змарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Змучыўшыся, страціць свежасць; схуднець. Сілу ўсю сваю аддаў на пана І змарнеў, нібы трава, стары. Смагаровіч. За якую-небудзь гадзіну твар урача змарнеў так, нібы ён цяжка перахварэў і нядаўна ўстаў са шпітальнага ложка. Алешка. // Спыніць развіццё, рост; зачахнуць, звяць (пра расліны). Калі на няшчасце раннія каліўцы падмерзнуць ці па якой прычыне змарнеюць, то застанецца надзея яшчэ на познія каліўцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змясці́цца, змяшчуся, змесцішся, змесціцца; зак.

1. Знайсці сабе дастаткова месца; умясціцца. Для правядзення свята быў выбраны самы вялікі клас, але людзей было так многа, што ўсе не маглі змясціцца. Залескі. — Я, хлопцы, у вас пераначую... Вось хаця б да цябе, Віктар. Ты хлопец шчуплы, як-небудзь змесцімся... Сачанка.

2. Разм. Размясціцца, пасяліцца дзе‑н. Адзін з прыяцеляў прапанаваў .. [прафесару] часова змясціцца з сям’ёй у сваім доме. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буркатлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які любіць бурчаць, бурклівы. Побач адзінока месцілася атынкаваная будка-каравулка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печы які буркатлівы дзед-вартаўнік. Быкаў.

2. Бурлівы, звонкі. Па рацэ праносіліся маторкі, буркатлівыя хвалі ад іх з шумам намотваліся на бераг, казыталі ногі. Савіцкі. Выбіраеш роўненькі пянёк дзе-небудзь ля крынічкі ці светлага буркатлівага ручая, проста лежачы жыватом на зямлі, п’еш ваду. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. З шумам удараць, біць па чым‑н. мяккім або чым‑н. мяккім; шлёпаць; ляпаць. Мокрыя сінія штаны лёпалі па нагах так гучна, нібы хто-небудзь біў па голым целе далон[ню]. Навуменка. Босыя ногі мякка лёпаюць па вільготнай зямлі. Мурашка.

2. перан. Груб. Гаварыць што‑н. недарэчнае, нетактычнае. [Міхал:] — Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў Ды менш губою гэтай лёпаў... Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недапе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недапячы.

2. перан.; у знач. прым. Разм. Недастаткова падрыхтаваны да якой‑н. працы; малавопытны. Калі падчас трапіцца які-небудзь крыху недапечаны трактарыст, то мала карысці. Кулакоўскі.

3. перан.; у знач. прым. Разм. Вялы, бязвольны. — Слухай, Андрэй, — сказаў [Тамаш], падышоўшы. — Чаго ты ляжыш? Не выспаўся, ці што? Нешта ты апошнія дні як недапечаны. Што з табою, скажы. Чарнышэвіч. // Прыдуркаваты. Недапечаны хлапец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазёмка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Абл.

1. Замець. Халодны вецер гоніць пазёмку. Навуменка. Дзьмула, завывала шалёная пазёмка. Лынькоў. Вецер дзьме, і густая пазёмка паўзе па полі. Стаховіч.

2. толькі мн. (пазёмкі, ‑мак). Суніцы. — А мы былі ў ягадах, — адзываўся хто-небудзь з .. [дзяцей] і падаваў невялічкі кошык з пазёмкамі старому. Броўка. Прайшлі мае пазёмкі на палянах, Апалі хмелю белыя брыжы. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспавяда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пабыць на споведзі; пакаяцца ў грахах. Захацеў [Грыцкевіч] перад смерцю паспавядацца, і суседзі паклікалі Радзішэўскага. «Звязда».

2. перан. Разм. Расказаць шчыра пра што‑н.; прызнацца, пакаяцца ў чым‑н. Але адных дакораў было мала: адчувалася патрэба паспавядацца перад кім-небудзь, прызнацца ў сваім бязволлі і блазенстве. Колас. Цягне за язык. Мусіць, так устроены чалавек: не можа, каб не паспавядацца. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Разгладзіўшы, зрабіць роўным, гладкім. [Заранік] заглянуў у люстэрка на сцяне, прыгладзіў ускалмачаныя валасы. Хадкевіч. [Ганна] прыгладзіла пасцель і паправіла накідку на падушках. Гартны.

2. перан. Разм. Зрабіць менш адчувальным, змякчыць, згладзіць. [Мірон Сцяпанавіч] падымаецца, каб падрыхтаваць сабе што-небудзь на вячэру, і спрабуе прыгладзіць усё выказанае жартам. Ракітны. // Падправіўшы, выраўняць, зрабіць адпаведным да прынятых норм (мову якога‑н. твора і пад.). Прыгладзіць стыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́ла,

1. нескл., н. Музычны твор або асобныя партыя, прызначаная для выканання адным музыкантам, спеваком або танцорам. Сола для скрыпкі. // Выкананне такога твора (партыі). — Сола на баяне ў тым жа выкананы, — не сціхаў Саша. Васілевіч.

2. у знач. прысл. Асобна ад другіх (пра выкананне музычных твораў, танцаў). Спяваць сола. Танцаваць сола. □ Я лічыўся здольным скрыпачом, мне часам нават давалі выступаць сола ў якіх-небудзь святочныя канцэртах. Рамановіч.

[Іт. solo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удаскана́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак. што.

1. Зрабіць больш дасканалым. Удасканаліць машыну. Удасканаліць вытворчы працэс. Удасканаліць улік. □ Андрэй загадаў падняць узвод і да світання ўдасканаліць абарону, акапацца як можна глыбей. Кулакоўскі.

2. Павысіць, палепшыць майстэрства чаго‑н. Аднойчы гэты сшытак .. [Арлоўскі] даў Паўлу, які хацеў удасканаліць свой почырк і любіў што-небудзь перапісваць. С. Александровіч. // Развіць, зрабіць больш успрымальным, вострым, віртуозным (пра пачуцці і пад.). Удасканаліць музыкальны слых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)