расце́рціся, разатруся, разатрэшся, разатрэцца; разатромся, разатрацеся; зак.

1. Размяцца, ператварыцца ў парашок, пыл або даць аднародную масу ў працэсе трэння. Фарба добра расцерлася.

2. Расцерці сябе. Расцерціся мокрым ручніком.

3. Разм. Пракласціся, утаптацца (пра дарогу, сцежку і пад.). — Няўжо такое надвор’е будзе стаяць цэлую зіму? Суцішыцца, разатрэцца дарога. Утрох будзем ездзіць на чацвярых конях. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насці́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які будуецца як насціл. Насцільная дарога.

2. Спец. Які рухаецца амаль паралельна паверхні зямлі на невялікай вышыні (пра палёт куль, снарадаў і пад.). Насцільны агонь.

3. Спец. Які ідзе амаль па прамой лініі, плаўны. Насцільны скачок.

4. Абл. Які падае шчыльна (пра дождж). Росна. Золка. Пад ранак Выпаў дожджык насцільны. Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тварэ́ц, ‑рца, м.

Той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Шыпіць дарога, пахне ветрам. Хвала тварцам такіх дарог! Панчанка. Сягоння на Ўкраіне вялікае свята: У дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара». Купала. Бетховен, як тварэц, не толькі паказаў вастрэйшую сацыяльную барацьбу свайго часу, але і даў усяму свету высокія ідэалы чалавечнасці і сапраўднай свабоды асобы. Шырма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даро́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш.-ласк. да дарога; вузкая дарога, сцежка. Мінуў дзед і трэці лясок, яшчэ адно поле прайшоў і ўлева на Бярозавы хутар на дарожку павярнуў. Колас. Неўзабаве на вочы трапілася вузенькая палявая дарожка. Якімовіч.

2. Спецыяльна зробленая для хадзьбы вузкая дарога ў садах, парках і пад. Гараць, як стужкі, каля хаты Дарожкі з клумбамі. Колас. Вось ён злез і крочыць паркам Па дарожцы між прысад. Крапіва. // Доўгі вузкі след, пакінуты кім‑н., чым‑н. Дарожка лісіных слядоў.

3. Вузкі доўгі дыван; палавік. Шырокія калідоры засцелены лінолеумам і плюшавымі дарожкамі. «Беларусь». // Вузкая паласа з тканіны, карунак і пад., якая сцелецца зверху ў якасці аздобы. Усё чысценька, усё прыкрыта сурвэткамі, дарожкамі. Васілевіч.

4. Рыбалоўная прылада ў выглядзе доўгага шнура з кручком і прынадай на канцы. Лоўля на дарожку — гэта лоўля на блешню, якую цягнуць за сабой, плывучы па вадаёму на лодцы. Матрунёнак.

5. Вузкае доўгае паглыбленне на чым‑н.; жалабок, разорка.

•••

Бегавая дарожка — спецыяльная кругавая дарожка на стадыёнах, катках і пад., на якой праводзяцца трэніроўкі і спаборніцтвы ў бегу.

Лётная дарожка — паласа зямлі на аэрадроме, прызначаная для ўзлёту і пасадкі самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круг, -а, М кру́зе, мн. кругі́, -о́ў, м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю, а таксама сама акружнасць.

2. Круглы ўчастак якой-н. паверхні.

3. Прадмет, падобны па форме на круг ці кола.

Выратавальны к.

4. перан., чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі завяршаецца што-н.

Завяршыць першы к. шахматнага спаборніцтва.

5. перан., чаго. Тое, што і кола (у 4 знач.).

К. дзейнасці.

6. каго або які. Сукупнасць, група людзей з агульнымі інтарэсамі, сувязямі; кола (у 5 знач.).

К. знаёмых.

Сямейны к.

7. Больш далёкі, абходны шлях, дарога і пад. (разм.).

Пайшоў не той сцежкай і зрабіў вялікі к.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго-н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — цямнее ў вачах ад слабасці, стомы і пад.

На круг (разм.) — па прыблізных падліках.

|| памянш. кружо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. кругавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.) і кружны́, -а́я, -о́е (да 7 знач.).

Кругавыя працэсы.

Кружная дарога.

Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога-н. пункта.

Кругавая парука

а) адказнасць усіх за кожнага і кожнага за ўсіх;

б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка ў нядобрых справах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зледзяне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які пакрыўся лёдам, ператварыўся ў лёд. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі. Дуброўскі. Зледзянелая, выслізганая палазамі дарога была перамецена толькі ў некалькіх месцах. М. Стральцоў.

2. Халодны, як лёд; адубелы. Зледзянелыя рукі. □ Слёзы цяклі па твары, мяшаліся са снегам, здаваліся гарачымі на зледзянелых ад холаду шчоках. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́ркнуць, ‑не; пр. змерк, ‑ла; зак.

1. безас. Тое, што і змеркнуцца. Так скора змеркла, мабыць, таму, што неба зусім нахмурылася і, здаецца, стала ніжэйшае. Чарнышэвіч. Быў вечар, змеркла нядаўна. Чорны.

2. Пакрыцца змрокам; пацямнець. Неба наперадзе, куды ішла дарога, зусім змеркла, ягоная вышыня над намі замутнелася няпэўным колерам. Быкаў. // перан. Страціць сілу, значэнне; загаснуць. Слава змеркла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іспы́т, ‑у, М ‑пыце, м.

1. звычайна мн. (іспы́ты, ‑аў). Праверка ведаў; экзамен. Здаваць іспыты. Прымаць іспыты. □ Гады яе [Васіліны] вучобы і для Іллюка не прайшлі дарэмна: ён шмат чытаў, вучыўся на курсах брыгадзіраў-паляводаў, здаў іспыты на шафера. Хадкевіч.

2. перан. Выпрабаванне, праверка. Гэта так, дарагая! Разлука, дарога — Для кахання суровы іспыт. Ліхадзіеўскі. Кожны дзень быў суровым іспытам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

балаця́нік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Разм. Уласцівы балоту пах. Балацянікам цягне, настоем Чарамшынных лістоў, палыну. Хведаровіч.

2. ‑а. Прэснаводны малюск класа бруханогіх, які жыве ў спіральна закручаных ракавінах.

3. ‑а. Міфічная істота, якая быццам жыве на балоце. Там, дзе прэў у дрыгве барадаты алешнік, дзе лясун з балацянікам дружбу вадзіў,.. праз калгаснае поле пабегла дарога. Дудар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самату́жкі, ‑жак; адз. няма.

Разм. Прымітыўная павозка на двух колах, а таксама невялікія сані для перавозкі чаго‑н. саматугам. Дарога на вуліцы была добрая, цупкая, выкаўзаная, і саматужкі, павіскваючы палазамі, аж самі беглі, хоць на іх ляжала ладная вязка сена. Капыловіч. Упр[о]гшыся ў нагружаныя дрывамі саматужкі, па дарозе памалу, відаць, моцна стомленая, крочыла пажылая жанчына. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)