перабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.
Разм.
1. што і без дап. Пражыць нейкім чынам, перачакаць нейкі час, да якой‑н. пары. Перабыць ноч у знаёмых. □ [Шашура] перабыў зіму, а ўвесну з сваімі памочнікамі.. са зброяй накіраваўся ў лес. Мележ. Да раніцы студэнтам дазволілі перабыць у вагонах. Карпаў. Не ўрадзіў мак — перабудзем і так. Прыказка.
2. Пабываць у розны час у каго‑н., дзе‑н., наведаць каго‑, што‑н. — пра ўсіх, многіх. Бадай што ўсе перабылі ў нас, не зайшла толькі Аксеня. Лупсякоў. Такія госці тут не ў навіну: іх перабыло ўжо немаведама колькі. Новікаў. // Пабываць у каго‑н. у руках, трапіць пад чыё‑н. падпарадкаванне ў розны час. Шмат у яго [Максімавых] руках перабыло трохрадак. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папала́м, прысл.
1. На дзве прыблізна роўныя часткі, напалавіну. З трэскам рвануліся дзверы, раскалоліся папалам, і адна палавіна іх упала. Чорны. Адразу ўдарыла некалькі аўтаматаў. Мужчына зваліўся, перасечаны папалам, трох чалавек раніла. Ставер. // Пароўну, у аднолькавая колькасці. Больш га год Паліводскі.. дзяліў з .. [Нявадам] папалам усё, што сам меў. Чорны. Даўно з братамі хлеб і соль мы дзелім, І вось вада — таксама папалам. Пысін.
2. На роўных долях з кім‑н. Зняць пакой папалам.
3. Напалам, у сумесі з чым‑н. Хлеба ледзь да каляд хапала, і то папалам з мякінай. Чарнышэвіч.
•••
З горам (грахом) папалам — з вялікай цяжкасцю, ледзь-ледзь, так-сяк. Вучыцца [Алег] не хацеў, з горам папалам дабіў сем класаў. Радкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паро́жні, ‑яя, ‑яе.
Пусты, нічым не запоўнены. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняй: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду. Колас. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем і цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. Грахоўскі. // Разм. Нікім не заняты, свабодны. Якраз тут было не так багата людзей, і .. [Рыгор] пайшоў на адной лаўцы парожняе месца. Гартны. Хата была вялікая і парожняя, хоць бяры спраўляй вечарынку. Пташнікаў. Яны самі — і дзядзька, і цётка, і баба, і Казік, і сястра Казікава Стэфа — абедаюць за сталом, а я адзін, як той воўк. І яны абедаюць паперадзе: — стол потым парожні гуляе. Баранавых.
•••
Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераадо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.
1. Дабіцца перамогі ў барацьбе. Пераадолець ворага.
2. Справіцца з якімі‑н. цяжкасцямі, перашкодамі. Пераадолець адставанне. Пераадолець перавал. □ — Цяжкавата Міхасю даецца тэхніка, але ж .. ён усё пераадолее і свайго даб’ецца. Кулакоўскі. Магутная машына звярнула з дарогі, упэўнена пераадолела канаву і рушыла проста на нас. Шыловіч. // Асіліць (дыстанцыю, адлегласць і пад.). І Міцьку здаецца, што так яны і да вечара не пераадолеюць тых дзесяць кіламетраў, што аддзяляюць яго ад калгаса. Лупсякоў.
3. перан. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. пачуцці, жаданні і пад. Пераадолець страх. Пераадолець знямогу. □ [Мацвей:] — Я і сам гэта, Андрэй, ведаю, а вот пераадолець сябе — не магу. Лобан.
4. Атрымаць перавагу, узяць верх. Пачуццё абавязку пераадолела страх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Змяншэнне якой‑н. сумы, вызначанай нормы; паніжэнне цаны на што‑н. — Дык скідкі не зробіш, дзядзька? — усміхаючыся, запытаў Клім. — Скідкі? Не... Хаця... для цябе тройку скіну, а ты мне за гэта пач[а]к махоркі дасі. Ладна? Галавач. [Каморнік Варановічу:] — Вам цяпер далі скідку з падатку на канюшыну?! Чорны.
2. Зніжэнне патрабаванняў да каго‑, чаго‑н., уступка. [Карн:] — Цяпер ужо ты камандуй мной. І глядзі, каб ніякай там скідкі, патурання не даваў ні мне, ні каму з нас. Шамякін. [Дзімін:] — Не так у нас, маўляў, многа галоўных інжынераў, каб не рабіць ім скідак!.. Карпаў.
3. Скачок звера ўбок пры бегу, каб заблытаць сляды. Побач прабег палахлівы бяляк, Скідку зрабіў — і падаўся на [лежню]. Смагаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скон, ‑у, м.
Тое, што і скананне. Адна птушка страпянулася, пачала біцца, відаць, была недастрэленая, і паспрабавала ўзляцець перад скопам. Лужанін. Нечувана ж нідзе, каб праваслаўнага чалавека ў час яго скону спавядаў ксёндз. Сабаленка. // Апошні момант чаго‑н., што адбываецца ў часе. І вось ужо чэрвень на сконе, а адпачынку не відаць. Лобан. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба. Пташнікаў.
