інстыту́т, ‑а, М ‑туце, м.

1. Навучальная ўстанова, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой‑н. галіне. Медыцынскі інстытут. Педагагічны інстытут. Паступіць у інстытут. Займацца ў інстытуце.

2. Навукова-даследчая ўстанова. Інстытут кібернетыкі. Інстытут ядзернай фізікі. Інстытут мовазнаўства.

3. Сярэдняя навучальная ўстанова закрытага тыпу для жанчын у дарэвалюцыйнай Расіі. Інстытут шляхетных дзяўчат.

4. Сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны; пэўная форма грамадскае арганізацыі. А калі Калумб потым адкрыў гэту Амерыку, то ён не ведаў, што ён гэтым прабудзіў да новага жыцця інстытут рабства, які даўно знік у Еўропе, і паклаў пачатак гандлю неграмі. Энгельс.

[Ад лац. institutum — установа, устанаўленне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Спосаб нечаканага нападу з укрыцця. Наладзіць засаду. □ Дзед Змітрок, які прыйшоў у атрад крыху пазней, спачатку не ўдзельнічаў у засадах. Шчарбатаў.

2. Скрытае месца, якое выкарыстоўваецца для нечаканага нападу на каго‑н., для назірання за кім‑н. Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Прылягла.. лісіца, высочваючы з засады здабычу. Лынькоў.

3. Атрад, войска, якія знаходзяцца ва ўкрыцці і гатовы да нападу. Выставіць засаду. Зняць засаду. □ Далёка наперад.. выкідваюцца моцныя групы — засады на шляхах адыходу партызан. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́ра, ‑ы, ж.

1. Казачная, страшная істота, звычайна вялікіх памераў. З высокага трысця каля затокі выходзіць нейкая цёмная валасатая пачвара і спыняецца на адкрытым месцы. В. Вольскі.

2. Пра надта непрыгожага чалавека. Шаройка даўно марыў, каб жаніць .. [Максіма] [з дачкой], і не раз пілаваў Паліну за нерашучасць: «Не маленькая, дзякуй богу. І не век сядзець табе ў дзеўках.. Была б ты пачварай, а то такая прыгажуня». Шамякін. // перан. Пра жорсткага, з нізкімі маральнымі якасцямі чалавека, вырадка. [Шэмет:] — Ты акружыў сябе падхалімамі, як сцяною, і сядзеў, што ў дупле, нічога не бачачы, акрамя гэтых пачвар. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашчыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Сашчыпаць усё, многае. Пашчыпаць траву.

2. Шчыпаць некаторы час. Пугач яшчэ трохі патузаўся, пасыкаў, пашчыпаў Ігната за рукаў, а потым, нібы прымірыўшыся са сваім лёсам, падкурчыў касматыя лапы, вытрашчыў жоўтыя вочы і заціх. Ляўданскі. — Пане Лабановіч, — сказаў Язэп Глынскі, — прашу вас зайсці ў мой садок ды пашчыпаць вішань. Колас.

3. перан. Разм. Нанесці некаторыя страты. Даўно мы не турбавалі фрыцаў на чыгунцы. Яны сталі занадта нахабнымі, пускаюць паязды амаль што па раскладу. Трэба пашчыпаць іх на лініі Мінск — Маладзечна. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.

1. і без дап. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Прапець гімн. Прапець мелодыю. // Вымавіць нараспеў. Дзяўчына тым часам зусім супакоілася і з какецтвам прапела: — Малады чалавек, дазвольце ваш галаўны ўбор і паліто! Карпюк. // Утварыць пявучы гук (гукі). Прапелі пеўні галасіста. Даўно мінуў паўночны час. Танк. // Праляцець з пявучым гукам. Першая куля прапела над галавою, збіўшы з хвоі кару. Лупсякоў.

2. Разм. Страціць голас ад спявання. Прапець голас.

3. і без дап. Пець некаторы час. Прапець увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́ціць, ‑вечу, ‑веціш, ‑веціць; зак., каго-што.

