суме́жны, ‑ая, ‑ае.
Які размешчаны побач, паблізу; суседні. У гэтым годзе выйшла так, што і Пятрок, і Кузьма на сваіх сумежных палетках будуць сеяць жыта. Нікановіч. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. В. Вольскі. // перан. Цесна звязаны з чым‑н.; падобны, блізкі. Кожны з .. [членаў брыгады] па прыкладу брыгадзіра асвоіў сумежныя прафесіі, а многія па яго ж прыкладу сталі рацыяналізатарамі. Лось. Паэт-эрудыт, Багдановіч у сваёй працы заўсёды кіраваўся яшчэ адным вельмі важным запаветам: паэзія не павінна развівацца ў адрыве ад сумежных відаў мастацтва. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сінява́, ‑ы, ж.
Сіні колер чаго‑н. Новы дзень вядзе мяне праз вецер, Праз ільноў густую сіняву. Бялевіч. Возера, растварыўшы ў сабе фарбы зары, успыхвае сінявой. Хомчанка. Няспынна хвалі ўдаль плывуць, Адбіўшы неба сіняву. Танк. // Сіняватае адценне чаго‑н. Матавая сінява варанёнай сталі. □ У Меера адна шчака была паголена да сінявы, а другая густа парасла чорным каракулем. Карпюк. // Сіняя прастора, сіняя паверхня (пра мора. неба, паветра). Як мары, белыя бярозы Пад сінявой начной стаяць. Багдановіч. Мы крочым з вёскі росным лугам Да бугскай воднай сінявы. Арочка. Чырвоныя ствалы соснаў высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў. // Сіні туман, смуга. Далёкі лес ахутаны туманнай сінявой, а наперадзе густой зялёнай сцяной стаіць хвойнік. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мі́ленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Прыемны на выгляд, прыгожанькі. Міленькая дзяўчынка. Міленькае дзіця.
2. Дарагі, любімы. Толькі міленькае імя назавуць — Белы тварык разгараецца. Багдановіч. // у знач. наз. мі́ленькі, ‑ага, м., мі́ленькая, ‑ай, ж. Любы, каханы чалавек.
3. Ласкавы або фамільярны зварот. [Вольга Віктараўна:] — Міленькі, Андрэй Пятровіч, навучыце ж мяне, як жа размеркаваць работу так, каб можна было добра весці яе? Колас. [Блазан:] — Што б то вы хацелі, людцы мае міленькія? Барашка.
•••
Як міленькі — без пярэчанняў, адгаворак; абавязкова. — Шчасце тваё, што ты з партызанаў, — сказаў .. [Яшу] дырэктар, — ды я цябе паважаю. А то пайшоў бы ты ў мяне дровы калоць як міленькі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
1. Засунуць куды‑н., праз што‑н.; высунуць. Прасунуць нітку ў іголку. □ Схапіўшы дужку кляшчамі, трэба было маланкава прасунуць яе ў папярэдняе звяно. Корбан. Не заходзячы ў хату, я прасунула галаву ў акно, паклікала Вольку. Савіцкі.
2. Сунучы, перамясціць на нейкую адлегласць. Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Маўр.
3. перан. Накіраваць у бок паляпшэння чаго‑н. Аб другім перыядзе.. Багдановіч пісаў, што ён прасунуў беларускае пісьменства значна наперад. Лойка.
4. перан. Разм. Паскорыць ажыццяўленне, рашэнне чаго‑н. несумленным спосабам. Прасунуць кнігу ў друк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́ты 1, ‑аў; адз. няма.
Ячэйкі з воску, якія робяць пчолы і восы для захоўвання мёду і адкладвання яец. Рупная пчала Умее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. [Чалавек] наглядаў.., як напаўняюцца янтарным мёдам тысячы васковых каморак-сотаў. Паслядовіч.
со́ты 2, ‑ая, ‑ае.
1. Ліч. парадк. да сто. Соты дзень. Соты вылет. // Шматлікі, незлічона. «І што яно будзе?» — у соты, у тысячны раз пытае сябе Пракоп і не знаходзіць адказу. Колас.
2. Які атрымліваецца пры дзяленні на сто. Сотая частка кіламетра. // Малы, нязначны. Не зроблена і сотай долі... А сіл ужо бракуе... крыўдна, горка! Гарбук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
курта́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. З кароткім хвастом (пра жывёл). Так і здавалася, што тут ад шуму нашай машыны падымуцца і закружаць імклівыя куртатыя качкі. Скрыган.
