падгле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
1. Зак. да падглядаць.
2. што і без дап. Выпадкова або знарок наглядаючы, убачыць, заўважыць. Яму хапае спраў — аж лішне, можа, На той зямлі, дзе зведаў хлеба смак, Дзе ўпершыню падгледзеў, як прыгожа Кладзе на вокны ўзор мароз-мастак. Гілевіч. // перан. Убачыць, зразумець, наглядаючы, удумваючыся. Першымі спробамі падгледзець самабытнае і непаўторнае ў родным краі і ўяўляюцца нам сёння раннія вершы Багдановіча пра лесуноў і вадзянікоў. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рама́нс, ‑а, м.
1. Невялікі вакальны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем. [Саша:] — Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс. Колас. // Невялікая музычная п’еса пявучага, меладычнага характару.
2. У сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры — лірычны любоўны верш песеннага народнага складу.
3. Невялікі лірычны верш, часта пакладзены на музыку. Рамансам таксама называюць лірычны твор, прысвечаны звычайна любоўным перажыванняў. Узорам беларускага раманса з’яўляецца «Зорка Венера» М. Багдановіча. А. Макарэвіч.
[Фр. romance.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́тухна, ‑ы, ж.
Разм.
1. (звычайна з адценнем павагі). Маці. — Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын. Якімовіч.
2. Ласкава-фамільярны зварот да пажылой жанчыны.
3. (звычайна ў прыдатку). Нар.-паэт. Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Тут, на беразе Волгі-матухны, прайшлі дзяцінства і юнацтва беларускага песняра Максіма Багдановіча, у Горкім пачынаў ён сваю літаратурную працу. С. Александровіч. І няма ў такія хвіліны нічога даражэйшага за матухну-зямлю, адзіную надзею на жыццё, адзіную заступніцу. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́рыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.
1. Адзін з трох родаў мастацкай літаратуры (з эпасам і драмай), у якім адлюстроўваюцца перажыванні паэта, яго думкі, настроі, пачуцці (звычайна ў вершаванай форме). [Янка Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Эмацыянальны элемент у творах якога‑н. пісьменніка, мастака.
2. Сукупнасць твораў гэтага роду літаратуры. Лірыка Багдановіча. Лірыка М. Танка.
3. перан. Разм. Чуллівасць, перажыванні, настрой. Адна лірыка цяпер займала сэрца Кузьмы. Што ж яму рабіць? Куды пайшла Насця? Дзе шукаць яе? Колас.
[Ад грэч. lyrikē —які пяецца пад гукі ліры, чуллівы.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
про́дак, ‑дка, м.
1. Асоба, якая з’яўляецца папярэднікам у сям’і, родзе, племені па бацькоўскай або мацярынскай лініі. Сярод продкаў Максіма Багдановіча было нямала таленавітых людзей. Майхровіч. Ці то жартам, ці то ўсур’ёз Дзед Хрушч расказаў, што яго продкам быў нейкі невядомы драгун. Колас. // Родапачынальнік якога‑н. віду або роду жывёл і раслін.
2. толькі мн. (про́дкі, ‑аў). Людзі, якія жылі задоўга да цяперашняга часу. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыўцо́м, прысл.
Разм.
1. У жывым стане, жывым. [У Палазка] мільгнула думка ўзяць другога фашыста жыўцом. Колас.
2. Гвалтоўна, жывасілам. Расце ў садзе маладое дрэўца. Дужэе, глыбей пускае карэнне.. І вось яго намерваюцца вырваць жыўцом і перасадзіць у іншае месца. Гроднеў.
3. Так як ёсць, не змяняючы, даслоўна. Фальклорная паэтыка існавала для Максіма Багдановіча не дзеля таго, каб жыўцом браць з яе гатовыя вобразы, тропы, інтанацыі і формы. Майхровіч. [К. Чорны] ніколі не пераносіў жыўцом, у сырым выглядзе ў раман бачанае. С. Александровіч.
•••
Жыўцом з’есці (праглынуць) гл. з’есці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
верш, ‑а, м.