Уст. Разм. Прыязна, ласкава сустрэць каго‑н., аднесціся да каго‑н. Людзі тут сустрэнуць і прывецяць, Бо не горш, як іншыя, жывуць. Аўрамчык. Бабулька шчыра перажывае, што сама ў гасцях, што не можа прывеціць .. незнаёмага чалавека. Сіпакоў. Я кажу: «Ты даўно на прыкмеце, Мая хата багата і маці прывеціць». Панчанка. // Даць прытулак каму‑н. Не заходзячы ў хату, Ты ведаеш добра наперад, Як цябе тут прывецяць. Кляўко. Цётка Хіма, здаецца, не ведала, дзе пасадзіць Галю з Вадзімкам, што ім даць есці, чым іх прывеціць. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызапа́сіць, ‑пашу, ‑пасіш, ‑пасіць; зак., што і чаго.

Зрабіць запас чаго‑н. Я трохі грошай прызапасіў і рашыў не марнаваць часу, а ваяваць за свой праект. Хомчанка. Не, на два тыдні — мала. Харчы трэба прызапасіць не менш як на два месяцы. Гурскі. Ты мне, Кузьма, падкінь які воз саломы, — просіць Птах. — А я табе к зіме трохі газы прызапашу. Навуменка. // Падрыхтаваць, зрабіць што‑н. загадзя. Мы ўжо даўно прызапасілі ёмкія кляновыя дручкі, нарэзалі гладкіх дубовых кацёлак. Якімовіч. — Брускоў і грабільнаў я прызапасіў раней, вунь тырчаць пад застрэшшам. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скалыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Зварухнуцца, зрушыцца, захістацца. Рыбакову здалося, што фіранка скалыхнулася і замерла. Асіпенка. Жарыць-скварыць сонца, Ліст не скалыхнецца. Колас. Вяночкі патанулі ў хвалях сініх, Толькі пацеркі-кружочкі Скалыхнуліся на плыні. Трус. Пачынаецца трэці акт. Скалыхнецца заслона І павольна ўгару папаўзе. Глебка. // Гайдануцца з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуцца. Дрэва скалыхнулася. Калыска скалыхнулася.

2. перан. Захвалявацца, узрушыцца. Бач, ад песні маёй скалыхнуўся ўвесь свет, Сонны край я ўраз разбудзіў... Чарот. Сэрца беднае заб’ецца, І адразу ў ім прачнецца, І адразу скалыхнецца Усё, што згінула даўно. Багдановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тхары́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тхара, належыць тхару. Тхарыная нара. □ А Кастусёк даўно гатовы — У іх [з дзядзькам] раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.

2. Які нагадвае тхара. [Клопікаў] стаяў дзе-небудзь ля дошкі з аб’явамі і, выцягнуўшы тхарыны тварык, не чытаў, а ўчытваўся ў чарговы загад. Лынькоў. // перан. Востры, злосны, калючы (пра вочы). Але вось чалавек скончыў пісаць, паклаў на стол ручку-самапіску, паглядзеў на хату маленькімі тхарынымі вочкамі. Сачанка. Бляск у тхарыных вачах [Глушака], як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узадра́ць, уздзяру, уздзярэш, уздзярэ; уздзяром, уздзераце; зак., што.

1. Адарваць, аддзяліць рыўком угору што‑н. (добра прымацаванае і пад.). Узадраць маснічыну. Узадраць асфальт на дарозе. □ План узадраць падлогу і зрабіць падкоп адпаў. Колас. Нехта лязом рыдлёўкі ўзадраў дошкі, на зямлю паляцелі прамасленыя стружкі. Беразняк.

2. Разм. Узараць (цаліну, папар і пад.). Цяпер на ніве працуе не сухарэбрая каняка, не плуг з затупленым парогам калупае зямлю, а трактар, які даўно ўжо ўзадраў здзірванелыя межы. Сабаленка. [Міхайла Прымакі] — Я табе зараз, Антонавіч, уздзяру на зябліва ўсё, нават тыя пустыры, дзе не сеялася з сорак першага года. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)