уту́льнасць, ‑і, ж.

1. Выгода, упарадкаванасць жылля, быту. Паны, паненкі і панічы яшчэ спяць: ажылі толькі слугі, рыхтуючы для іх дастатак і ўтульнасць новага дня. Брыль. У пакоі цішыня. І утульнасць. Такая ўтульнасць, калі кожная рэч тут мае сваю сурвэтку, зробленую рукой самой гаспадыні, калі .. на сценах вісяць аплікацыі і вышыўкі. Скрыган. Прасторны пакой з прыбранымі пасцелямі сваёй утульнасцю і цяплом прыняў папаўненне. Алешка.

2. Уласцівасць утульнага. Уздоўж мяжы ішоў дазорны, Успамінаў утульнасць хат. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

целяпа́цца, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Матляцца, будучы слаба прымацаваным або прымацаваным за адзін канец. Расшпілілася і целяпалася ззаду пражка ад камізэлькі. Скрыган. Трэцяя [жанчына] несла за плячыма мяшочак, які пры бегу целяпаўся і біў па спіне. Мележ.

2. Звісаць, шчыльна не прылягаючы (пра адзенне). Стракаты пінжак целяпаўся на вузкіх плячах. Хомчанка. Адна калошка ў штоніках у хлопчыка падкасана да калена, а другая, што целяпалася па назе, была мокрая і ў жоўтым пяску. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бра́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць кароткія звонкія гукі, удараючы чым‑н. па металічных, шкляных і інш. прадметах. За плячыма ў Даражкова была скрынка з інструментам; там бразгалі адно аб адно гаечныя ключы, балты, кастылі. Васілёнак. // чым. Рабіць, выклікаць шум, гукі ўдарамі металічных або шкляных і інш. прадметаў аб што‑н. Нехта ідзе да дзвярэй хаты Рудзінскіх і бразгае клямкаю. Скрыган. У кухні засталася адна маці — яна яшчэ доўга там бразгала посудам. Хадкевіч.

•••

Бразгаць зброяй — пагражаць вайною.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бронь 1 і (радзей) бро́ня, ‑і, ж.

Замацаванне якой‑н. асобы або прадмета за кім‑, чым‑н., якое робіць іх недатыкальнымі для іншых, а таксама дакумент на такое замацаванне. У Паўла і Васі .. была бронь, аднак хлопцы вырашылі ісці на фронт. Брыль. [Ермаліцкі] падаў на подпіс бронь на зарплату. Скрыган. Леў Раманавіч раптам адчуў, што.. хавацца далей за паперкай-бронню непрыстойна і нават злачынна. Асіпенка.

бронь 2,

У выразе: бронь божа — тое, што і барані божа (гл. бог).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жаўце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Вылучацца сваім жоўтым колерам, віднецца (пра што‑н. жоўтае). На дрэвах у садзе золата жаўцелі адны толькі антонаўкі. Сабаленка. Убаку, дзе дарога падступала к зарасніку, нібы падфарбаваны, жаўцеў яшчэ новы масток. Мележ.

2. Станавіцца жоўтым, набываць жоўты колер. Жаўцець ад часу. // Паспяваць (пра плады, злакі). Лён на ўчастку пачаў жаўцець. // Вянуць, адміраць (пра лісце раслін). Стала восень, толькі пачыналі жаўцець і ападаць лісты. Скрыган. // Набываць нездаровы колер твару, цела. Жаўцець ад хваробы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўзна́к, прысл.

1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.

2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.

3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

Разм.

1. Нарабіць чаго‑н. кепскага, гадкага каму‑н., нашкодзіць. Як бы ні радзіў, абы не падгадзіў. Прыказка.

2. (пераважна з адмоўем «не»). Зрабіць што‑н. не так, як належыць; сапсаваць. — Націскай, Ігнат, націскай! — Не паддавайся, Алеся, наляж!.. — Алеська, не падгадзь! Скрыган.

падгадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак.

Разм.

1. Угадзіць, дагадзіць каму‑н.

2. пераважна безас. Стаць, быць спрыяльным (пра надвор’е). [Мароз:] — Падгадзіла з дожджыкам — і ўраджай, не падгадзіла — няма яго. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазаганя́ць 1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Загнаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Лівень] пазаганяў у хаты людзей і, як бы нацешыўшыся, аціх. Асіпенка. Цімох Сымонавіч на ўсякі выпадак схапіў у рукі дубальтоўку і пазаганяў на месца патроны. Дубоўка.

пазаганя́ць 2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.

Разм. Заганяць, замарыць усіх, многіх. — Коней.. пазаганялі да таго, што на іх страшна было паглядзець. Скрыган. — Вот ты, Пятро, дзень і ноч ірвеш, баб сваіх пазаганяў, а як жывеш? Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаме́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пакамячыць (у 1, 3 знач.).

2. у знач. прым. Няроўны, нягладкі ад працяглага або неакуратнага нашэння, ужывання і пад. Стась устае, абцягвае на сабе мокрае, пакамечанае адзенне, папраўляе торбачку. Сачанка. Андрэй бачыў, як нялёгка Ладымеру расстацца з гэтымі пакамечанымі рублямі, якія немаведама колькі ляжалі ў кашальку. Чарнышэвіч. // перан. Са слядамі стомленасці (пра твар, выгляд і пад.). Быў хлопец, здавалася, яшчэ зусім малады, а гэта — мужчына.. толькі ўвесь пакамечаны нейкі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

Размяркоўваць, адбіраць па сартах (у залежнасці ад якасці, памераў і пад.). Пасля абеду.. [Валі] захацелася схадзіць у дальнюю брыгаду — на пасёлак Вадапой, праверыць, як там сартуюць насенне льну. Шамякін. // Размяркоўваць што‑н. па якіх‑н. падобных прыкметах. Сартаваць пісьмы. □ [Маргарыта] праглядае і сартуе сукенкі. Скрыган. Тамара ўзялася сартаваць іх. Яна ўбачыла, што кніжкі трэба працерці ад пылу, і стала праціраць. Ермаловіч. // перан. Разм. Дзяліць па разрадах, прыводзіць у сістэму. Сартаваць успаміны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)