куды́, прысл.

1. пыт. У якім напрамку?, у якое месца?

К. едзе аўтобус?

2. пыт. На што? для якой мэты? (разм.).

К. столькі цукру пайшло?

3. неазнач. У якое-н. месца, куды-н. (разм.).

Хлопцы пайшлі ў кіно, а можа, яшчэ к. падаліся.

4. адноснае. Ужыв. ў якасці злучніка:

а) у даданых сказах месца;

б) у даданых дапаўняльных сказах; у даданых азначальных сказах.

К. вецер вее, туды галлё гнецца.

Хто ведае, к. вядзе гэта дарога.

Усе павярнулі галовы ў той бок, к. накіраваўся бацька.

5. у знач. часц. (разм.). У спалучэнні з вышэйшай ступенню прыметнікаў і прыслоўяў абазначае: значна, намнога (разм.).

Гэта сукенка к. лепшая за тую.

6. у знач. часц. Выражае сумненне, немагчымасць чаго-н.

К. мне да вас!

Куды каторы — у розныя бакі разляцецца, разбегчыся.

Куды ні кінь вокам (разм.) — усюды.

Хоць кудызнач. вык.; разм.) — добры ва ўсіх адносінах, прыгодны да ўсяго.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

броса́ться

1. в разн. знач. кі́дацца;

броса́ться снежка́ми кі́дацца сне́жкамі;

броса́ться навстре́чу това́рищу кі́дацца насу́страч тава́рышу;

броса́ться исполня́ть что́-л. кі́дацца выко́нваць што-не́будзь;

броса́ться в во́ду кі́дацца ў ваду́;

2. страд. кі́дацца;

броса́ться в глаза́ кі́дацца ў во́чы;

броса́ться в ра́зные сто́роны кі́дацца ў ро́зныя бакі́;

броса́ться де́ньгами раскіда́цца граша́мі;

броса́ться слова́ми кі́дацца сло́вамі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ву́сікі, ‑аў; адз. вусік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да вусы (у 1, 2 знач.); маленькія вусы. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага, з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.

2. Ніткападобныя атожылкі на сцябле некаторых паўзучых раслін, якімі яны прымацоўваюцца да іншых прадметаў. У прыбудоўцы сенцах гаспадарыць адзін толькі неспакойны вецер,.. пакалыхваючы дзікі вінаград, што моцна ўчапіўся за тонкія дошкі, за кроквы, пераплёўшы іх сваімі цапкімі вусікамі. Колас.

3. Членістыя прыдаткі на галаве ў членістаногіх жывёл.

4. Спец. Доўгія тонкія выступы якой‑н. дэталі, прыстасавання ў выглядзе спружынак, дроцікаў. [Язэп] захапіў рукой жыта і раптам убачыў міну і два драцяныя вусікі, што тырчалі ў розныя бакі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няге́глы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Кволы, слабы; няўдалы. Нейкі нягеглы дзядок, якому не наўме ўжо, відаць, і кухаль піва,.. стаіць побач з машынай. Брыль. Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі трапляў каму на вочы, дык рабіў уражанне вар’ята. Броўка.

2. Непрыгожы з выгляду, нязграбны; няўклюдны. Мікодым пры газоўцы слібізаваў па літары пратакол вобыску, падпісваў яго крывымі, нягеглымі лацінскімі літарамі. Сабаленка. Фурман, сівавусы чалавек, завіхаўся ля коней. Ад маланак цень яго, вялізны і нягеглы, кідаўся ва ўсе бакі. Караткевіч.

3. Няўмелы, ні да чаго не здатны. Нельга сказаць, каб Марына была нікуды не вартая. Не! У сям’і Рамана наогул нікога не было нягеглага або недалужнага. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́яцца, ‑веюся, ‑веешся, ‑ваецца; зак.