•••
Да (самага) скону (дзён, гадоў, жыцця) — да (самай) смерці, да апошніх дзён жыцця. Думалася Платону, што так ужо і будзе. Да самага скону. Ракітны. [Лаўрэн] да скону будзе несці .. [сваё каханне] чыстым і запаветным. Вітка. Стаў родным і будзе да скону гадоў мне І воблік яе [Вільні] незабыўны і колер. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скрыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; незак.
1. Утвараць скрыпучыя гукі; рыпець. Падлога скрыпіць. □ Хісталіся, гнуліся і скрыпелі сосны. В. Вольскі. Суха скрыпіць снег пад нагамі. Пянкрат. Па камяністай дарозе скрыпелі вазы з снапамі. Бядуля. // чым. Рабіць скрып чым‑н. Афіцэр скрыпеў новымі бліскучымі жорсткімі рамянямі. Мележ. Бок балеў так, што Вісарыён скрыпеў зубамі, абмацваючы яго. Самуйлёнак. // Утвараць рэзкі гук, падобны на скрып (пра птушак). Пад ваколіцай голасна кукавалі зязюлі, паблізу, у травяністых нізоўях, скрыпелі дзеркачы. Кірэйчык. // Разм. Гаварыць рэзкім, скрыпучым голасам; бурчаць. [Жанчыны] паклікалі афіцыянтку да сябе і доўга, нудна скрыпелі на яе, дакараючы. Брыль.
2. Разм. Жыць абы-як, з цяжкасцю падтрымліваючы свае сілы. Хворы яшчэ скрыпіць. / у перан. ужыв. Работа не ішла, а скрыпела. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ску́піцца, ‑піцца; зак.
Разм. Сабрацца кучай, масай. Скупіліся хмары над лесам. // Сабрацца разам, збіцца ў кучу, стоўпіцца. Павел.. прысеў і грэе рукі над полымем. Усе скупіліся каля яго. Пестрак. Навокал прыбранага ад посуду стала скупіліся госці. Чыгрынаў.
скупі́цца, ‑плю́ся, ‑пі́шся, ‑пі́цца; незак., на што, з інф. і без дап.
Неахвотна расходаваць, даваць іншым што‑н.; быць празмерна ашчадным. Скупіцца на пачастунак. □ Зайкін скупіўся аплаціць працадні так, як гэта нават дазваляла калгасная капейка. Дуброўскі. Як ні скупіўся [Арцём], як ні шкадаваў, а кожны раз купіць сынку то абаранак, то пернічак. Бядуля. // (звычайна з адмоўем). Быць шчодрым на што‑н. Не скупіўся [Галавач] некага пахваліць, нечаму парадавацца. Скрыган. Ванда Адамаўна, у процілегласць мужу, ніколі не скупілася на словы. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снава́ць, сную, снуеш, снуе; снуём, снуяце; незак.
1. што. Рабіць аснову тканіны. Снаваць пражу. // без дап. Рухацца ўзад і ўперад, робячы аснову, ткучы палатно.
2. перан.; што. Складаць, ствараць. Так і хочацца заўсёды Песню вечную снаваць. Купала. [Віктар і Карызна], працятыя дзелавым клопатам, пачалі снаваць планы бліжэйшай работы. Зарэцкі.
3. Рухацца ў розных кірунках, туды і сюды. Цалюткі дзень снуюць тут людзі — старыя і малыя, хто за Нёман, хто з-за Нёмана. Колас. Студэнты, нібы мурашкі, снавалі сюды-туды. Васілевіч. Па блакітных дарогах роднай зямлі снавалі караваны суднаў. Данілевіч. // Пра думкі, успаміны і пад. У галаве снавалі думкі: а дзе ж падполле? Няхай.
4. перан.; што. Закладваць аснову, ствараць што‑н. А пад страхою ластаўкі Вёсачку гнёздаў снуюць. Камейша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Стан паніжанай жыццядзейнасці, які наступае ў некаторых млекакормячых у неспрыяльную для іх пару года. Упасці ў спячку. Летняя спячка. □ Нарэшце, дзеці рашылі пакінуць вожыка на тыя самым месцы, якое ён аблюбаваў сабе на час доўгай зімовай спячкі. Стаховіч. // Пра здранцвенне халаднакроўных жывёлін. Спячка жаб. / у перан. ужыв. Вось і аблогі. Шмат гадоў ляжалі яны некранутымі, парослыя хмызняком ды рэдкай сухой травой. Ні карысці, ні радасці не было ад іх людзям. Але сёлета прыйшоў канец іх спячцы. Так парашылі калгаснікі. Бяганская.
2. Разм. Неадольная санлівасць. // перан. Стан душэўнага здранцвення; бяздзейнасць, пасіўнасць. І толькі тады абудзіўся [Казімір] ад горкай спячкі, калі пачуў адну навіну, якую ўсе людзі ў аколіцы лічылі звычайнай. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)