ачо́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Апамятацца, агледзецца, разабрацца ў новых, нечаканых абставінах. Было відаць, багата хто быў як бы аглушан бачаным, не мог ачомацца. Мележ. Не паспеў Міхась ачомацца ад страшнага відовішча, як недзе над вёскай пачаўся свіст бомбаў і траскатлівыя выбухі. Асіпенка. Калі ж Вайцех ачомаўся, на памяць яму ўсплыў адзін малюнак. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бабу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Упасці гучна. / у безас. ужыв. Бабухнула недзе: відаць, абваліўся ў ваду бераг. Караткевіч.

2. Выстраліць. Бабухнуць з дубальтоўкі.

3. Моцна ўдарыць; гучна стукнуць. [Уладусь:] — Каменем як бабухнуў [хлапчук] па назе, дык от яна і хруснула. Чарнышэвіч. / у перан. ужыв. Першы бабухнуў у звон віленскі губернатар генерал-ад’ютант Назімаў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нашпігава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак.

1. што. Начыніць (салам, часнаком і пад.). Нашпігаваць мяса. // чаго. Прыгатаваць шпігаваннем у нейкай колькасці. Нашпігаваць гусей.

2. перан.; каго. Разм. іран. Забяспечыць неабходнымі ведамі, звесткамі і пад. Нашпігаваць галаву рознымі ідэямі. □ [Рабочы:] — Бач, гад печаны, нават фабрыку «Праца» ведае. Добра цябе, відаць, нашпігавалі перад тым, як скінуць сюды. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чым.

Круціць час ад часу, паварочваць то адным, то другім бокам. — Но, но, каб вы жывенькі былі, — пакручваў пугай над галавой бацька. Сабаленка. Чалавек бярэ рэч, спакойна пакручвае яе так, што відаць яна з усіх бакоў, нават з канцоў, і гэтак жа спакойна ставіць на месца. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пале́пшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Стаць лепшым. [Дзед:] — Паедзеш сёння са мною на Рудаівец. Надвор’е, здаецца, надоўга палепшала. Даніленка. // безас. Стала, зрабілася лепш. Старой, відаць, палепшала, яна пра нешта пачала гаварыць з хлопцамі і ўсміхацца. Парахневіч. [Домна:] — Ідзіце, можа, чаю напіцеся з дарогі?.. А там я вам пасцель пасцялю, адаспіцеся. Заўтра можа на дварэ палепшае. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папапі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; пр. папапіў, ‑піла, ‑піло; зак., што і чаго.

Разм. Піць неаднаразова; паліць многа чаго‑н. Крынічку Петрык ведаў здаўна. Колькі ён папапіў вады з яе, бегаючы ўлетку з хлапчукамі па ўзбярэжжы! Хадкевіч. [Аксана:] — Відаць, [Ганс] добрая птушка, папапіў людской крыві. Крыжоў так, ні за што ні пра што не даюць. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашчапа́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пашчапаць.

2. у знач. прым. Расколаты на часткі, на шчэпкі. Пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных — нарэзаных і пашчапаных — дроў. Быкаў. // З трэшчынамі, расколінамі. Відаць .. шэрая яловая кара, прыціснутая старым пашчапаным карытам. Пташнікаў. З гарышча старэнькай, з забітымі вокнамі і пашчапанымі дзвярыма хаты біў кулямёт. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабо́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Вельмі патрабавальны, капрызны пры выбары каго‑, чаго‑н. Пераборлівы да яды. □ Неяк адна пераборлівая пакупніца патрабавала, каб ёй выбралі самыя лепшыя апельсіны. Прокша. — [Дзікі] не пераборлівыя, — кажа Дзямід, — і на апетыт паскардзіцца не могуць. В. Вольскі. [Таня:] — Відаць, вы пераборлівы вельмі, калі да гэтага часу жонкі не знайшлі сабе па густу. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., што.

1. Сагнуць у дзве столкі, пад вуглом, дугой. Перагнуць ліст паперы папалам.

2. Сагнуць больш, чым трэба.

3. перан.; і без дап. Дапусціць перагіб (у 2 знач.). [Антон Рыгоравіч:] — Тут мы, відаць, перагнулі: навалілі на калгас імя Леніна больш, чым можна. Хадкевіч.

•••

Перагнуць палку — упасці ў крайнасць, перастарацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развалю́ха, ‑і, ДМ ‑люсе, ж.

Разм. Пра старую, напаўразбураную будыніну, хаціну. На ўскрайку лесу стаялі халупа-развалюха і маленькі хляўчук з плоскім дахам. Асіпенка. На прасторнай паляне, якая калісьці, відаць, была полем і дзе яшчэ захаваліся рэшткі чалавечага жылля — хлявок-развалюха ды студня, — іх сустрэла ўся група на чале з лейтэнантам Галькевічам. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)