калатня́, ‑і, ж.
Разм.
1. Сварка, звычайна з пабоямі (у хаце, у сям’і). — Мір і спакой гэтаму дому. А то ў другую хату зойдзеш, ідзе такая калатня, што хоць ты вушы затыкай. Гурскі.
2. перан. Бойка, вайна. Раз увосень, калі канчалася вайна, малады чырвонаармеец хадзіў.. і прыглядаўся да асобных будынкаў, што нейкім парадкам асталіся пасля гэтакай калатні. Чорны. Глядзела сонца ў засмучэнні На калатню варожых станаў. — Не вырваць злу ад зла кайданаў. Колас. // Мітусня, неразбярыха, перапалох. Учора ў гэтай самай цырульні была калатня: цэлы дзень дэфензіўшчыкі затрымлівалі і абшуквалі ўсіх. Сабаленка.
3. Дзеянне паводле дзеясл. калаціць (у 1 знач.); хістанне, дрыжанне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заце́рці, ‑тру, ‑траш, ‑трэ; ‑тром, ‑траце; пр. зацёр, ‑цёрла; зак., каго-што.
1. Тручы, зрабіць што‑н. нябачным, невыразным; сцерці. Зацерці надпіс на сцяне. // Разм. Выцерці (брудны след, лужыну і пад.). Вакол чыгуна і пад нагамі хлопца стаяла такая лужына, што мо з паўгадзіны трэба было б старой гнуцца, каб зацерці яе. Кулакоўскі.
2. Сціснуць, пазбавіць магчымасці свабодна рухацца. Ільды зацёрлі карабель. Зацерці ў натоўпе. // перан. Разм. Перашкодзіць каму‑н. праявіць сябе, не даць ходу. [Даніла] вучыцца завочна ў тэхнікуме, быў брыгадзірам. Гэта яго Свідрань зацёр за пярэчанні. Дуброўскі.
3. Прыгатаваць што‑н. заціраннем. Зацерці муку. Зацерці талакно.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паску́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм. груб.
1. Брыдкі, агідны. — Канвойнікі падганяюць нас, пакрыкваюць ды такімі паскуднымі словамі лаюцца, што і слухаць моташна. Колас. // Дрэнны, гадкі. Дровы былі тады, і паскудныя ж — хоць ты сам заместа іх у топку лажыся. Лынькоў. [Дзед Бадыль:] Лагчына там, ды такая ж паскудная! Што ні ступіш, дык навылёт і навылёт. Крапіва.
2. Лаянк. Несумленны, непрыстойны, благі; які любіць рабіць шкоду, подласць. Паскудны чалавек заўсёды пакажа сябе, тут нечаму асабліва здзіўляцца. Лынькоў. [Саўка:] — Я, Цімох, не буду апраўдвацца: я ўзяўся за гадкую, паскудную справу. Мяне нанялі войт і яго сябры, каб я стаў фальшывым партызанам. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перш, прысл.
Спачатку, раней. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч. [Маці] хацела запаліць святло, але Мікола папрасіў перш завесіць вокны. Федасеенка.
•••
Перш за ўсё — у першую чаргу. Чалавек на зямлі, хто б ён ні быў: воін ці будаўнік, а перш за ўсё сейбіт. Гроднеў.
Перш-наперш — спачатку, перш за ўсё. Калі змены супадалі, то Ліда перш-наперш старалася наведацца на Лёнеў участак. Кулакоўскі.
Перш чым (злучнік часавы) — перад тым як, да таго як. Дзён пяць блукаў Антось па навакольных вёсках і хутарах, перш чым натрапіў на след пана. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. правіць (у 1 знач.).
2. Выбарны орган, які стаіць на чале якой‑н. установы, арганізацыі і пад. На гэтым жа сходзе было абрана і праўленне калгаса і месца, дзе павінен быць калгасны штаб. Колас. // Пасяджэнне такога органа. На праўленні шмат у нас гаварылася пра калгасны будаўнічы стыль. Бядуля. // Памяшканне, дзе знаходзіцца такі орган. Я пайшоў у праўленне, а Шаевіч са злосці паплёўся недзе ў сад. Сабаленка. Дзямід Мікалавеіч выйшаў з праўлення на вуліцу. Паслядовіч.