1. Разысціся ў розныя бакі ад павеву, подыху ветру. Развеяўся дым, і Мікола ўбачыў, што на вадзе ляжалі яшчэ дзве качкі, забітыя першым стрэлам. Краўчанка. // перан. Знікнуць, прапасці, рассеяцца. — Цьфу, прападзі ты! — мімавольна вырвалася ў Таццяны, і страх яе развеяўся, але рукі і ногі моцна дрыжалі. Колас. Жонкі, якая не магла яму парадзіць ні сына, ні дачкі, .. [Аўгуст Эрнеставіч], аднак, не пакінуў. З гадамі крыўда растварылася, развеялася ў жыццёвых клопатах. Навуменка.

2. Разм. Адысці ад якіх‑н. думак, перажыванняў. — А можа, і старая, слухаючы радыё, крыху развеецца і не будзе так бурчаць. Краўчанка. Удзень Міхась хадзіў на работу. Хадзіў, каб паслухаць людзей, развеяцца ад хатняй нясцерпнай тугі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разда́цца 1, ‑дасца; ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

Прагучаць, пачуцца. Зусім недалёка раздалося некалькі адрывістых стрэлаў. Лынькоў. Над шалашом раздалася дзіўная песня. Якімовіч.

разда́цца 2, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. раздаўся, ‑далася, ‑лося; заг. раздайся; зак.

1. Стаць большым, шырэйшым, расшырыцца. Яўген наліваецца сілаю, раздаўся ў плячах. Карпаў. Цьмяным перламутрам пачалі адсвечваць кусты арэшніку, пупышкі на ім крыху раздаліся і выпусцілі малінавыя зорачкі цвету. Лужанін.

2. Расступіцца, рассунуцца, утварыўшы прастору ў сярэдзіне. Народ раздаўся ў бакі.

3. Раскалоцца, раздзяліцца. І трэск аўтаматаў яшчэ не замоўк, Калі разарваўся На купіне мох, — Як бы раздалася Яна папалам, І ўстала дзяўчына З гранатаю там. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе; зак., каго-што.

1. Аддзяліць адно ад другога; раз’яднаць, раскрыць што‑н. самкнутае, сашчэпленае. Разняць пальцы. Разняць павекі. □ Дзеці, якія спачувалі Міхаську, тут жа сілай разнялі яму рот і ўлілі вады. Якімовіч. — Мам, паглядзі, што я знайшоў, — урачыста паведаміў.. [Юрка] і разняў кулачок, у якім была заціснута божая кароўка. Карпаў.

2. Развесці ў бакі тых, хто б’ецца. — Як вам не брыдка, мужчыны, — звярнуўся Лабановіч да грамады. — Дапусціць, каб людзі крывавілі адзін другога! Разніміце іх! Колас. П’яны Мікіта расплакаўся са злосці і, схапіўшы ўслон, кінуўся да Івана. Іх разнялі, і хітры Сымон паспяшаўся ўцячы. Брыль.