1. Невялікі мастацкі твор, напісаны рытмізаванай мовай. Лірычны верш. Зборнік вершаў. Вершы Максіма Багдановіча.
2. Адзінка рытмічна арганізаванай мовы з пэўнай колькасцю стоп, вершаваны радок. Сілаба-танічны верш. Белы верш. Памер верша.
3. Рытмізаваная мова. Гаварыць вершам.
•••
Акцэнтны верш — верш, рытм якога заснаваны на пэўным ліку націскных складоў, незалежна ад колькасці ненаціскных.
Александрыйскі верш — французскі шасцістопны ямбавы верш з паўзай або цэзурай пасля трэцяй стапы.
Белы верш — тое, што і вольны верш.
Верш у прозе — кароткі паэтычны твор, напісаны ў празаічнай форме.
Вольны верш — верш, які характарызуецца адсутнасцю рыфмы і няпэўнай колькасцю стоп у радку; верлібр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́чышча, ‑а, н.
1. Паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака. За манастырскімі садамі рака зноў зліваецца ў адно рэчышча, утвараючы вялікі, выцягнуты востраў. Лобан. [Свіслач] выходзіла з берагоў, заліваючы ўсе нізкія мясціны ўздоўж рэчышча. Лужанін. Летам такія рэчкі перасыхаюць, і тады мясцовыя жыхары нярэдка ходзяць і ездзяць па сухіх камяністых рэчышчах, як па дарогах. В. Вольскі.
2. перан. Напрамак, шлях, па якім ідзе развіцця чаго‑н. [Жэні] вельмі пасуе роля гаспадыні: умее запрашаць, камандаваць хлопцамі, накіраваць гаворку ў патрэбнае рэчышча. Навуменка. У рэчышчы асноўных заканамернасцей развіцця новай беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся творы М. Багдановіча па пытаннях эстэтыкі. Лойка. У рэчышчы рамантычных традыцый развівалася таксама творчасць Міхася Сеўрука. Шматаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падвалі́на, ‑ы, ж.
1. Брус, на які насцілаецца падлога, памост. У сярэдзіне [хаты] яшчэ не было падлогі, толькі ўпушчаныя ў падрубы падваліны на яе. Чорны. А масток аказаўся ліхі. Алёша вылез, паглядзеў. Каб падваліны шырэйшыя былі, то можна было б праехаць. Лобан. Пад падлогу, якраз паміж дзвюх абгніўшых падвалін, вёў шырокі лаз. Місько. // перан. Аснова якой‑н. з’явы. Рэалізм як сістэма зыходных прынцыпаў адлюстравання жыцця — вось падваліны эстэтычных пазіцый Багдановіча. Лойка.
2. Абл. Падруба. Хату [Вондар] паставіў не так даўно, перад першай германскай вайной, а ўжо перасыпаў яе, паклаў новыя падваліны і штандары, два разы мяняў гонту на даху. Навуменка. Цясляр узяўся перарабляць то адну сцяну, то другую, то вымаць падваліны, то прасякаць новыя дзверы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палымя́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае ярка-чырвоны колер, колер полымя. Злева, на фоне медна-залатога, палымянага захаду, вырысоўваецца з сіняй вады цёмны сілуэт другой гары. В. Вольскі.
2. перан. Палкі, страсны. Палымяны рэвалюцыянер. Палымяны патрыятызм. □ Плошча запоўнена чырвонаармейцамі, рабочымі. На высокай драўлянай трыбуне — знаёмая постаць Ільіча. Правадыр звяртаецца да народа з палымянай прамовай. Шматаў. Заспявай мне песню тую, Што з палёў збіраеш, Што ў сэрцы палымяным Для мяне хаваеш. Русак. // Прасякнуты страснасцю, запалам. Палымяныя выступленні газеты дапаўнялі лістоўкі. Пятніцкі. // Які вырашае палкасць, страснасць. З глыбінь дзесяцігоддзяў у цяжкія для савецкага народа дні гучаў палымяны голас выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. Шкраба. Светлячкі капцілак не ў сілах прыхаваць палымянага бляску людскіх вачэй. Там гарыць нянавісць, якая мацней за ўсе агні на свеце. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)