скаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак., што.
1. Зрабіць мутным, узбоўтаным. — Ах! — даўбешкаю махнуў, Цэліўся па палі. Але міма дзеўбануў, Скаламуціў хвалі. Калачынскі. // перан. Зрабіць няясным, заблытаным. [Тэатр] вытузаў сілу, разблытаў нервы, скаламуціў жыццё... Гартны.
2. перан. Вывесці са стану спакою; устрывожыць, усхваляваць.
•••
Вады не скаламуціць — тое, што і вады не замуціць. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі — ціхі, вады не скаламуціць. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Хуткая язда на кані; хуткі бег каня. На Міхаліне былі нагавіцы і дзве паласы з шатландкі, што ўтваралі нібы сукенку. Сапраўдны строй для скачкі не на жыццё, а на смерць, на злом галавы. Караткевіч.
2. звычайна мн. (ска́чкі, ‑чак). Спаборніцтвы на верхавых конях. Скачкі з перашкодамі. □ Ці помніце вы, як апісаны ў рамане [«Анна Карэніна»] скачкі? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́ўніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Здзейсніць, ажыццявіць; выканаць. Цішком .. [Міхалка] рыхтаваўся споўніць тое, што задумаў. Колас. Якое яно, сумленне? Калі працаваць, без лені, Калі даваць, поўняй, Калі абяцаць, споўніць. Лойка.
спо́ўніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Кніжн. Напоўніць. [Алесь] пачаў глуха: сэрца перашкаджала. Але плынь радкоў, як заўсёды, супакоіла яго, а тое, аб чым ён хацеў гаварыць, споўніла душу нязнанай пяшчотай, болем і любоўю. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струбі́ць, струблю, струбіш, струбіць; зак., што.
Разм.
1. Прагна з’есці (у вялікай колькасці). [Алесь Чыгунок:] — Як зарэжаш, стары, цялушку, ды струбіш адзін, як той Шчукар, — ламаніна, канешне, будзе!.. Брыль.
2. Патраціць, перавесці ўсё або вельмі многа. Дапытліва зірнула [Клейна] на бацьку: — Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей. — Не паскупіўся. — Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багацце — прыходзь да мяне. Караткевіч.
3. Змарнаваць, патраціць (пра час). Дарэмна дзень струбіў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
флёр, ‑у, м.
1. Тонкая, празрыстая, пераважна шаўковая тканіна.
2. перан. Напаўпразрыстае покрыва, заслона, смуга. Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў, І прачнулася раніца ў флёрах сівых: Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх. Караткевіч. // Кніжн. Тое, што перашкаджае бачыць што‑н.; покрыва. Сталенне Сымона.. адбываецца не на вачах чытача, вынікае неяк нечакана, яно ахутана флёрам рамантычнай умоўнасці. Навуменка.
[Ням. Flor.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хапо́к, ‑пка, м.
1. Разм. Тое, што і ахапак. Кладзі на плыт хапок атавы, Пад галаву закладвай рукі, — І слухай, як рака каўтае вугроў, нібы вудоўі, пругкіх. Барадулін.
2. Рэзкі, кароткі рух; рывок. За адзін хапок.
•••
На хапок (хапка) — спяшаючыся, не затрачваючы многа часу. Паездка ў лес на хапок канчалася той ці іншай непрыемнасцю. Ермаловіч. Прыпяць не любіць тых, што бяруцца за справу на хапка. Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалько́, ‑а, м. і нескл., ж.
Той, хто любіць хваліцца. І гэта пан Юры зрабіў аднойчы так, што адзіны заяц, забіты на паляванні вядомым хвальком і хлусам Вірскім, трымаў у лапках запіску з надпісам: «За што?!» Караткевіч. Віктар любіць хлопцаў са свайго ўзвода. Усе яны трошкі хвалькі, пыл любяць пусціць у вочы і як бы загадзя надзелі на сябе маскі страшэнных зухаў, якім мора па калена. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыстапаро́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць да якой‑н. адной пароды, мае ўласцівыя ёй прыкметы (пра свойскую жывёлу). Чыстапародная жывёла, сытыя цяляты на адпоі, такія аднолькавыя і чысценькія, што нават далёкаму ад сантыментаў мужчыну хочацца цалаваць іх у зорачкі на лбе. Караткевіч. // Які складаецца з такой жывёлы. Чыстапародны статак.
2. Звязаны з якой‑н. адной пародай; які праводзіцца без змешвання з іншымі пародамі. Чыстапароднае развядзенне сельскагаспадарчай жывёлы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлю́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шлюбу. Шлюбны саюз. Шлюбны абрад. // Прызначаны для шлюбу. Манька каторы раз прымярала ўжо сваё шлюбнае ўбранне. Крапіва.
2. Які мае адносіны да перыяду спарвання ў жывёл. Самцы былі ў шлюбным уборы: спіны ў іх пацямнелі і зрабіліся гарбатыя, сківіцы пагрозліва выгнуліся. Караткевіч. Паветра звініць птушыным гоманам, крыкамі, шлюбнымі злётамі і клопатамі аб сваім доме, аб прыпынішчы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Рабіць больш шырокім па тэрыторыі, расшыраць. Некалькі дзён запар непадалёк ад кузні ўсё кланяўся экскаватар — выкідваў балотную твань, шырыў азярцо для птушак. Даніленка. // Павялічваць у аб’ёме. Халоднае паветра было такое салодкае, што ледзь не да разрыву шырыла магутныя грудзі бацькі. Караткевіч.
2. перан. Ахопліваць вялікую колькасць людзей, рабіць масавым. [Букрэй:] — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)