3. Раз’яднаць, разабраць на часткі. [Віктар] разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барса́ць ’працягваць аборы ў лапці’ (Гарэц., Касп.; барса́ць|варса́цьШат.), ’кідаць’ (Гарэц.). Сюды ж з іншым вакалізмам: бэ́рсаць ’блытаць (ніткі), блытаць, разматваць у беспарадку, рабіць неакуратна; пароць ежу і не есці; пісаць; нячыста жаць’ (Шат., БРС, Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Сцяц., Янк. Мат.). Укр. бо́рса́ти (часцей з прэфіксамі) ’працягваць вяроўку ў вушка лапця; кідаць’; бо́рсатися ’кідацца ў розныя бакі, вазіцца, валтузіцца’. Слова цёмнага паходжання. Януў (Зб. Развадоўскаму, 2, 277) выводзіў з ob‑vors‑ati (пры гэтым корань *vors‑ не тлумачыўся). Райхэнкрон, ZfslPh, 17, 148–149 (без бел. матэрыялу) выводзіў з рум. мовы (няпэўна). Параўн. яшчэ Рудніцкі, 178 (няма бел. слоў). Магчыма, ёсць сувязь з групай слоў тыпу рус. броса́ть (аб гэтых словах Фасмер, 1, 218; Шанскі, 1, Б, 201–202): параўн. значэнне ’кідаць’ у бел. і ўкр. слоў. Так Трубачоў, Этимология, 1965, 383. Гл. яшчэ барсні́. Львоў (Зб. Петравічу, 315–318) лічыць, што ўкр. бо́рсатися і рус. бара́хтаться неяк звязаны. Гл. бэ́рсаць, варса́ць, абарсаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́скаць ’ухіляцца ад курсу ў розныя бакі (пра судна)’ (ТСБМ), руск. ры́скать ’бегаць у пошуках каго-, чаго-небудзь’, дыял. рыставать ’бегаць у розных напрамках’, риставанне ’спаборніцтва’, ст.-рус. рискати ’бегчы’, ’хутка ісці’, ’скакаць’, ’несціся’, ст.-харв. riskati ’танцаваць’, ’скакаць’, rȉskati se ’тоўпіцца, працавацца (пра жывёл)’, rištati ’цячы (пра ваду), балг. ристалище, риса ’бадзяццца, шмат хадзіць’, рысай ’бадзяцца’, ст.-слав. рискати, рыскати ’бегчы’, ’хутка ісці’, ’несціся’, ’скакаць’, ’імкнуцца’, магчыма, сюды ж славен. rízati se ’гуляцца’, ’бавіцца’ (пра маладых жывёл, дзяцей) (Сной у Безлая, 3, 184). Прасл. *ristati: *riskati (Куркіна, Этимология–1976, 24). І.‑е. корань *risk (: *rist) (і.-е. база *reiə‑: *ri‑, пашыральнік ‑s‑ (на прасл. глебе ‑sk‑: ‑st‑), корань *er‑/*or‑/*r‑ ’прыходзіць у рух’, ’быць у руху’, ’імкнуцца’. Параўн. літ. rìstas ’перыяд цечкі (у жывёл)’, risčià ’рыссю’, с.-в.-ням. risch (аснова *ri‑sk‑) (Покарны, 1, 326, 330–331; Скок, 3, 146–147; БЕР, 6, 265–266). Далей звязана з рой, ры́нуць, рака́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слані́ць ‘хіліць; прыстаўляць’ (Нас., Ласт.), слані́цца ‘хіліцца, прыхіляцца, адхіляцца’ (Нас., Ласт.), часцей з прыстаўкай: заслані́ць, прыслані́ць, сланя́ць ‘хістаць, вадзіць у бакі’ (ТСБМ), сланя́цца ‘хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты)’, ‘злёгку хістацца’ (ТСБМ, Сержп.), ‘хістацца’ (воран., Сл. ПЗБ, Варл.) — ітэратыў да зваротнай формы, як і рус. слоня́ться (КЭСРЯ, 415). Укр. слони́ти ‘сшываць дзве паловы штаноў у хаду’, слоня́тися ‘сланяцца; ісці няцвёрдай хадой, пакачвацца’, рус. дыял. слонить ‘прыстаўляць’, ‘сшываць кускі тканіны буйнымі шыўкамі’, заслони́ть, прислони́ть, польск. słonić, słaniać się, в.-луж. zasłonić, чэш. sloniti, cloniti ‘засланяць’, славац. sloniť, cloniť, серб.-харв. засло́нити, славен. slonéti ‘абапірацца, прыхіляцца’, балг. заслоня́. Прасл. *sloniti параўноўваюць з лат. slenêt ‘біць, калаціць’, slànît ‘накідваць; біць’, ст.-інд. śráyatē ‘прыхіляецца’, śráyati ‘прыстаўляе, накладвае’, далей з літ. šliẽti, šliejù ‘прыхіляць’, лац. clīno, ‑āre ‘нахіляць, гнуць’ і інш., якія да і.-е. кораня *k̂lei‑, *k̂loi‑, *k̂li‑ ‘хіліцца, прыхіляцца’. Гл. Брукнер, 500; Фасмер, 3, 675; Махэк₂, 556; Фрэнкель, 1004; Шустар-Шэўц, 1306, 1737; ЕСУМ, 5, 308. Варбат (Этимология–1972, 44) разглядае *sloniti як каузатыў да *slęnǫti ‘дасягнуць, прыстаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)