уві́ць, уваўю, уваўеш, уваўе; уваўём, уваўяце; пр. увіў, увіла, ‑ло; заг. уві; зак., што.

1. Уплесці, укруціць віццём, звіваннем. Увіць стужку ў вянок.

2. Намотваючы, змясціць. Увіць усю пражу на верацяно.

3. Абвіць сабою паверхню чаго‑н. (аб раслінах). Дзікі вінаград увіў сцены дамоў.

4. Упрыгожыць, абвіваючы чым‑н. Увіць арку гірляндамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намата́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Абвіць, абкруціць што‑н. вакол чаго‑н. Наматаць нітак на шпульку. □ Познышаў памагаў на руку провад. Вось паравоз дабег да ўзрыўчаткі... Краўчанка. Нырнуў хлопец [у раку], памагаў лёску на руку, торгаў, торгаў,.. кручка не адарваў. Б. Стральцоў.

2. Матаючы, прыгатаваць у нейкай колькасці. Наматаць пяць клубкоў пражы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апаві́ць, апаўю́, апаўе́ш, апаўе́; апаўём, апаўяце́, апаўю́ць; апаві́ў, -віла́, -ло́; апаві́ты; зак., каго-што.

1. Абвіць, абматаць каго-, што-н. чым-н.

Стужка апавіла галаву дзяўчыны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) перан. Пакрыць з усіх бакоў, ахутаць (дымам, туманам і пад.), ахапіць.

Лагчыну і лес апавіў туман.

3. перан. Ахапіць, абняць.

Лёгкі сум апавіў сэрца.

|| незак. апавіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| звар. апаві́цца, апаўю́ся, апаўе́шся, апаўе́цца; апаўёмся, апаўяце́ся, апаўю́цца; апаві́ўся, -віла́ся, -ло́ся; незак. апавіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Сэрца апавіваецца смуткам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пераві́ць, пераўю, пераўеш, пераўе; пераўём, пераўяце; пр. перавіў, ‑віла, ‑віло; заг. пераві; зак., што.

1. Абвіць чым‑н. што‑н.; абвязаць. Колы грукаталі па карэннях, што перавілі лясную дарогу, рыпелі, але гэта, здавалася, не парушала глыбокай цішыні ночы. Асіпенка.

2. Развіўшы што‑н., звіць лепш, іначай. Перавіць вяроўку.

3. Звіць, пераматаць на што‑н. іншае. Перавіць ніткі з матка на клубок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Перамяшаць, парушыць папярэдні парадак размяшчэння чаго‑н., заблытаць усё, многае. Пераблытаць ніткі. Пераблытаць дрот. // перан. Парушыць паслядоўнасць, выразнасцю яскравасць, зрабіць хаатычным. Сон пераблытаў усё: праўду з выдумкай, мінулае шчасце з сучасным... Васілевіч.

2. Памылкова прыняць каго‑н. за іншага, адно за другое. Пераблытаць маршрут. Пераблытаць адрасы. □ — Што ж гэта вы падвялі нас з малаком?.. — Трэці дзень не прыносіце. — А хіба мой муж не быў гэтыя дні? — Не. — Няўжо ён пераблытаў дом ці пад’езды? — захвалявалася Вера. Пальчэўскі. [Ханюціна:] — Я цябе з Гуцікавай пераблытала, з ткацкага [цэха]. Савіцкі.

3. Разм. Абвіць, аплесці што‑н.; пераплесці. Пераблытаць плот дротам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абкруці́ць, ‑кручу, ‑круціш, ‑круціць; зак., каго-што.

1. Абвіць, абматаць што‑н. вакол чаго‑н. Аднак ён усё ж убіў у зямлю адно з нашых моцных вёсел і некалькі разоў абкруціў вакол яго жалезны ланцуг, прыкаваны да лодкі. Кірэенка.

2. Абматаць, абвязаць што‑н. чым‑н. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю. Быкаў. // Загарнуць у што‑н., накрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі і ўвесь у латках бот. М. Стральцоў.

3. перан. Разм. Абхітраваць. [Салдат:] — Тут справа такая цяпер, што ці мы зямлю возьмем і засеем з восені, ці паны нас абкруцяць... Галавач.

4. Разм. Ажаніць. Замуж Хадору Бацькі выдавалі. З хлопцам чужым У царкве абкруцілі. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаві́ць, спаўю, спаўеш, спаўе; спаўем, спаўяце; пр. спавіў, ‑ла, ‑ло; заг. спаві; зак., каго-што.

1. Загарнуць, укруціць дзіця ў пялёнкі. На руках заплакала дзіця. Жанчына палажыла яго на ложак, хутка і ўвішна спавіла. Дадзіёмаў. // Абматаць чым‑н., загарнуць у што‑н. Спавіла і паволі пачала спускаць труну ў яму тоўстая вяроўка. Васілевіч.

