зі́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Кідаць позірк на каго‑, што‑н.; паглядаць. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася, як брага. Шэмет зіркаў на кожную бурбалку. Лобан. Я ўзняў галаву і глянуў на дзяўчынку, што сядзела побач і зіркала то ў кніжку, то на мяне ды хітравата ўсміхалася. Мыслівец. / Пра вочы. Вочы з-пад барановай шапкі з адвіслымі вушамі зіркаюць востра, пільна. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бярло́г, берлагу, м.

Зімовае логава мядзведзя. У спешцы ж пад бярлог [мядзведзь] Мясціну падабраў благую. Корбан. // Свіное логава. У адным хляве і берлагу І нават ад адной свінні Радзіліся яны — Адзін Руды, другі Падласы. Крапіва. // Разм. іран. Жыллё. [Віктар] — Казакі прыехалі не дзезерціраў лавіць, а пані Відацкае бярлог сцерагчы. Лобан. // Разм. Неакуратная, непрыбраная пасцель. Распарола мой сяннік ты, Развярнула мой бярлог. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вох, выкл.

1. Выказвае здзіўленне, гора, боль, жаль, сполах і інш. пачуцці. [Шэмет:] — Пара цяпер якраз такая... Адышоўшы кіламетраў са два ад горада ўверх — вох і рыбы. Лобан. [Марка Парэмская:] — Даўненька ляжыць [Павел] за далёкім Дунаем... Вох, чаго ён не нарабіў, гітлеруга пракляты!.. Ракітны.

2. у знач. наз. во́хі, ‑аў. Вохканне, нараканне. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся краса[ла]. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пузы́рыцца, ‑рыцца; незак.

Узнімацца, пакрывацца пузырамі. Вада ў рацэ гарэла і пузырылася. Лобан. Набліжэнне нафты першым заўважыў Гошка. Занепакоіла яго, што раствор пачаў пузырыцца і цямнець. Лукша. // Надзімацца, узнімацца пузыром (пра тканіну, адзежу і пад.). Пузырылася на ветры яго [Мішы] белая кашуля, адлятаў назад, абвіваючы шыю, чырвоны гальштук. Васілевіч. На прасценку лапаціць-пузырыцца геаграфічная карта з абазначэннямі лініі фронту. М. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раско́ўзаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскоўзаць.

2. у знач. прым. Слізкі, коўзкі. Пятро доўга ішоў раскоўзанай вуліцай паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы. М. Стральцоў. Дзверы ў зямлянку былі нізкія. Спуск круты і раскоўзаны. Мыслівец.

3. у знач. прым. Раскіданы, растрэсены коўзаннем. Людзі з .. [фурманак] ціха паглядалі .. на раскоўзаную салому пад сабою. Чорны. Кандрат вельмі ж падазрона зірнуў на раскоўзаны ложак. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвыва́ць, ‑ае; незак.

1. Выць час ад часу, нядоўга. [Сабака] адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Чорны. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Падвывае матор. Падвывае мяцеліца. □ У коміне пачынаў падвываць вецер. Лобан.

2. Суправаджаць што‑н. выццём. [ванька] не чуў, як сястрычка клікала маці, як плакала, узлезшы на жэрдкі плота, а Мурза жаласна падвываў ёй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрулі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Кіруючы рулём, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. на самалёце, машыне і пад. Антон устрывожыўся, калі Шпілеўскі, выключыўшы матор, падруліў да ўзбочыны. Савіцкі. Ярота падруліў на самакаце к тратуару і пераступіў нагою з педаля на дошку. Лобан. // што. Кіруючы рулём, падвесці куды‑н. машыну, самалёт і пад. Неўзабаве чарнявы юнак.. падруліў грузавік да самага спуска. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падшэ́рхнуць, ‑не; пр. падшэрх, ‑ла; зак.

Разм. Падсохнуць крыху ад марозу. [Параска:] — Я садамі ішла. Па садах сушэй. Ужо трохі зямля падшэрхла. Лобан. «Пад раніцу падшэрхла зямля». І слова гэтае «падшэрхла».. так перадае адчуванне, што нават і бачыш гэты маленькі марозік, і чуеш ранішні халадок. Скрыган. / у безас. ужыв. На вуліцы падшэрхла нанач, і.. боты месцамі грукалі па голай зямлі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памянша́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для памяншэння адлюстравання бачымых прадметаў. Памяншальнае шкло.

2. Спец. Звязаны з утварэннем назоўнікаў і прыметнікаў, якія абазначаюць меншую велічыню прадмета або меншую ступень якасці. Памяншальны суфікс.

3. Які ўжываецца ў змененай, часам скарочанай форме пры звароце (аб уласных імёнах). — Ірачка! — Кудрыцкая ўсміхнулася: вельмі ж нечаканай здалася ёй гэта памяншальная форма ў вуснах Шэмета. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недастатко́ва, прысл.

1. прысл. Менш, чым патрэбна; мала. Тое, на што раней мы недастаткова звярталі ўвагі, цяпер становіцца сур’ёзным тормазам. «ЛіМ». // У недастатковай ступені; не зусім добра, слаба. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.

2. безас. у знач. вык. Мала, не хапае. [Шэмет:] — Вашых адчуванняў мне недастаткова. Я.. [Яроту] таксама трошкі ведаю. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)