3. Назва некаторых адміністрацыйна-паліцэйскіх устаноў у дарэвалюцыйнай Расіі, а таксама памяшканне, у якім знаходзілася такая ўстанова. Валасное праўленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раско́ліна, ‑ы, ж.
1. Лінія расколу чаго‑н.; трэшчына. Алешыну раскалола навальніца. Віця нават засунуў руку ў расколіну — такая яна была вялікая. Хомчанка. Сцены хаты, сухія, з глыбокімі расколінамі, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха. Караткевіч.
2. Глыбокая трэшчына ў зямлі, горнай пародзе; цясніна. [Скрут і Балаш] ішлі, пераскокваючы расколіны, абходзячы непрыступныя пікі. Шыцік. Марудзіць тут няма калі, і мы хаваемся ў расколіну і па ёй збягаем к берагу. С. Александровіч.
3. перан. Разлад, разыходжанне паміж кім‑, чым‑н., выкліканыя рознагалоссямі, супярэчнасцямі. Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.
Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.
•••
І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сякі́-такі́, сякая-такая, сякое-такое; займ.
Разм.
1. неазначальны. Некаторы. [Каменшчыкаў:] — Дык пройдзем да мяне, у штаб, там сякія-такія запісы ёсць. Гурскі.
2. неазначальны. Які папала; нязначны, няважны. [Міцька:] — Ды што ў нас за зброя была — сякі-такі кулямёт ды вінтоўкі. Брыль. Узяўшы ў рукі клуначак з сякой-такой адзежай і ўбачыўшы яшчэ меншыя клункі ў руках апранутых у дарогу браціка і сястрычкі, .. [Стася] з плачам кінулася да бацькі. Лось.
3. азначальны. Ужываецца замест пераліку якіх‑н. ацэначных слоў, характарыстык (звычайна з адмоўным адценнем). Ідуць чырвоныя палкі, І чуваць напеў стары: — Эх, сякі-такі, Чорт вас пабяры!.. Босыя спаткалі іх: Гоман, жарты, крык... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тужлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты тугой, поўны тугі. З неба даносяцца тужлівыя крыкі: «Курлы! Курлы!» Даніленка. Толькі ўзняўся .. [Корбут], ля вогнішча стаў. І заспяваў. Тужлівая такая песня. Сумная. Савіцкі. Ціхім жалем веяла ад аднатонных малюнкаў палескіх куткоў, дзе ўсё ж такі жыццё стварала своеасаблівыя формы і, нягледзячы на ўбоства, мела сваю павабнасць і хараство, свой твар, поўны тужлівага задумёная. Колас. // Які выяўляе тугу. Пастарэла, вельмі пастарэла ты, мама .. У куточках рота назаўсёды ляглі тужлівыя складкі, у вачах — глыбокі смутак. Каршукоў. Погляд .. [Срэбнікава] стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Быкаў.
2. Які наганяе тугу, выклікае тугу. Была тужлівая цішыня, душная цемра,.. страх сціснуў сэрца дзяўчынкі. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узгадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., што.
1. Прывесці ў пэўную адпаведнасць з чым‑н. Узгадніць дзеянні авіяцыі з дзеяннямі пяхоты. Узгадніць гадавы план з планамі пяцігодкі. □ Так, другі гарком камсамола створаны. Ён стаў фактам. Але мяне не пакідала думка: як узгадніць работу гэтага паўднёвага гаркома з тым паўночным, які дзейнічае ўжо не адзін месяц. Дзенісевіч.
2. Выпрацаваць адзіную думку, погляд і пад. наконт чаго‑н., атрымаць згоду, дазвол на што‑н. У палкоўніка ўжо даспяваў план, які ён павінен быў распрацаваць і ўзгадніць з генералам. Паслядовіч. Таццяна Пятроўна адказала, што такая, думка ёй спадабалася, але што трэба абавязкова ўзгадніць яе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)