мільгану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Паказацца на момант у руху і знікнуць, прамільгнуць. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. // перан. Хутка і нечакана з’явіцца ў памяці. Адна ідэя мільганулася ў мяне ў галаве. Але перш, я павінен быў зноў знайсці таксі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неафі́т, ‑а, М ‑фіце, м.

1. Той, хто нядаўна прыняў якую‑н. рэлігію.

2. перан. Новы прыхільнік якога‑н. вучэння або грамадскага руху. Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у.. [арганізацыю]. Караткевіч. // Навічок у якой‑н. справе.

[Грэч. neophytos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ар’ерга́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

Частка войска або флоту, якая знаходзіцца ззаду галоўных сіл для аховы паходнага руху з фронту ў тыл. Франтавікі спакойна рыхтаваліся ў дарогу. Пастроіліся ў баявую калону, прыкрылі яе моцным ар’ергардам. Лынькоў. Атрад .. [Лубяна] знаходзіўся ў ар’ергардзе, ён павінен быў абараняць раненых і хворых. Шамякін.

[Фр. arriére-garde — тылавая ахова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з’арыентава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

1. Вызначыць па якіх‑н. арыенцірах сваё месца знаходжання або напрамак руху. Паходня прыбавіў кроку і ўжо больш з’арыентаваўся, перайшоўшы Свіслач .. і ўбачыўшы цёмныя шапкі дрэў гарадскога парку. Хадкевіч.

2. перан. Разм. Разабрацца ў чым‑н., вызначыць, як належыць дзейнічаць. Правільна з’арыентавацца ў падзеях.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ветэра́н, ‑а, м.

1. Стары, бывалы воін. Ветэран грамадзянскай вайны. Ветэран палка. □ Лялькевіч павярнуўся і ўбачыў аднаго з ветэранаў, з тых партызан, якія прыйшлі ў лес разам з ім, у самым пачатку вайны. Шамякін.

2. Чалавек, які даўно працуе ў якой‑н. галіне. Ветэран навукі. Ветэран рабочага руху.

[Лац. veteranus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.

Разм.

1. Жан. да скакун (у 3, 4 знач.). Глянь на Рыту Наскакуху, Колькі спрыту, Колькі руху: Скок ды скок Цераз шнурок. А. Александровіч.

2. Танец або песня хуткага рытму. А потым прыйшоў баяніст, расцягнуў мяхі ды польку, такую нястрымную скакуху ўдарыў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эканамі́зм, ‑у, м.

Гіст. Апартуністычная плынь у рускім сацыял-дэмакратычным руху канца 19 — пачатку 20 ст., прыхільнікі якой абмяжоўвалі рабочы рух эканамічнай барацьбой, лічачы палітычную барацьбу справай ліберальнай буржуазіі. «Эканамізм» быў апартуністычнай плынню ў рускай сацыял-дэмакратыі. Яго палітычная сутнасць зводзілася да праграмы: «рабочым — эканамічная, лібералам — палітычная барацьба». Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

меха́ніка, -і, ДМ -ніцы, ж.

1. Раздзел фізікі аб руху цел у прасторы і сілах, якія выклікаюць гэты рух.

Тэарэтычная м.

2. Галіна тэхнікі, што займаецца пытаннямі прымянення вучэння пра рух і сілы для вырашэння практычных задач.

Прыкладная м.

3. перан. Складаная будова, сутнасць чаго-н. (разм.).

Хітрая м.

Нябесная механіка — раздзел астраноміі, які вывучае рух нябесных цел Сонечнай сістэмы.

|| прым. механі́чны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

М. рух.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

арыентава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е, -ту́й; -тава́ны; незак.

1. каго-што. Даваць магчымасць каму-, чаму-н. вызначыць сваё месцазнаходжанне на мясцовасці або кірунак руху.

А. касмічны апарат у палёце.

2. каго-што, на што і ў чым. Накіроўваць на дасягненне якой-н. мэты, дапамагаць каму-н. разабрацца ў чым-н. (кніжн.).

А. даследчыкаў на выкарыстанне новых дакументаў.

|| зак. зарыентава́ць, -ту́ю, -ту́еш, -ту́е; -ту́й; -тава́ны.

|| наз. арыенціро́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. і арыентава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

праляжа́ць, -жу́, -жы́ш, -жы́ць; -жы́м, -лежыце́, -жа́ць; -жы́ і прале́жаць, -жу, -жыш, -жыць; -ле́ж; зак.

1. Прабыць які-н. час лежачы.

П. увесь дзень у ложку.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прабыць які-н. час у адным і тым жа становішчы, без руху, без выкарыстання.

Рукапіс праляжаў (пралежаў) паўгода ў выдавецтве.

3. што. Атрымаць пролежні на якой-н. частцы цела ад доўгага ляжання (разм.).

П. бакі.

|| незак. прале́жваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)