абся́г, ‑у, м.
1. Прастора, якую можна акінуць, ахапіць вокам; абшар; далягляд. Адсюль, з пагорка, перад чалавекам раскрываецца ўвесь абсяг. Даніленка. Палікар Сцяпанавіч, як сядзеў, адразу ўспомніў учарашні абсяг палёў навокал. Грамовіч.
2. перан. Сфера, галіна дзейнасці каго‑, чаго‑н. Увесь абсяг маіх інтарэсаў у асноўным абмяжоўваўся пытаннямі культуры. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абня́ць, абніму́, абні́меш, абні́ме і абдыму́, абды́меш, абды́ме; абня́ў, -няла́, -ло́; абнімі́ і абдымі́; абня́ты; зак., каго-што.
1. Ласкава абхапіць рукамі каго-, што-н. для выражэння сардэчных адносін.
Маці пяшчотна абняла сына.
2. Акінуць, ахапіць позіркам.
Не а. вачамі прасторы палёў.
3. перан. Акружыць з розных бакоў.
Маладыя рабіны абнялі сядзібу.
Пажар абняў сяло.
4. перан. Ахапіць, авалодаць (пра пачуцці).
Лясны спакой абняў душу лагодай.
◊
(Як) вокам (позіркам) абняць (разм.) — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.
|| незак. абніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і абдыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
агле́дзець, -джу, -дзіш, -дзіць; агле́дзь; -джаны; зак., каго-што.
1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў, азнаёміцца з кім-, чым-н.
А. новы дом.
2. Абследаваць, вызначыць стан каго-, чаго-н. шляхам праверкі яго работы (чалавека, машыны).
А. хворага.
А. машыну.
3. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць.
А. хату на зіму.
4. Заглянуць усюды, шукаючы каго-, чаго-н.
Агледзеў вагон — няма дзеда.
5. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае.
Назаўтра раніцай агледзеў ён скарб.
|| незак. агля́дваць, -аю, -аеш, -ае і агляда́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. агля́д, -у, М -дзе, м. (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
далягля́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Уяўная лінія, мяжа паміж небам і зямной ці воднай паверхняй; гарызонт. Сонца сваім ніжнім краем кранулася чорнай рысы далягляду, пачало апускацца за лес. Краўчанка. // Частка неба над лініяй гарызонта; небасхіл. Палаў далягляд палярнага сонца, якое так і не ўзышло. Шамякін. // Прастор, які можна акінуць вокам. Далягляд пашырыўся: справа была відаць амаль палова горада, а з боку яго — на жытнёвых палетках каціліся няспынныя хвалі. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаро́т, ‑у, М ‑роце; мн. чараты, ‑оў; м.
Высокая травяністая расліна сямейства асаковых, якая расце ў вадзе рэк, азёр, на балотах. Спакон веку тут была дрыгва і ў чэзлым альшэўніку шумеў чарот ды кішэла машкара. Гроднеў. // Зараснікі гэтай расліны. Выбліснула сонца з чароту, што густой шумлівай паласой узнімаўся па той бок ракі. Кулакоўскі. [Людзі] выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп’ё, лазнякі, ды чараты, чараты як акінуць вокам. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шырыня́, ‑і, ж.
1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.
2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.
3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. агледзь; зак., каго-што.
1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў. Якімовіч. // Пазнаёміцца, разглядаючы прадмет за прадметам. За дзень звяно ў сталіцы На вуліцах і пляцах Агледзела святліцы, Тэатры і палацы. Аўрамчык.
2. Заглянуць усюды, шукаючы каго‑, чаго‑н. Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Лынькоў.
3. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае. Назаўтра раніцай агледзеў.. [Максімку] дворнік і выгнаў мятлою вон. Якімовіч.
4. Абследаваць, вызначыць стан здароўя арганізма або асобнага органа шляхам агляду, выслухвання і пад. Устрывожаная,.. [Граноўская] агледзела нагу. Рана была невялікая. Гурскі.
5. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць. Агледзеў іх [будынкі] Антось, падправіў І шулы новыя паставіў У гнілы паркан. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абня́ць, абніму, абнімеш, абніме і (радзей) абдыму, абдымеш, абдыме; зак., каго-што.