2. Абвіць, аплесці чым‑н.; абхапіць. Спяшаўся прайсці па знаёмай дарожцы, Дзе хаты спавіў неадступлівы хмель. Гаўрусёў. Зверху, з сакавітых і яркіх галін, ападае зрэдку зялёная ігліца, кладзецца на срабрыстае павуцінне, што спавіло сухое голле ля ствалоў. Савіцкі. // перан. Ахутаць, ахінуць, акрыць з усіх бакоў. Пад раніцу волкі туман спавіў густыя кусты, і ўсё патанула ў ім, прыціхла. Асіпенка. Сіняя смуга спавіла прасторы. Дуброўскі. Спавіла вёску вечара ціша: Замоўк і на вуліцы гоман. Чарот. // Ахапіць (пра пачуцці). Раптам страх спавіў дзявочы: Ці застацца, ці ўцякаць? Толькі вочы ў хлопца, вочы Так прывабліва гараць. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перахапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак.

1. што. Спыніць, затрымаць што‑н. у час руху. Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага. Караткевіч. // Заўважыць, сустрэць (позірк, усмешку і пад.). [Васіль] хмурна адарваў вочы, .. паглядзеў на сваіх, перахапіў востры матчын позірк. Мележ.

2. каго. Затрымаць, спыніць каго‑н. У доўгім інстытуцкім калідоры [Антанюка] перахапіў зяць. Шамякін. Адразу пасля прыёму.. два браты Таркайлы перахапілі.. [Алеся] і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Караткевіч. Сказалі [казакі], з каровамі ды авечкамі мы далёка не заедзем: немец насцігне і перахапіць нас з усім нашым скарбам. Якімовіч. Пасля адной з .. удалых вылазак Марата партызаны перахапілі важнага гітлераўскага начальніка. В. Вольскі. // каго-што. Ідучы наперарэз, перагарадзіць шлях, дарогу каму‑н. І ніхто яго [самалёт] у такую ноч не перахапіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Шамякін.

3. каго-што. Захапіць каго‑, што‑н., прызначанае для іншых; схапіць раней за іншых. Барадаты, атросшыся ад пылу, хуценька бег да чырвонаармейцаў, каб раней Мішкі перахапіць адпаведную плату за прадстаўленне. Лынькоў. Хутка зайгралі танга, юнак амаль подбегам падаўся да Чыліты, баючыся, каб яе не перахапілі. Скрыпка. // Захапіць што‑н. чужое ў час дастаўкі, перадачы адрасату. Фашысты маглі перахапіць і расшыфраваць... [радыёграму], і тады смельчакоў чакаў верны правал. Шашкоў. «А што калі перахапіць пісьмо?! Перахапіць — і канцы ў ваду», — працяла Веньку нечаканая думка. Шыловіч.

4. каго-што. Абвязаць, абвіць, аперазаць; перавязаць. Гэткім жа лоўкім рухам .. [Коўбец] адразу ж перахапіў аорту і, спыніўшы кровацячэнне, пачаў сцягваць яе швом. М. Ткачоў.

5. што. Размясціцца ўпоперак чаго‑н. А праз масток, які перахапіў .. [рэчку] ў адным месцы, на сядзібу РТС узыходзіла дарожка. Гроднеў.

6. што. Сціснуць спазмай. Там сядзела Мацючыха. Хацелася крыкнуць, каб і яе сюды, за гэты паркан, але нешта перахапіла голас, і Галя хуценька выбегла з залы на свежае паветра. Сабаленка. Роб глыбока ўздыхнуў і адчуў, як горла перахапіў пякучы боль. Гамолка. / у безас. ужыв. Сэрца неяк тужліва сціснулася і ў горле адразу перахапіла. Алешка.

7. што. Схапіць, абхапіць рукамі што‑н. інакш або ў другім месцы. Дотык пальцаў з чырвоным лакам манікюру на пазногцях быў непрыемны, і Васіль непрыкметна, нібыта трэба было перахапіць лейцы, вызваліў руку. Савіцкі.

8. што і чаго. Пазычыць на кароткі час. Лепш перахапіць у каго лішні рубель, чым ісці ды ніякавата адводзіць убок вочы, пакуль прадаўшчыца запісвае ў тоўсты сшытак твой даўжок. Даніленка.

9. што і чаго. З’есці чаго‑н. на скорую руку, перакусіць. Пасля .. [Джыавані] думаў збегаць на суседнюю вуліцу перахапіць парудругую сасісак у знаёмым ларку. Лынькоў. — Дзякую, не хачу. Я там у буфеце перахапіў сёе-тое, — адмовіўся я, бо пасля таго, што чулі мае вушы, наўрад ці палезла б мне ў рот цешчына перакуска. Сабаленка.

10. што і без дап. Разм. Перабраць меру, праявіць празмернасць у чым‑н. Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца. Мележ.

•••

Дыханне перахапіла — тое, што і дыханне заняло (гл. заняць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)