жму́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Сціскаючы павекі, прыплюшчваць вочы. І ўжо дзед стрэльбу да пляча прыставіў і жмурыцца пачаў левым вокам. Лынькоў. Аднойчы з калегам мы ляжалі на гарачым беразе і жмурыліся ад сонца, разглядаючы на гарызонце празрысты дымок парахода. Скрыган. // Прыплюшчвацца, прыкрывацца (пра вочы). Калі Павел на што-небудзь скардзіўся, вочы дзядзькі жмурыліся. Гроднеў. Ад нязвыклага зіхацення снегу самі жмурыліся вочы. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замаскірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.
Зрабіць непрыметнай сваю прысутнасць, схаваўшыся за што‑н., прыкрыўшыся чым‑н. [Віктар] замаскіраваўся ў густым вішняку ля плота і пачаў назіраць за поплавам. Федасеенка. У хмызняку, за гародамі, нашы танкі замаскіраваліся і ў змроку, перад світаннем, сышліся з фашысцкімі браневікамі і танкеткамі. Кухараў. // перан. Скрыць свае намеры, сутнасць. З шваграм-манцёрам пайшоў [шавец] па манцёрству, каб гэтым замаскіравацца, схавацца. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пузы́рыцца, ‑рыцца; незак.
Узнімацца, пакрывацца пузырамі. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася. Лобан. Набліжэнне нафты першым заўважыў Гошка. Занепакоіла яго, што раствор пачаў пузырыцца і цямнець. Лукша. // Надзімацца, узнімацца пузыром (пра тканіну, адзежу і пад.). Пузырылася на ветры яго [Мішы] белая кашуля, адлятаў назад, абвіваючы шыю, чырвоны гальштук. Васілевіч. На прасценку лапаціць-пузырыцца геаграфічная карта з абазначэннямі лініі фронту. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Больш, даўжэй падумаць, памеркаваць. [Чорны] згарнуў рукапіс і, прамовіўшы нешта накшталт: «Трэба раздумацца», пачаў апранацца. Лужанін.
2. Падумаўшы, памеркаваўшы, змяніць ранейшую думку; адумацца. Мікуць і Міхал назаўтра раздумаліся і ад малатарні Банадысёвай адмовіліся. Чорны. [Вера:] — Ведаеш, Максімка, я нават не ведаю, як гэта здарылася. Не хацела трывожыць цябе, паслала пісьмо, а на другі дзень раздумалася, спалохалася. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рубі́ць 1, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.
Падшываць край чаго‑н.; рабіць рубец. Рубіць хустку.
рубі́ць 2, рублю, рубіш, рубіць; незак., што.
1. Будаваць што‑н. з дрэва, бярвення. Захар аблюбаваў месца для новай хаты і пачаў рубіць зруб. Краўчанка. Уладзік толькі дрэва навалачыў, каб новую хату рубіць. Брыль.
2. Здабываць (руду, вугаль).
•••
Рубіць з пляча — гаварыць, дзейнічаць неразважліва, рэзка, занадта катэгарычна.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
факультэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.
Аддзяленне вышэйшай павучальнай установы, дзе вывучаецца пэўны цыкл сумежных навуковых дысцыплін. Лёня паступіў на біялагічны факультэт універсітэта і пачаў спецыялізавацца ў сваёй любімай навуцы пра птушак — арніталогіі. В. Вольскі.
•••
Рабочы факультэт — у СССР з 1919 да канца 30‑х гадоў агульнаадукацыйная ўстанова для паскоранай падрыхтоўкі рабочай і сельскай моладзі да навучання ў вышэйшай школе; рабфак.
[Ням. Fakultät ад лац. facultas — магчымасць.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хры́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хрыпець.
хры́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.
Пачынаць гаварыць хрыпла, траціць чыстату голасу. Паліна заглянула ў блакноцік.. А палове сёмай — нарада. Як надакучылі яны!.. Амаль кожны дзень — адна за другой. Спрачаюцца, аж хрыпнуць людзі. Савіцкі. Аж хрыпнуць пад вятрамі каштаны. Нясе ў глыбіні адарваны буй... Бураўкін. // Станавіцца хрыплым (пра голас). У спевака голас пачаў хрыпнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штампо́ўка, ‑і, ДМ ‑поўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. штампаваць (у 1 знач.). Гарачая штампоўка. □ Пятра так прывабіла магчымасць перайсці на штампоўку дэталі, якую яны дагэтуль выточвалі, ён так блізка прыняў да сэрца Андрэеву задуму, што і сам пачаў увесь час жыць ёю. Шахавец.
2. Р мн. ‑повак. Гатовы выраб ці дэталь, зробленыя пры дапамозе штампа (у 1 знач.). Працэнт выпуску штамповак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.
2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.
3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.
4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; незак.
1. што і без дап. Выкалочваць, выбіваць зерне з каласоў, стручкоў і інш. цапамі, пры дапамозе малатарні ці камбайна. Малаціць ячмень у гумне. Малаціць гарох. □ Тут [на полі] камбайны і жнуць, І малоцяць услед... Журба.
2. перан.; чым, па чым, у што. Разм. Удараць, стукаць. Нехта адчайна малаціў жалезным крукам па буферы. Лынькоў. [Барташэвіч] раз’юшыўся і стаў малаціць нагамі і рукамі куды папала. Карпюк. // каго і без дап. Біць, збіваць, наносячы частыя ўдары. «Біць [маці] будзе, — падумаў Лёня Сокал.. — Як пачне малаціць, дык уцячы не паспееш». Нядзведскі.
3. перан.; што. Разм. Разбіваць, ламаць. Юзік ухапіў дзеравяны малаток і пачаў малаціць вокны. Мурашка. // каго. Забіваць, знішчаць. І пайшлі воіны ў атаку, рынуліся калоць, малаціць цемрашалаў. Бялевіч.
4. перан. Разм. Хутка гаварыць, лапатаць. Пачаў [старшыня гаварыць] ціха, спакойна, а потым як пайшоў, як пайшоў малаціць! Здатны на гаворку! Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)