пача́так 1, ‑тку, м.
1. Месца, пункт, з якога што‑н. пачынаецца; проціл. канец. Роў браў .. пачатак за вёскай, з балот. М. Ткачоў. У пачатку вёскі Салаўёў, адпусціў машыну .. і пайшоў далей пехатою. Шахавец.
2. Першы момант якога‑н. дзеяння, працэсу, з’явы. Пачатак жніва. Пачатак сеанса. □ Скончылася лета. У пачатку восені паехала Аленка ў Загор’е. Колас. У засадзе [партызаны] ляжалі дзень, ноч і пачатак другога дня. Навуменка. [Васіль:] — Мне здаецца, што гэта пачатак нашай новай дружбы. Шамякін.
3. Аснова, крыніца, сутнасць чаго‑н. У творах ананімнай дэмакратычнай літаратуры прыкметна выяўляецца крытычны пачатак. Барысенка. У .. паэзіі [Някрасава] зліліся ў адно цэлае два процілеглыя пачаткі — і радасць і цяжкасць працы. Івашын.
4. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў). Асноўныя палажэнні, прынцыпы. Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы. Караткевіч.
5. звычайна мн. (пача́ткі, ‑аў); перан. Першыя праяўленні чаго‑н.; зачаткі. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Колас.
6. толькі мн. (пача́ткі, ‑аў). Першыя, пачатковыя звесткі ў якой‑н. галіне ведаў; начаткі. Пачаткі матэматыкі. Пачаткі хіміі.
•••
Даць пачатак чаму гл. даць.
пача́так 2, ‑тка, м.
Суквецце з патоўшчанай воссю, на якой размешчаны кветкі або плады. Кукурузны пачатак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спа́дчына, ‑ы, ж.
1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну. Машара. Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў. Танк. // перан. Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры. Лобан. / Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага. Панчанка. З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну. Нядзведскі. // Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам. «Помнікі». [М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай. Гілевіч.
2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Звязда». Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца. Суднік. Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну. Лойка.
3. Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Зрушыцца з месца, перамясціцца, спусціцца куды‑н. Ваня неахвотна ссунуўся з куфра, папаў нагамі ў галёшы, пашлёпаў. Карпюк. На досвітку ссунуўся [Даніла] з печы, пачаў хадзіць з кута ў кут па хаце. Кулакоўскі. [Сяргей Карага] ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору. Колас. Нічога не гаворачы, Сымон закруціўся ў світку і па сыпкім снезе з ехаў пад мост, Амяллян следам пусціў пілу і ссунуўся сам. Грахоўскі. // Сунучыся, з’ехаць набок. Калоды ссунуліся на адзін бок, і сані збілі з ног Данілу. Пальчэўскі. // Ідучы, едучы, трапіць куды‑н. Ідзеш, ідзеш па вуліцы і раптам ссунешся ў яр. Лужанін. Адна машына ссунулася колам у кювет, стаяла нахіліўшыся. Мележ.
2. Сунучыся, упасці адкуль‑н., з чаго‑н. Чарапіца з хрыбта страхі, відаць, ад выбуху, ссунулася. Алешка.
3. Рухаючыся, наблізіцца. Дзеці ссунуліся цясней адзін да другога. // Насупіцца, нахмурыцца (пра бровы). Але вось за акном з’явіліся руіны — сляды нядаўняй вайны, і твар таты спахмурнеў, сурова ссунуліся бровы. Бяганская.
4. Расслабіўшыся, з’ехаць, спаўзці ўніз, набок. Капюшон плашча ў вартавога ссунуўся з галавы, і Нова з радасцю пазнаў салдата Азёрнага. Хомчанка. Хустка яе ссунулася на вочы, і Арына нічога не бачыла, акрамя ступы і жоўтых у ёй кіяхоў. Ракітны. Вінты з раненай рукі ссунуліся ўніз,.. [Зыгмунт Асядовіч] гэтага не заўважыў. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.
2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.
3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.
4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.
3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
1. Стаць больш моцным, устойлівым. Умацаваўся бераг ракі. Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце. // перан. Набыць большую сілу, стойкасць (пра думкі, пачуцці, якасці і пад.). Пасля нашых апошніх назіранняў у мяне асабіста ўмацавалася вера, што на Месяцы ёсць сапраўдныя багацці. Гамолка.
2. перан. Дабіцца, дасягнуць устойлівага становішча дзе‑н. (у грамадстве, на службе і пад.). Тут [у словах літаратара] чулася не выкпіванне няўмелай работы, а асуджэнне спробы ўмацавацца па грамадска-актыўнай пазіцыі. Лужанін. // Пранікнуцца ўпэўненасцю ў правільнасці чаго‑н.; замацавацца (у якой‑н. думцы і пад.). Умацавацца ў гэтай веры.. [Лабановічу] дапамаглі сяляне. Казека.
3. Стаць больш моцным, развітым. У выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце. «Звязда». [Костусь:] — Калі мы ўсё прыбяром з поля ў пару, дык калгас наш тады ўмацуецца. Чорны. // Палепшыцца, узмацніцца, удасканаліцца. Умацавалася дысцыпліна. □ Роля жанчыны, яе аўтарытэт у сям’і пры сацыялістычным ладзе выраслі і ўмацаваліся як ніколі. «Полымя».
