прыла́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога выконваецца якая‑н. праца, работа. Прылады працы. Прылады вытворчасці. □ Калгаснікі складалі на павозкі розныя прылады, запрагалі коней і раз’язджаліся ў розныя бакі: адны ехалі араць папары, другія вазіць лес для новага кароўніка, трэція — на сенажаці. Якімовіч. Звычайны, груба завостраны аловак, крэслячы праект брамы, набыў у .. руцэ [маёра] значэнне актыўнай прылады стварэння. Брыль.

2. Спецыяльнае прыстасаванне, механізм, прызначаны для якой‑н. мэты (вымярэння, вылічэння, кіравання і пад.); прыбор. Вымяральная прылада. Аптычная прылада. □ Шпаркасць .. прабегу [часу] нельга змераць самымі далікатнымі прыладамі. Крапіва.

3. часцей мн. (прыла́ды, ‑лад). Камплект, набор прадметаў для выканання аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбалоўныя прылады. Спартыўныя прылады. Сельскагаспадарчыя прылады. Пісьмовыя прылады. □ Пальцы .. [Алесевых] рук.. перабіралі алоўкі, цыркулі і ўсякія іншыя дробныя каморніцкія прылады на стале. Чорны. Стары закашляўся: нешта раптам вельмі сціснула яго горла. Потым дастаў з кішэні свае курэцкія прылады: капшук з тытунём, люльку і крэсіва. Якімовіч. Дзяўчына падышла да маленькага століка, на якім стаялі прылады дзявочага туалету. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панара́ма, ‑ы, ж.

1. Від мясцовасці (звычайна з вышыні), якая цягнецца вельмі далёка. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас. Панарамы лясоў і балот, Краявіды імшыстых нізін... І на Захад, на Поўнач, на Усход — Я ды край мой — адзін на адзін. Таўбін. // перан. Агульны шырокі агляд, апісанне якіх‑н. падзей у жыцці, у мастацкім творы. Перад намі ж не асобны гістарычны эпізод, не адна якая-небудзь з’ява, а хада гадоў, панарама мноства падзей перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Перкін. З майстэрствам .. пададзена ў рамане К. Чорнага «Вялікі дзень» панарама мнагадзённых баёў за Брэсцкую крэпасць. Кудраўцаў.

2. Вялікая карціна з аб’ёмным першым планам, змешчаная ўнутры круглага будынка з верхнім асвятленнем. Севастопальская панарама.

3. Абсталяванне, пры дапамозе якога невялікія карціны здаюцца павялічанымі пры разглядзе праз аптычнае шкло.

4. Спец. Аптычная прылада для павелічэння дакладнасці наводкі гарматы. Было відаць, як хлопцы на хвіліну прыпыняліся, наводчык прыпадаў да панарамы, страляў, пасля ўсе пасоўваліся зноў далей. Карпюк.

[Ад грэч. pán — усё і hórama — відовішча.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вось 1, ‑і, ж.

1. Шпень або тонкі вал, на які насаджваюцца колы, часткі машын або механізмаў. Пярэдняя, задняя вось. Вертыкальная вось. □ Некалькі артылерыстаў цягнулі гармату, якая грузла амаль да восі. Мележ.

2. Спец. Прамая, якая праходзіць праз цэнтр сіметрыі або праз цэнтр цяжару якога‑н. цела. Вось праекцыі. Аптычная вось. Зямная вось.

3. перан. Стрыжань якіх‑н. падзей. Вось палітычнага жыцця.

вось 2, указальная часціца.

1. Ужываецца для ўказання на прадметы, з’явы, якія знаходзяцца блізка ў дадзены момант, або на ўсё тое, што адбываецца непасрэдна перад вачамі. [Зоська:] Не сядзіцца мне, мамачка, у хаце... Там хадзіла сабе каля рэчкі і кветачкі для цябе вось гэтыя, рвала. Купала. Нарэшце, вось яно, мястэчка Між гор бялее ў паплавах. Колас. [Калгаснікі] стаялі і сачылі за дзіўнай ігрой хмар. Вось тая, што плыла з захаду, закрыла сонца. Шамякін.

2. Ужываецца для ўказання на паслядоўную змену падзей, з’яў і пад., на раптоўнае і нечаканае іх паяўленне. Усё сціхла. Але вось паветра рассякае агністы меч і зіхаціць вясёла. Багдановіч. Вось мы пад гарой ужо, вынырваем з-за гары, ледзь не потырч ляцім уніз. Брыль.

3. Ужываецца пры выказванні якіх‑н. эмоцый (захаплення, радасці, жарту і пад.) у клічных сказах разам з указаннем на прадмет, з’яву. Ага, вось ты якая цаца! Так, так! Шамякін. Вось выпадак, вось здарэнне! Колас.

4. У спалучэнні з указальнымі займеннікамі і прыслоўямі ўжываецца для ўзмацнення і ўдакладнення іх значэння. Анежка ішла і думала, што вось гэта сустрэча з Алесем вырашыць канчаткова яе лёс. Броўка. [Паўлінка:] Вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў. Купала.

5. У спалучэнні з пытальнымі займеннікамі (хто, што, які, чый, каторы) і прыслоўямі (дзе, куды, адкуль, калі, чаму, як і інш.) надае ім сэнс указання на што‑н. (з націскам на слове «вось»). [Паўлінка:] Не так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. Купала. Вось дзе можна бавіць час! Колас. [Клім:] — А чытаю я вось што. — Ён узяў з этажэркі кнігу і падаў Шэмету. Лобан. [Леў Раманавіч:] — Дык гэта ж ты і сапраўды даводзішся мне траюрадным братам. Вось як. Асіпенка. Вось калі арганізуемся як след, тады ніякі вораг нам не страшны. Лынькоў.

•••

Вось табе! Вось вам! — атрымай (атрымайце) па заслугах.

Вось табе і... — пра што‑н. такое, што мяняецца не ў патрэбны бок.

Вось табе і на! Вось табе і раз! Вось табе і маеш! — вокліч з выпадку чаго‑н. нечаканага, выказванне здзіўлення, расчаравання.

Вось так — ужываецца ў воклічах пры выказванні пагарды, знявагі.

Вось яно што! Вось яно як! — вокліч здзіўлення аб уразуменні раней незразумелага.

Вось яшчэ! — ужываецца пры адмаўленні чаго‑н., пры нязгодзе з чым‑н. або пры адмоўных адносінах да чаго‑н.

Ну, вось і ўсё! — ужываецца пры падвядзенні вынікаў чаго‑н. або ў канцы размовы ці спыненні гутаркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)