2. Недастатковага росту; малы, кароткі. У натоўпе, што імгненна радзеў, Міхась заўважыў куртатага няўклюднага чалавека і вельмі ўзрадаваўся. Асіпенка. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Галавач. / Пра пальцы. Калі Дарошка прыкурвае, я заўважаю, што вялікі палец на яго правай руцэ нейкі куртаты. Шынклер.
3. Кароткі, цесны (пра адзенне). Куртаты пінжак.
4. перан. Іран. Абмежаваны, няпоўны. Руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча: куды ні зірні — усё той жа куртаты змест, гумар [якога] зусім знікае ў надзвычайна расцягнутых вершах. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.
Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.
•••
Звонкая манета гл. манета.
зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скамяне́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які набыў выгляд і ўласцівасці каменя, ператварыўся ў камень. Скамянелая расліннасць. □ А больш за ўсё вабіла да сябе вялізная дзіўная жамчужына.. — Нездарма легенда кажа, што гэта ёсць скамянелыя божыя слёзы. Маўр. // Які стаў цвёрдым, сухім як камень. Скамянелае тоўстае карэнне.. [бярозы], упіўшыся ў зямлю, ішло глыбока, шырока, аж на дарогу. Вышынскі. Сухая, скамянелая пасля ночы дарога звінела пад жалезнымі падкоўкамі Колевых новых ботаў, пашытых навыраст. Якімовіч.
2. перан. Які стаў нерухомым, здранцвелым, застылым. Ты доўга сядзела за сталом Нерухомая, скамянелая. І чутна ў цішы было, Як стукае гадзіннік мерна, Як дробны дождж сячэ халодныя шыбы. Багдановіч. Немцы ўжо не баяліся, не крычалі, а стаялі скамянелыя, дзе хто быў. Маўр. Прыгожы Дашын твар на момант успыхнуў, заірдзеўся і стаў скамянелым. Ракітны.
3. перан. Які страціў здольнасць праяўляць якія‑н. пачуцці, стаў абыякавым да ўсяго. Кожнаму з нас трэба трошкі журбы, Каб у жыцці скамянелым не быць. Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзіві́цца, дзіўлюся, дзівішся, дзівіцца; незак.
1. каму-чаму, з каго-чаго і з дадан. сказам. Прыходзіць у здзіўленне; здзіўляцца. На світанні ўсё было скончана. Памеру дыверсіі дзівіліся нават самі партызаны. Шамякін. Дзівіцца Сцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленчынай вучонасці, і ён не адважваецца паэкзаменаваць яе. Колас. Дзівіліся людзі: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забіць можна, а ў жыцці — люты драпежнік. Чарнышэвіч. // Выказваць сваё здзіўленне словамі. — О-го-го! — дзівіўся я, але больш глядзеў, чым слухаў. Карпюк.
2. Разм. Глядзець са здзіўленнем, з захапленнем або з цікавасцю. Хвіліны праз дзве камсамольцы ўсім гуртам, як ішлі, стаялі на самай сярэдзіне таполевай прысады і дзівіліся ў поле. Галавач. Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Багдановіч.
•••
Дзівам дзівіцца — моцна здзіўляцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самкну́цца, ‑нецца; зак.
1. Зблізіўшыся, даткнуцца; злучыцца. Кантакты самкнуліся. // Згусціцца, стаць шчыльным. Краска змоўкла, а ў разоры Мрок гусцей самкнуўся. Колас. Неба чорнай беспрасветнасцю самкнулася з гарамі. Быкаў.
2. перан. Злучыцца, згуртавацца, стварыць адно цэлае. Рады пралетарыяту павінны самкнуцца яшчэ цясней і даць у гэтай барацьбе ўзор арганізаванасці і дысцыпліны. Ленін. У сваіх мэтанакіраваных адносінах да фальклору Купала і Багдановіч самкнуліся, хоць пачыналі з тыпалагічна розных сувязей з ім. Лойка. // Акружыўшы з усіх бакоў, злучыцца. Ракеты егерам рассыпаліся наўкол. Па іх мы бачылі, як самкнулася кола вакол нас. Няхай.
3. Заплюшчыцца, стуліцца (пра вочы, губы і пад.). Вочы мне з часам самкнуцца, Жвір мяне ўхутае цвёрды, Жыць між людзей застануцца Песня і Леніна ордэн. Купала. [Алена] адразу задумалася. Твар стаў строгі, прыпухлыя вусны самкнуліся. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)