4. Стварыўшы абарончыя збудаванні, замацавацца на якой‑н. тэрыторыі. Часць.. ужо здымалася з месца, каб умацавацца на новай пазіцыі кіламетраў за дзесяць на поўнач. Чорны. Каб не даць ворагу ўмацавацца на новым месцы, мы ішлі за ім няспынна некалькі сутак. Сіняўскі. Гаеўцы, прарваўшы фронт, перлі паўночнае крыло белапалякаў на захад, не даючы ім умацавацца для абароны. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хво́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Які хварэе на якую‑н. хваробу. Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. Гарэцкі. / у знач. наз. хво́ры, ‑ага, м.; хво́рая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Агледзеўшы хворага, Наташа пераканалася, што яе дапамога сапраўды была тэрмінова неабходная. Краўчанка. Дактары па два разы на суткі прыходзілі да хворай. Пальчэўскі.
2. Пашкоджаны хваробай (пра цела і яго часткі). Цягнучы хворыя ногі ў валёнках, ідзе да Юркі бабуля. Брыль. [Люба] памачыла халоднай вадой хворае месца і завязала хустку. Чорны. Голас чароўны з тугою звінеў Пра птушку маленькую з хворымі грудкамі. Панчанка. // перан. Растрывожаны, неспакойны. Далёкае неба, сіняе неба!.. Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Колас. // Які сведчыць аб хваробе, хваравітым стане. Сымоніха.. ціха, слабым, хворым голасам кажа: — Сымонка! што ты робіш? Бядуля. // Пашкоджаны хваробай (пра расліны і іх плады). [Андрэй] бачыў перад сабою.. Калхіду — гнуткае трапяткое трысцё, хворыя лясы, ўзвышшы курганоў. Самуйлёнак. // (звычайна з адмоўем «не») у знач. вык. Разм. Магчы, быць здольным (зрабіць што‑н.). [Гарлахвацкі:] Ты б рамізніка ўзяла. [Анна Паўлаўна:] Не хворы і сам занесці. Крапіва.
3. Ненатуральны, ненармальны, празмерны. Хворае.. ўяўленне [Вялічкі] ўзнімала аслабелыя сілы да раптоўных парываў, якія тут жа ападалі. Чорны.
•••
Венерычны хворы — той, хто хварэе венерычнай хваробай.
Валіць (зваліць) з хворай галавы на здаровую гл. валіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хро́ніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.
1. Запіс гістарычных падзей у храналагічнай паслядоўнасці; летапіс. Варта было б успомніць, што сто гадоў назад П. Гільтэбрант надрукаваў урывак са Слуцкай хронікі; хроніка гэта ў той час захоўвалася ў Нясвіжскім архіве Радзівілаў. «Полымя». Жанр летапісу ці хронікі даўно ўжо склаўся ў біяграфічнай літаратуры. Г. Кісялёў.
2. Літаратурны твор, у якім паслядоўна выкладаецца гісторыя грамадскіх, палітычных і іншых падзей. Выдатнае месца сярод старажытных помнікаў пісьменнасці беларускага народа займаюць летапісы і хронікі. Чамярыца. // Гісторыя якога‑н. роду, сям’і. Сямейная хроніка Нявады-Лукашэвіча перапыняецца хронікай сям’і Сымона Ракуцькі. Дзюбайла. // Гісторыя якіх‑н. падзей, чыіх‑н. прыгод. [Ігналя] давай, як па кнізе, чытаць хроніку пройдзенага дня ад самага рання. Бядуля. Я коратка расказаў Зіне «хроніку» свайго жыцця, пачынаючы з ваенных гадоў. Васілевіч.
3. Кароткая інфармацыя аб бягучых падзеях (у газеце, часопісе, па радыё). Цяпер жа не падлягала сумненню, што ў барацьбе з народам брала верх самаўладства. Варта было.. зірнуць на хроніку, што змяшчалася на старонках тагачасных часопісаў, на царскія загады, на розныя цыркуляры, каб пераканацца ў гэтым. Колас. // Аддзел інфармацыі аб мясцовым бягучым жыцці (у газеце, часопісе).
4. Дакументальны фільм аб падзеях бягучага жыцця. Пеця авалодаў пакуль што самымі элементарнымі ведамі кінатэхніка.. Аднойчы яму нават пашанцавала самастойна прапусціць хроніку! Стаховіч.
[Грэч. chroniká.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.
1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.
2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.
3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.
•••
Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які займае недастатковую плошчу; такі, дзе мала вольнага месца. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Бядуля. // перан. Які гняце, удушлівы, затхлы. Свет стары грудзям быў цесен. Танк.
2. Малы па размеру (пра адзенне, абутак і пад.). Цесныя боты. □ Вядома, каму не люба прыгожа апранацца?! Да твару, да стану. Кожнаму хочацца насіць новае адзенне. Насіць такое, каб яно было па ўласнай мерцы, не цеснае, лёгкае, прыгожае. Грамовіч.
3. Шчыльна размешчаны адзін каля аднаго. Мужыкі цесным кружком садзіліся каля Сцяпана. Колас. Для кожнага ў свеце прыходзіць той дзень, Калі з маладосцю на вернасць рукаюцца, За цесным сталом, дзе вяселле ідзе, Бацькі, і сябры, і сваты сустракаюцца. Прыходзька.
4. перан. Які ахоплівае, уключае ў сябе нямногіх; абмежаваны. Цеснае кола сяброў. □ Збірайцеся дружна сябрынаю цеснай, Спяем пра наркома, таварышы, песню. Глебка.
5. перан. Блізкі, непасрэдна звязаны з кім‑, чым‑н. Цесны кантакт. □ З гэтага дня завязалася наша цеснае сяброўства з Юркам. Васілевіч. Атрад, як частка Баранавіцкага злучэння і частка трохсоттысячнай арміі беларускіх партызан, наладзіў цесную сувязь з Масквой. Брыль. // Ідэйна блізкі, з’яднаны. Будаўніцтва матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма вядзе да яшчэ больш цеснага збліжэння сацыялістычных нацый. «Звязда».
•••
У цесным сэнсе слова — у вузкім, канкрэтным значэнні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)