1. Абхапіць рукамі каго‑, што‑н. Маці абняла свайго сына і пачала яго цалаваць. Чарнышэвіч. Калі паляўнічы пайшоў, Санька абняў Мурзу за шыю і прытуліўся да яго галавы шчакою. Ваданосаў. Любімыя змалку прасторы Рукамі абняў бы Максім. Аўрамчык. // Акінуць позіркам, поглядам. Не хапае ні сілы, Ні маіх задумёных вачэй Стэп абняць І палі залацістыя Спелай пшаніцы. Хведаровіч.
2. Акружыць, ахапіць з розных бакоў. Зялёная агароджа абняла двор. □ Раптам дарогі струну лес векавечны абняў. Танк. Столькі выпала маці кроснаў, Што калі разгарнуць на зямлі У адзін рад іх на травах росных, То яны б увесь свет абнялі. А. Астапенка. // перан. Ахінуць, абвалачы з усіх бакоў. Пажар абняў сяло. □ Усе палі, што за ўзгоркам, абняло агнём: гарэла спелае жыта. Гурскі.
3. перан. Ахапіць, авалодаць кім‑н. (пра пачуцці). Ні мук, ні хвалявання — лясны спакой душу маю абняў. Машара.
•••
(Як) вокам (зрокам, позіркам) абняць — вельмі далёкі, як толькі можна ўбачыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о 1, нескл., н.
1. Шаснаццатая літара беларускага алфавіта. Вялікае О.
2. Галосны гук задняга рада сярэдняга пад’ёму, які вымаўляецца з удзелам губ.
о 2, выкл.
1. Вокліч, пры дапамозе якога выказваецца пачуццё здзіўлення, захаплення, абурэння, дакору і пад. — О, дык у цябе, браце мой, кватэра нішто сабе, — сказаў Кузьма Чорны. Скрыган. О-о-о, непедагогі не ведаюць, што такое няўрымслівасць маладога настаўніка перад навучальным годам! Лобан. // Ускрык, стогн, які выражае боль, адчай. Зноў [Чыжык] пачуў цяжкое, як стогн, «О!», потым ціхі шэпт «Ваня!», які чамусьці прывёў яго ў жудасць. Лупсякоў.
2. Ужываецца для ўзмацнення эмацыянальнай экспрэсіўнасці выказвання ў рытарычных сказах і рытарычных зваротах. О, як прыгожа з вышыні Акінуць вокам лес і поле... Чарот. Дзеці нягоды, о слёзы людскія! Колас. О, як бы нам хацелася забыць І войны ўсе, і стогны, і руіны! Панчанка.
3. Ужываецца для ўзмацнення сцвярджэння або адмаўлення. Жыта цячэ з рукавоў-латкоў машыны па гатунках. Іх аж тры. О, такое [жыта] можна сеяць! Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаўбу́н, ‑а, м.
Абл.
1. Збан без ручкі. А раніцой, пабраўшы ў рукі стаўбуны з пітвом для жней і кошык з яблыкамі-падалкамі, ідуць [Васілінка з Зоськай] на поле. Ус.
2. Высокі конусападобны прадмет з круглым верхам; падобны на такі прадмет. На Серабранцы цвілі каштаны. Белыя стаўбуны кветак сама браліся ў сілу. Паўлаў. Як акінуць вокам ляжалі высокія штабялі аблузанага яловага бярвення і стаўбуны сухой кары. Машара. / у вобразным ужыв. Не менш прыгожая Сонька... І вялікі белы стаўбун валасоў на галаве, і чысты румяны твар, і блакітныя вочы. Мыслівец. // перан. Пра высокага чалавека. Каб у яго быў бацька, дык, можа, Віця быў бы большы і за гэтага стаўбуна Кастуся. Марціновіч.
3. Слуп чаго‑н. (пылу, дыму і пад.), які падымаецца ўверх. Пад вёскаю падымаліся белыя стаўбуны дыму, а ў акенцах пагойдвалася няроўнае святло — палілі ў печах. Грахоўскі.
4. Віхор, ураганны вецер. [Дзед:] — Мінулым летам як наляцеў быў стаўбун, дык у Варывончыка — майго суседа — усю хату аскуб. Кулакоўскі.
5. Кветаноснае сцябло ў клубневых раслінах, цыбур. Цыбуля ў стаўбуны пайшла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)