «Наш цэх ударны. Усе стараюцца, каб ніводнай хвіліны не прапала дарма». Чорны. Ударны месячнік па нарыхтоўцы і вывазцы лесу дзяржаве прайшоў .. вельмі ўдала. Брыль.

2. Галоўны, першачарговы; неадкладны. Школа была ўдарным аб’ектам ударнай будоўлі. Грахоўскі. З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд — Задача мая ўдарная. Крапіва.

уда́рны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з нанясеннем або атрыманнем удару. Ударны механізм. Ударная хваля ўзрыву. Ударныя музычныя інструмент.

2. Які наносіць рашаючы ўдар па ворагу, прызначаны для такога ўдару. Ударны полк. Ударная група. □ На краі хвойніку размяшчаўся ўдарны атрад, сабраны з найлепшых і дужэйшых байцоў усіх атрадаў. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. што. Закрыць, зачыніць няпоўнасцю; замкнуць на некаторы час. Прымкнуць хату. □ Прымкнуўшы дзверы кухні з двара, Лабановіч борздзенька пабег да сябе на кватэру праз другі ход, што вёў у школу. Колас. Прымкні акно. У н[я]быт кануў вечар... Дзяргай.

2. Прысунуцца блізка, шчыльна да чаго‑н. Адну трубку [тэлефонную] барадой прыціскае лоўка; Прымкнуў вухам да другой, — Вось дык трэніроўка! Бялевіч.

3. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. [Паўленка] прымкнуў да атрада з групай байцоў. Шамякін. // перан. Стаць чыім‑н. прыхільнікам, паслядоўнікам, удзельнікам у якой‑н. справе. — Ва ўсёй Расіі рабочыя накопліваюць сілы, рыхтуюцца да рэвалюцыі. І вы разам з усімі рабочымі павінны прымкнуць да барацьбы. Арабей.

•••

Прымкнуць штык — надзеўшы, прымацаваць штык да вінтоўкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак., каго-што.

1. Раздзяліць, падзяліць паміж кім‑, чым‑н., прадаставіўшы кожнаму пэўную частку. Міша загадаў размеркаваць наяўныя запасы не менш як на тыдзень. Новікаў. // Вызначыць месцы для каго‑н., размясціць, расставіць дзе‑н.; паслаць куды‑н. Размеркаваць студэнтаў-выпускнікоў. □ Падрыхтавалі [партызаны] пазіцыю, размеркавалі на ёй байцоў, заняўшы два бакі дарогі. Колас. Раненых размяркуем па сёлах у сваіх людзей. Няхай. // Раздзяліць на групы, разрады, катэгорыі па якіх‑н. адметных рысах. Размеркаваць мінералы па групах.

2. Вызначыць паслядоўнасць чаго‑н., размясціць у якой‑н. паслядоўнасці. — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе. Колас.

3. Мяркуючы, падлічыць, вырашыць. У сваіх планах цётка даўно размеркавала, колькі кватарантаў можна змясціць у разгароджанай прыбудоўцы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба «5». // Разм. Назва розных прадметаў, якія нумаруюцца гэтай лічбай (трамваяў, аўтобусаў і пад.).

2. Адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая абазначае «выдатна». Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік. А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.

3. Разм. Колькасць 5; пяцёра. Падзяліўшы групу напалам, .. [Шыбаеў] пакінуў пяцёрку байцоў у лесе паблізу дарогі. Краўчанка. // Група, якая складаецца з пяці чалавек або з пяці прадметаў. [Мікола:] — Мазурэнка сказаў расшырыць арганізацыю. Браць правераных. Уключаць у пяцёркі. Так, каб адзін другога не ведалі, а толькі таго, хто дае заданне. Навуменка.

4. Разм. Грашовы знак або сума ў пяць рублёў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Чарнышэвіч. [Соня] разгладжвала пакалечаных рублёўкі, траячкі, пяцёркі. Корбан.

5. Ігральная карта, якая мае пяць ачкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)