груд, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Невялікая горка, узгорак. У лесе неяк адразу павесялела, а на пясчаных грудах зноў заззяў верас. С. Александровіч. Пры шумнай рацэ, на пакацістым грудзе, Паставілі Ноўгарад Рускія людзі. Лужанін.
2. Сухая сенажаць, сухадол. З гэтага боку мястэчка пачыналіся паплавы, найбольш груд, а месцам прыбалочаныя. Чорны.
3. Тое, што і груда (у 1 знач.). З двух грузавікоў у вялікі груд згружаюць цэглу. Шамякін.
4. Абл. Куча галля, хворасту; лоўж. Пад зацішным кустом або ў грудзе ламачча вывела на свет першы вывадак даўгавухая рыжая зайчыха. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́гна, ‑ы, ж.
1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.
2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
галі́на, ‑ы, ж.
1. Бакавы адростак на ствале дрэва; сук з веццем. Тонкаю галінай Трэцца дуб аб дуб. Бядуля. Свае галіны Чаромха млосна зварухне, І раскалыша звон пчаліны. Гаўрусёў.
2. Адгалінаванне ад чаго‑н. галоўнага, асноўнага. Што датычыць Мінскага ўзвышша, то яно ў паўночна-ўсходнім напрамку паніжаецца, расшчапляючыся на дзве галіны. Прырода Беларусі.
галіна́, ‑ы́, ж.
Асобная вобласць навукі, вытворчасці і пад.; пэўная сфера заняткаў, дзейнасці. Працаваць у галіне фізікі. Новыя галіны прамысловасці. □ Старшыня.. калгаса Сямён Антонавіч Крыжачэнка паказваў гасцям жывёлагадоўчыя фермы, грамадскае будаўніцтва, знаёміў з усімі галінамі вялікай.. гаспадаркі. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
во́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці. Крыху воддаль працавала група моладзі. Шамякін. Падыходзім да прыгожага вялікага дома, які стаіць воддаль ад вёскі. Бялевіч.
2. прыназ. з Р. Разм. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, пункта і пад., у адносінах да якога вызначаецца месца знаходжання, становішча каго‑, чаго‑н. А воддаль зямлянкі, акопы і дзоты. Тырчаць кулямёты, зеніткі стаяць. Машара.
3. у знач. наз. во́ддаль, ‑і, ж. Далечыня, далеч. Адны з галасоў гучалі слабей, прыглушаныя воддаллю, другія, бліжэйшыя, усё мацней і выразней. В. Вольскі. Скрытыя воддаллю рысы твару несупынна мяняліся, прымаючы разнастайныя міны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крэ́сла, ‑а, н.
1. Прадмет мэблі, звычайна са спінкай, прызначаны для сядзення аднаго чалавека. Венскае крэсла. □ Вялікая гасціная была ўстаўлена добрым дзесяткам крэслаў вакол круглага стала. Ваданосаў. // Такі прадмет мэблі з мяккай абіўкай і ручкамі-падлакотнікамі. [Дзяўчына] падышла пад акно, зірнула на двор і толькі тады вярнулася і села ў мяккае крэсла каля канапы. Мурашка.
2. перан.; звычайна з азначэннем. Разм. Месца работы, пасада. Заняць міністэрскае крэсла. □ Летась залічыў у штат жонку майго лепшага сябра Радзівонава — раскрытыкавалі так, што ледзь у крэсле ўтрымаўся. Вірня.
•••
Крэсла-ложак — раскладное крэсла, якое можна выкарыстоўваць у якасці ложка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
камента́рый, ‑я; Р мн. ‑яў; м.
1. Тлумачэнне да якога‑н. друкаванага тэксту ў форме заўваг, зносак і пад. Фразеалогія арыгінала, захаваная [у перакладзе] Янкам Купалам, не патрабуе.. каментарыяў. Яна зразумела. Палітыка. // часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Выданне з тлумачэннямі да якога‑н. твора. Каментарыі да карт Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы. Выданне твораў Я. Коласа з каментарыямі.
2. часцей мн. (камента́рыі, ‑яў). Крытычныя і тлумачальныя разважанні на якую‑н. тэму. «Як прыгожа пахне лес, луг, рака і поле», — цытаваў Музін Краскіна і тут жа падсалоджваў уласнымі каментарыямі: «Колькі эмоцыі ў гэтых радках». Рылько.
[Лац. commentarius.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Пачаць думаць, разважаць над чым‑н., пра што‑н. Ёсць над чым задумацца. □ Мікола задумаўся над сваім апошнім учынкам. Бядуля. // Аддацца думкам, упасці ў задуменнасць. Задумацца на момант. □ Кастусь сеў пад бярозу на мяккую, як падушка, рудую купіну, задумаўся. Ваданосаў.
2. звычайна з інф. Паказаць, выявіць нерашучасць у чым‑н.; завагацца. Сказана гэта было такім катэгарычным тонам, што я, прызнацца, задумаўся: ехаць ці не. Ляўданскі.
3. безас. каму з інф. Разм. Прыйсці ў галаву; захацецца. Задумалася мне пайсці ў кіно. Задумалася яму пакатацца на лыжах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здабы́так, ‑тку, м.
1. Маёмасць, уласнасць. З агнём і дымам пусцілі партызаны панскія здабыткі. Лынькоў. // перан. Тое, што непадзельна стала чыім‑н. набыткам. Творчасць вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча стала здабыткам сусветнай культуры. Лойка.
2. Дасягненні ў развіцці чаго‑н. З імем К. Крапівы звязан росквіт байкі ў нашай літаратуры, яе найбольшыя здабыткі ў гэтым жанры. Казека. Змітрок Бядуля ўзбагаціў беларускую літаратуру сапраўднымі мастацкім здабыткамі. Каваленка.
3. Здабытая рэч, прадмет і пад. Філасофскі настрой [дзеда Талаша] змяніўся практычнымі разважаннямі. І кабан і воўк — каштоўны здабытак. Колас.
4. Лік, атрыманы пасля множання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрасці́ся, ‑стуся, ‑сцешся, ‑сцецца; пр. зросся, зраслася, ‑лося; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Злучыцца, утвараючы адно цэлае ў працэсе росту. Бровы зрасліся. Арэхі зрасліся. Агуркі зрасліся. // Набыць ранейшы стан у працэсе зажывання (пра зламаную косць, краі раны і пад.). Косці зрасліся. □ Усе пасечаныя часткі [цела Тром-сына] зрасліся! Якімовіч.
2. перан. Непарыўна злучыцца; зблізіцца, зжыцца з кім‑, чым‑н. [Змітрок] увесь нібы зросся са станком, стаў нейкай галоўнай яго часткай. Ваданосаў. Лабановіч.. моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэтае жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зярца́ла, ‑а, н.
Гіст.
1. Увянчаная двухгаловым арлом трохгранная прызма з наклеенымі па баках указамі Пятра І, якая як эмблема «законнасці» ставілася на стол у судзе і іншых установах дарэвалюцыйнай Расіі.
2. толькі мн. (зярца́лы, ‑аў). Металічныя даспехі з дзвюх палавінак для засцярогі грудзей і спіны, якія прымяняліся ў 14–17 стст. А над усім гэтым, пад шышакамі, арабскімі зярцаламі, кальчужнымі сеткамі і булатнымі шаломамі — вочы, якія і хвіліны не задумаюцца над тым, ужыць гэтую сталь або не ўжыць. Караткевіч.
3. Уст. Люстэрка. Бачыць самога сябе ў зярцале.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)