Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўлак1 ’зацвярдзенне, пухліна’, ’акруглы кусок мінералу’, жевла́к ’тс’ (Нас.). Рус. дыял. жевла́к ’пухліна, гуз, жаўлак’, ’нарыў’, ’яйка’, ’валляк у курыцы’, желва́к ’жаўлак’, смал. жевло́ ’пухліна’, укр. жо́вна, жо́вно ’пухліна, зацвярдзенне ў людзей, жывёл, раслін’, ’мускулы’, серб.-харв. жу̑љ ’мазоль’, ’цяжкая праца’, славен. žulj ’мазоль’. Параўн. рус. желва́к ’жаўлак’, балг. желва́к ’белы кварцавы каменьчык’ (Гераў), чэш. žluna ’залатуха’ (Фасмер), славен. žę̑lva ’нарыў са свішчом; залатуха’, ’чарапаха’. Апошняе слова са знач. ’чарапаха’ прадстаўлена ў польск., н.-луж., в.-луж., чэш., балг. (гл. жаўлак2). Ст.-рус. желвакъ ’пухліна’ (з XVIII ст.), желы або желвь ’тс’ (Лаўр. л.), жолвачокъ (XVII ст.) ’заменнае яйка ў гульні’, желватый ’пра расліну з выступамі, патаўшчэннямі’ (1519 г.), желва і г. д. ’чарапаха’. Паводле Шанскага (1, Ж, 280–281), рус. желвак утвораны з суф. ‑ак ад асновы желва, паралельнай да желы. Фасмер (2, 41) піша: «верагодна, да жолвь ’чарапаха’…». Трубачоў (ВСЯ 2, 33–34) пацвярждае гэта аб’яднанне, а таксама дадае да гэтага кораня галава, жалеза, залоза. Трэба, аднак, улічыць іншую магчымасць. Яшчэ Зубаты (Studie, 1, 2, 128) адзначыў цяжкасці семантычнага аб’яднання ’чарапахі’, ’галавы’ і ’жаўлака’. Фасмер пераканаўча адкідвае асобныя тлумачэнні слав. слоў для ’жаўлака’ і ’чарапахі’, аднак семантычныя цяжкасці іх аб’яднання застаюцца. Серб.-харв. і славен. žulj ’мазоль’ тлумачыцца ў сувязі з gula (Скок, 1, 632; Безлай, 1, 186); гл. гуля. Гэта слова ўзводзіцца да і.-е. кораня *gou‑, *gəu‑ ’згінаць’ (Покарны, 1, 393) з падаўжэннем ‑l‑; пры чаргаванні галосных корань прымае форму *geul‑ і дае назву мазаля жуљ. Форма жаўлак < *ževl‑akъ можа быць дыялектным адлюстраваннем *geu̯l‑ (параўн. жаўрэць). Корань узаемадзейнічае з *želū‑ ’чарапаха’ (< ’касцяное’) і так узніклі формы тыпу рус. желвак. Слав. дзеяслоў на базе кораня *geul‑ або *geuəl‑ прадстаўлен, відаць, у словах тыпу славен. žaliti ’муліць, націраць’. Гл. Праабражэнскі, 1, 225; іначай БЕР, 1, 523 (з тлумачэннем балг. желвак ад жила); Мяркулава, Этимология, 1981, 64.

Жаўла́к2 ’чарапаха’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 175). Польск. żółw, н.-луж. žołw, в.-луж. źołwja, чэш. želva, балг. жълва, ц.-слав. жєлъвь, жєлъва, ст.-рус. желва, желвь ’чарапаха’. Прасл. *žely < і.-е. *ghelū ’чарапаха’ (Покарны, 1, 445); параўн. грэч. χέλυς ’чарапаха’. Сувязь з жоўты, аб якой пісаў Мейе (Études, 268), слушна адкідваў Фасмер (2, 41), як і падобнае меркаванне Зубатага (Studie, 1, 2, 124, 128, 133). Першаснае *ghel‑ суадносіцца з галава, жалеза і мела значэнне ’цвёрдае, касцяное, камень’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 33–34). Сувязь з жаўлак, мае хутчэй другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Знаць што‑н., мець уяўленне пра што‑н. Ведаць жыццё вёскі. □ Дабрацца летам да Глухога вострава мог толькі той, хто дасканала ведаў звілістыя сцежкі між дрыгвы і куп’я. Колас. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў, як свае пяць пальцаў. Лынькоў. І ўсё ж горад здаваўся.. [Галіне] нечым непадобным на той, якім яна ведала яго дагэтуль. Мележ. // пра каго-што, аб кім-чым і без дап. Мець звесткі пра каго‑, што‑н. [Карага:] — А дзе.. [бацька] цяпер — не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Колас.

