тыфо́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тыфу. Тыфозная гарачка. // Які выклікае тыф. Тыфозны мікроб.
2. Хворы тыфам. [Наталля Пятроўна:] — Помню, як .. [Алёша] лядзяшкамі кідаў у мяне, калі я тыфозную маці ў бальніцу забірала. Шамякін. / у знач. наз. тыфо́зны, ‑ага, м.; тыфо́зная, ‑ай, ж. Па вагоне раптам прайшла чутка: «Не прымаюць! Няма куды. Горад перапоўнены тыфознымі!» «Полымя». // Прызначаны для хворых тыфам. Тыфознае аддзяленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
угру́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. угруз, ‑ла; зак.
Глыбока ўвязнуць (у гразі, снезе і пад.). Марыя выйшла людзям насустрач, саступіла з грудка і раптам правалілася ў багну. Паспрабавала вылазіць і ўгрузла яшчэ глыбей. У яе ўжо не было сілы выцягнуць ногі з балота. Кулакоўскі. // Асесці, уехаць у зямлю. А вось і бацькава хата. Яна як бы трошкі ўгрузла ў зямлю. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шлёпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Гучна, з пляскам, шумам стукацца, біцца аб што‑н. Вялікі саган з капустай быў абхоплены полымем. Вар у ім.. шлёпаўся. Бядуля.
2. Шумна, з глухім гукам падаць; плюхацца. Адна качка хіснулася, нырае ўніз, няёмка махае аслабелымі кры[ла]мі і, апісаўшы дугу, раптам шлёпаецца ў ваду. Колас. Часта і густа шлёпаліся міны і снарады. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
і́менна, часціца.
1. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. члена сказа, для ўказання на яго; азначае: якраз. Іменна Пракоп падказвае сваім хлопцам, большасць тых ідэй, якія прынеслі брыгадзе славу. Шыцік. [Самуйлёнак] прыносіў у беларускую літаратуру сваё новае, арыгінальнае, уласцівае іменна яму. В. Вольскі.
2. Ужываецца пры далучэнні сказа або асобных членаў сказа, якія растлумачваюць, удакладняюць выказаную думку. Стары Юстынь Сташэвіч раптам адчуў, што змарыўся. Іменна раптам. Чарнышэвіч. / У спалучэнні са злучнікамі «а», «і». А бабуля ці мама шукае цябе, гукае з парога, нібы ты ёй немаведама як спатрэбіўся і іменна цяпер... Брыль. // Ужываецца перад пералічэннем, якое раскрывае і ўдакладняе сэнс абагульняючага слова. У лесе растуць розныя дрэвы, а іменна: дуб, бяроза, сасна.
3. (часта ў спалучэнні з «во», «вось»). Разм. Ужываецца як сцвярджальнае слова са значэннем: так, сапраўды так. Вось іменна! □ — Іменна, людзі няхай надаюць вартасць чалавеку, а не ён сам сабе. Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ніць, ‑і, ж.
1. пераважна мн. (ні́ці, ‑цей). Тонка ссуканая пража, якая ўжываецца для шыцця, вязання і інш. Клубок ніцей. □ [Пальцы Тапурыя] хутка перабіралі тонкія ніці і.. спрытна працавалі чаўнаком. Самуйлёнак.
2. перан. Аб чым‑н., што падобна на нітку, нагадвае нітку. Срабрыстыя ніці павуціння насіліся ў паветры. С. Александровіч. Па шляху, праз хмызнякі, праз поле, Да лугоў, дзе ўецца рэчкі ніць, Гоніць вецер стромкія таполі, Каб вадой сцюдзёнай напаіць. Кірэенка.
3. перан. Тое, што злучае адно з адным, служыць для сувязі. Ніці сваяцтва. □ Было відаць, што ў гэты невялікі домік цягнуліся ніці кіравання велізарнымі партызанскімі сіламі. Пятніцкі. Гаворачы з Аляксеем, .. [Наталля Міхайлаўна] часта раптам траціла ніць размовы. Мележ. // Рад, чарада чаго‑н. І раптам спыніўся дзед Сёмка, Разваг абарвалася ніць. Колас.
•••
Праходзіць чырвонай ніццю гл. праходзіць.
Пуцяводная ніць — тое, што дапамагае знайсці верны шлях у дасягненні чаго‑н., выйсці з цяжкага становішча.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гры́мнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм.
1. З грукатам упасці, паваліцца. І раптам — гром скалануў паветра: збіты «месер» грымнуўся побач. Якімовіч. Патапчык спыніўся, выхапіў з кішэні рэвальвер і, не цэлячыся, стрэліў. Конь з ходу грымнуўся на зямлю. Чарнышэвіч.
2. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. Алік за штосьці зачапіўся і грымнуўся спіною аб зямлю. Шашкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аслупяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Знерухомець ад моцнага ўзрушэння; анямець ад здзіўлення і інш. Раптам Гарпіна схамянулася і ўся аслупянела ад здзіўлення — гэта ж па радыё называлі яе імя, звярталіся да яе! Краўчанка. Усхапіўшыся, ён [Вайцех] сеў і аслупянеў адразу: недалёка, якраз насупраць яго, ля бярэзніку, дзесяткі два дзікоў калашмацілі мэдлікі пшаніцы, як толькі маглі. Пташнікаў. На дзядзьку-кухара глядзелі, Як бы яны [дзеці] аслупянелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карма́, ‑ы́, ж.
1. Задняя частка судна, процілеглая носу. Параход плаўна адваліў ад прыстані. За яго кармой запенілася вада. Даніленка. [У лодцы] сядзела трое. На карме — інжынер Сакавітаў з рулявым вяслом у руках. Шамякін. // Пра заднюю частку танка, самалёта. Танк, як ляцеў, раптам з разгону асеў на адзін бок, падкінуўшы карму. Мележ.
2. Тое, што і куль 3. Нарэшце і карма, гэты вялізны мяшок-сетка, схавалася пад лёдам. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мінулаго́дні, ‑яя, ‑яе.
Які мае адносіны да мінулага года; леташні. Мінулагодні тэатральны сезон. Мінулагоднія моды. // Які застаўся, захаваўся ад мінулага года. У затоне, паміж сухіх мінулагодніх чаротаў, раптам голасна закрычаў качур. Краўчанка. Гірляндамі вісяць на .. яловых лапках мінулагоднія шышкі. Зуб. // Зроблены, створаны ў мінулым годзе. Успомніўшы, відаць, мінулагодні праект моста, [дырэктар] махнуў рукой і сур’ёзна сказаў: — Добрую справу не забракуеш: яна праб’е сабе дарогу. Рунец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наўцёкі, прысл.
Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)