тужу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Форменная або дамашняя куртка, звычайна двухбортная. Яркі аганёк запальнічкі асвятліў чалавека ў скураной тужурцы з маўзерам на баку. Асіпенка. Я распрануў сваю лётную тужурку на футравай падкладцы і разаслаў яе на снег. Шамякін.

[Ад фр. toujours — пастаянна, заўсёды.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэхно́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па тэхналогіі ў якой‑н. галіне вытворчасці. Інжынер-тэхнолаг. Тэхнолаг-хімік. Тэхнолаг-тэкстыльшчык. □ Ля станка сабраліся тэхнолагі, інжынеры, тэхнікі. Зараз пачнецца выпрабаванне. Асіпенка. Канструктары і тэхнолагі завода ўпорна працуюць над паляпшэннем эксплуатацыйных якасцей. «Беларусь». // Разм. Студэнт тэхналагічнага інстытута.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усме́шлівы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які часта ўсміхаецца, любіць усміхацца. Дзяўчына, раней такая спакойная, ясная, як дзень, усмешлівая, цяпер не таіла сваёй трывогі. Вышынскі. // Які выражае ўсмешку. Жанчына перавяла ўсмешлівы позірк з Гольц-Мілера на Пятра Пятровіча. Мехаў. [Міхась] бянтэжыцца, убачыўшы ўсмешлівыя вочы Тышкевіча. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́васць, ‑і, ж.

1. да чаго. Імкненне задаволіць ненасытнае жаданне чаго‑н. Гэтая хцівасць да грошай у Майбарады мяне дзівіць і абражае. Скрыган.

2. Сквапнасць, карыслівасць. Зоя Лагодзіч зрабіла адкрыццё, што хцівасць Дывінца, пра якую намякала Ліля, вымусіла.. брыгадзіра займацца спекуляцыяй. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́тніца 1, ‑ы, ж.

Шматгадовая травяністая кармавая расліна сямейства злакавых з высокімі шматлікімі сцёбламі, густа ўкрытымі шырокалінейным лісцем. Кусцілася чаротніца, над ёй узнімаліся абсыпаныя пылком свеч[кі] лісахвосту. Асіпенка.

чаро́тніца 2, ‑ы, ж.

Птушка атрада жураўлепадобных, якая жыве на зарослых чаротам і трыснягом вадаёмах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяско́рміца, ‑ы, ж.

Разм. Нястача, адсутнасць корму для жывёлы, птушак. [Леў Раманавіч:] — Не ведаю, можа цяпер з кармамі палепшае, кукурузу сеяць пачынаем, а то, брат, бывае такая бяскорміца, жах адзін. Асіпенка. [Гарлахвацкі:] З часам, калі.. корму станавілася ўсё менш і менш, буйнейшыя экземпляры [жывёлы] пачалі выміраць ад бяскорміцы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жмі́нда, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай, ж.

Разм. пагард. Пра скупога чалавека, скнару. Мікодым, хоць і быў жмінда, на гэты раз не паскупіўся. Сабаленка. Маці кідае на бацьку гнеўны позірк. — У-у-у, жмінды, малака дзіцяці пашкадавалі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які засох, зацвярдзеў, ператварыўся ў корку. Закарэлая гразь. □ Там, дзе ногі былі прабіты і абадраны аб .. карчы, .. тырчэлі гузы закарэлай крыві. Чорны.

2. Пакрыты засохлай граззю, кроўю і пад.; карэлы, брудны. Закарэлыя анучы. Закарэлы бінт. □ [Даніла] падаў Язэпу закарэлую чорную руку. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. запоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

1. Паўзучы, залезці куды‑н. (пра насякомых, паўзуноў). [Мурашкі] глыбока запаўзлі ў падземныя норы. Колас. // Паўзком прабрацца куды‑н., дабрацца да чаго‑н. (пра чалавека). Даміра запоўз у палісаднік, ляжаў, прытуліўшыся да зямлі, слухаў. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цадзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Цэдзячы, павольна выпусціць, выліць. Выцадзіць піва з бочкі.

2. Разм. Павольна выпіць. Гаспадар выцадзіў конаўку і наліў яшчэ. Асіпенка.

3. перан. Разм. Сказаць што‑н. павольна, неахвотна. Спаткаўшы Шашу, [Насця] праз зубы выцадзіла: — Ненавіджу цябе ўсёй сваёй душой. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)