2. Мець веды, навыкі, умець рабіць што‑н. Ведаць урок. Ведаць матэматыку. □ Вядома, што Багушэвіч добра ведаў польскую мову, чытаў многіх польскіх пісьменнікаў, нават сам пісаў вершы па-польску. Ларчанка.

3. Быць знаёмым з кім‑н. Раптам.. падышла маладая дзяўчына. Зося яе не ведала. Чорны. Сцяпана ўсе ведалі як.. памяркоўнага чалавека. Кавалёў. // Адрозніваць ад другіх. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы [сакратара]. Бядуля.

4. Усведамляць, уяўляць; разумець. [Масладуда:] — Ну, не гаруй, не такі ён хлопец, каб загінуць ні за што ні пра што. Ён сваю дарогу ведае. Лынькоў. Мы ведалі: вайне-грабежніцы не пакасіць нас, не пажаць. Панчанка.

5. Перажываць, адчуваць; мець справу, знацца, знаць. І горшай у свеце навалы Не ведаў ніколі народ. Колас. Сэрца.. [жанчыны] поўнілася пяшчотаю да гэтага няшчаснага хлопчыка, які не ведае нават, што такое звычайная чалавечая ласка. Шамякін. Маёнтак быў зусім пад бокам, а ў панскіх пакоях — такі прастор, якога дагэтуль не ведалі ні кадрыль, ні лявоніха. Брыль. Кучаравая галава [Гушкі] амаль што ўсе дні на дварэ не ведала шапкі. Чорны.

6. кім-чым. Кіраваць, распараджацца кім‑, чым‑н. Ведаць трэстам. Ведаць перапіскай.

7. і з дадан. дап. Памятаць, не забываць. [Васіль:] — Ведай вось, як з пустымі рукамі хадзіць. Брыль. Няхай жа ведаюць бандыты, Што гэта кроў падзе на іх. Колас.

8. у знач. пабочн. Ужываецца ў тых выпадках, калі неабходна звярнуць увагу субяседніка на тэму гутаркі. [Клава:] Ведаеце, я забылася тую песню пра косы. Крапіва.

•••

Бог (святы) ведае (хто, што, куды, колькі, які) гл. бог.

Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. бог.

Будзеш (будзеце і г. д.) ведаць — форма пагрозы каму‑н.

Ведай (знай) нашых; няхай ведаюць (знаюць) нашых — вось мы якія, вось з кім маеце справу. — Хапіліся! — задаволена кажа Жаўтых, седзячы на дне, і радасна смяецца, густа наморшчыўшы свой зашчацінены за ноч сіняваты твар. — Усё ж абдурылі — ведай нашых! Быкаў.

Ведаць дарогу — папярэдне быць знаёмым з чым‑н.

Ведаць (паказаць), дзе ракі зімуюць — ужываецца як пагроза.

Ведаць меру — трымаць сябе ў пэўных рамках, устрымлівацца ад лішняга.

Ведаць не ведаю, знаць не знаю — аб поўным няведанні чаго‑н., нежаданні знацца, мець справу з кім‑, чым‑н.

Ведаць, пачым фунт ліха — пазнаць, як цяжка жыць у горы, нястачы. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Ведае, пачым фунт ліха. Крапіва.

Ведаць сваё месца — весці сябе адпаведна свайму становішчу, не ўмешвацца не ў свае справы; быць сціплым.

Ведаць толк у чым‑н. — разбірацца ў чым‑н. з веданнем справы.

Ведаць у твар — ведаць каго‑н. з выгляду, але не быць знаёмым.

Ведаць усе хады і выхады — добра ведаць што‑н., мець дакладныя звесткі аб чым‑н., быць сваім чалавекам дзе‑н.

Ведаць цану каму‑, чаму‑н. — ведаць хто (або што) чаго варты.

Ведаць як аблупленага — вельмі добра ведаць каго‑н.

Ведаць як свае пяць пальцаў — вельмі добра, грунтоўна ведаць што‑н.

Ліха ведае (хто, што, які, куды і пад.) гл. ліха.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) вочы дзець (падзець) — пра пачуццё вялікага сораму.

Не ведаць, куды (дзе) дзецца (падзецца) — а) разгубіцца, збянтэжыцца ад сораму, непакою; б) разгубіцца ад нечаканай пагрозы.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) — пра збянтэжанасць, пачуццё сарамлівасці.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) сябе дзець (надзець) — не ведаць, чым заняцца.

Хто яго (цябе, яе, вас, іх) ведае гл. хто.

Чорт ведае (хто, што, які куды і пад.) гл. чорт.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)