разгарну́цца, ‑гарнуся, ‑горнешся, ‑горнецца; зак.

1. Расправіцца, раскаціцца (пра што‑н. згорнутае). Абрус разгарнуўся. □ Яшчэ праз момант галава .. [цецерука] прыгнулася, хвост разгарнуўся шырокім веерам. Паслядовіч. // Вызваліцца ад абгорткі, расхінуцца (пра што‑н. загорнутае). Пакунак разгарнуўся. Цукерка разгарнулася.

2. Раскрыцца (пра што‑н. складзенае). Кніга разгарнулася.

3. Разагнуць спіну; распрастацца. Разгарнуўся дзед Талаш, павярнуўся сваімі шырокімі плячамі, крутнуўся, і жаўнеры паадляталі ад яго, як шчэпкі. Колас. // Раскрыцца, распусціцца (пра кветкі, лісты). У восень, пад поўдзень, .. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны.

4. перан. Раскінуцца, працягнуцца на вялікую адлегласць. Цяпер там буйным коласам долу нікне жыта, зялёным шоўкам разгарнуліся травы, густым лесам буяе кукуруза. Дуброўскі. // Адкрыцца вачам. Калі падняцца на вапельную гару, а яна тут жа, крыху на захад ад мястэчка, і зірнуць у бок Нёмана, то перад вамі разгорнецца найпрыгажэйшая панарама. Колас.

5. перан. Свабодна, у поўнай меры праявіць свае сілы і здольнасці. Думаючы сваё, Мікіта Мікітавіч больш маўчаў: ён ведаў сябе — паўмер у яго не было, і Юркава прысутнасць перашкаджала яму разгарнуцца. Карпаў. З танкамі тут не было дзе разгарнуцца — лінія фронту праходзіла па балотах. Мележ. // Праявіцца, выявіцца ў шырокім маштабе. Асабліва каларытна разгарнулася творчая індывідуальнасць Максіма Танка. Багатая эмацыянальнасць і мужны характар, высакароднасць натуры і сіла волі, прыродны розум і развіты светапогляд — усё гэта аб’ядноўвалася ў непаўторна прывабнай асобе мастака. Гіст. бел. сав. літ. // Развіцца ў пэўнай паслядоўнасці. Перад вамі разгорнецца просты сюжэт: закахаўся Хазэ ў Карменсіту. Глебка.

6. перан. Прыняць шырокі размах. У пачатку XVI ст. разгарнулася друкарская дзейнасць Георгія Скарыны. □ Пачало даспяваць жыта, следам за ім пажаўцелі аўсы. Разгарнулася жніво. Дуброўскі.

7. Падрыхтавацца да дзеяння, выканання якіх‑н. функцый. // Спец. Размясціцца ў шырыню па лініі фронту, прыняць баявы парадак. Пакуль тут вялася перастрэлка, нямецкая часць разгарнулася, пачаўся няроўны бой, — гітлераўцы пусцілі ў ход нават артылерыю. Казлоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́цца, збяруся, збярэшся, збярэцца; збяромся, зберацеся; зак.

1. Сысціся, з’ехацца ў адно месца. Заўтра дзень кірмашовы ў сяле Сілічах, Там, ён [Цімох] ведае гэта, збяруцца сябры. Куляшоў. Калі ж мы зноў збяр[о]мся ў цесны круг, Як раніцай збіраюцца заранкі? Глебка. Яшчэ ў першы дзень, як толькі Сашка прыехаў у Багатую Граду, у дзедаву хату сабралася нямала хлопчыкаў і дзяўчынак. Даніленка. // Адкрыцца, пачаць сваю работу (пра сход, пасяджэнне і пад.). Раніцай павінен быў сабрацца савет МТС. Лобан. Можна сказаць, не пас[я]дж[э]нне гэта было, а сапраўдны сход. Увесь сельсавет сабраўся, і так яшчэ актывістаў пазвалі. Чорны. // Згрупавацца тым ці іншым чынам вакол каго‑, чаго‑н. Сабралася ў кола Шаснаццаць сясцёр, Усе маладыя, амаль аднагодкі. Здружыла ў змаганні, ў паходах жыццё І працай зраднілі сясцёр пяцігодкі. Лужанін. // Зляцецца ў чародкі (пра птушак). Па позвах тых гусі З лясоў і балот Сабраліся: хутка У вырай адлёт. Калачынскі.

2. Дайсці да якой‑н. колькасці, да якога‑н. ліку. Гасцей сабралася чалавек дваццаць. Дуброўскі. Войска, брат, ёсць. Узвод — не ўзвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль.

3. Паступова накапіцца ў адным месцы, у адных руках. Аднойчы здарылася так, што нам выдалі стыпендыю ды мой старэйшы брат прыслаў мне дапамогу — рублёў дваццаць пяць. Разам у мяне сабраўся цэлы капітал. Дубоўка. // перан. Адкласціся ў душы, набалець. У гэтай сцэне сабраўся ўвесь накіп усяго таго, што рабілася каля .. карчмы праз шмат год. Чорны. Старая зноў ўспомніла Лідачку, Міхася, і ўся тая злосць на жыццё, якую яна толькі мела, сабралася, здаецца, адразу. Брыль.

4. Адвольна назбірацца ў якой‑н. колькасці (пра вадкасць, пару і пад.). [Залатарова:] — Усё зразумела. У воку сабралася глаўкомная вадкасць. Мяжэвіч. Ралля паруе — цеплыня Сабралася за час зімовы. Прануза. // Паступова насунуцца, згусціцца (пра хмары, навальніцу). Пад вечар шэрыя хмаркі ўсё ж такі сабраліся ў адну і затулілі ўсё неба. Маўр. / у безас. ужыв. І, бач, зноў жа сабралася на дождж. М. Стральцоў. // Пачацца ў выніку паступовага нарастання пэўных змен у атмасферы. Пад раніцу дождж збярэцца.

5. Набухнуць (пра пупышкі дрэў, кветак). На верхавіне сцябла парасонам сабраліся пучкі, гатовыя распусціцца ў кветкі. Маўр.

6. Падрыхтаваць усё неабходнае ў дарогу. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас. // Намерыцца пайсці куды‑н., пабываць дзе‑н. Сабраўся аднойчы дзядзька Антось у лес, закінуў стрэльбу за плечы, гукнуў Таксу. С. Александровіч. — Куды гэта ў поўнач сабралася? — нездаволена спытала .. [Маню] маці. Васілевіч. // з інф. Наважыцца зрабіць што‑н. — Ці не вагоны ты перасаджваць сабралася? Якімовіч. Часамі мне хочацца як-небудзь сабрацца перачытаць іх [ апавяданні] ды паправіць. Скрыган. // Надумацца стаць кім‑н. Сабрацца ў інжынеры.

7. (звычайна са словамі «сілы», «думкі», «дух» і пад.). Унутрана арганізаваць сябе. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху. Быкаў. Мімаволі падкасіліся ногі, і Анісся прыхілілася да заснежанага плота, каб аддыхацца, сабрацца з думкамі. Лынькоў. Разгублены Папас не ўмеў сабрацца са словамі. Галавач. І дзіва, чым бліжэй падыходзіў [Сіліцкі] да Людмілінага дома, тым больш пачынаў хвалявацца.. Каля самага дома ён аж прыпыніўся, каб сабрацца з духам. Арабей. // Напружыць мышцы, падрыхтавацца да якога‑н. руху, дзеяння. Усё .. цела [Аляксея] напружылася, сабралася. Мележ. Кошка ў гэты момант .. ужо сабралася скокнуць, каб схапіць вераб’я. Бяспалы.

8. Стуліцца, як быццам зрабіцца меншым. Вялікі жаль да бацькі агарнуў усю .. малую істоту [Міколкі], і ён нібы сабраўся ўвесь у маленькі камок. Лынькоў. Бровы яе збегліся на пераноссі, і ўвесь твар сабраўся ў жаласлівы камяк. Крапіва. // Утварыцца, з’явіцца (пра маршчыны, складкі). Залатыя дзянькі прайшлі і канулі ў нябыт. Маршчынкі, як павуцінне, сабраліся ўжо каля вачэй. Чарнышэвіч. Лоб сабраўся ў гармонік і гэтым выразна аддзяляў сябе ад лысіны. Кулакоўскі.

•••

Сабрацца адно к аднаму — накапіцца чаго‑н. дзе‑н. (пра справы, незадавальненне, гнеў). [Злобіч:] — Даруй, Рыгор ... неяк з гарачкі я ... Сабралася адно к аднаму. М. Ткачоў.

Сабрацца (пайсці) у прочкі — звычайна пайсці ад мужа; пакінуць сям’ю, сваю хату з прычыны неладоў.

Сабрацца (прыйсці) у свіныя галасы — позна, у позні час, са спазненнем.

Хмары сабраліся над кім-чым гл. хмара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)