шматлі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. У кожным сяле ёсць два-тры шматлікія, галінастыя роды, якія карыстаюцца ў людзей агульнай павагай. Ракітны. За перагародкай размяшчалася шматлікая сям’я дзядзькі Каленіка. Даніленка.

2. Які праводзіцца, маецца, прысутнічае і пад. у вялікай колькасці. Праводзіць шматлікія гутаркі з насельніцтвам. Прымаць шматлікіх наведвальнікаў. Адказваць на шматлікія пытанні. □ А на піяніна — вялікі букет кветак і шматлікія фатаграфіі славутых акцёраў, пераважна салістаў оперы. Шамякін. З пакояў даносіўся гоман шматлікіх галасоў. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыша́к 1, ‑а, м.

1. Тое, што і гронка. Шышак вінаграду.

2. Разм. Патаўшчэнне ў выглядзе шышкі на сцёблах некаторых раслін. У балотцы зімой мы корпаліся паміж высокіх купін, ламалі тугія шышакі, што раслі сярод густога чароту. Даніленка.

3. Вялікая колькасць насякомых, якія сабраліся ў адзін ком. Шышак пчол.

шыша́к 2, ‑а, м.

Старажытны воінскі шлем, які заканчваўся вастрыём з шышкай наверсе. // Верхняя частка гэтага шлема, якая мае выгляд шышкі. На самым шышаку шлема — дзірачка, яе зрабіла белагвардзейская куля. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зя́па, ‑ы, ж.

Разм. Рот звера, рыбы; пашча. [Мядзведзь] толькі шчэрыў чорную зяпу ды круціў тоўстым хібам. Даніленка. Аўчарка набліжалася.., ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком. Быкаў. // Груб. Рот чалавека. — Мы гарантуем табе жыццё. Звяжам, заткнём зяпу і ціха паедзем да сваіх. Шамякін. // перан.; якая або чаго. Пра шырока адкрытае паглыбленне ў чым‑н. Чыгунка выгіналася дугой і гублялася ў чорнай зяпе тунеля. Ставер. Хлопчык.. туліўся да бацькі, калі яны заходзілі ў качагарку, дзе замурзаныя ў сажу людзі падкідалі дровы ў вогненную зяпу. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не хоча пакарацца, быць падуладным каму‑н. Тут край мой на самым стаіць рубяжы, і тут вось — маё непакорнае племя. Маракоў. У мінулым.. [Я. Купалу] перш за ўсё цікавяць моцныя духам, валявыя і непакорныя натуры. Шкраба. // Які ўласцівы такому чалавеку. Непакорны характар. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню; непаслухмяны. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Мележ. Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

1. Зрабіць ясным, добра бачным. [Зазімак] падмарозіў зямлю, размаляваў ледзь прыкметнымі ўзорамі шыбы на вокнах, праясніў неба. Даніленка.

2. Зрабіць ясным, зразумелым; выясніць. [Сакратар:] — Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволіць пагаварыць з Савіч. Можа, яна што праясніць. Шамякін. — Толькі мне самому не зусім ясна адна рэч, — задуменна прамовіў Толя. — А ты скажы ўсім, можа, мы праяснім яе, — параіў Паўлік. Рунец.

3. Зрабіць ясным, выразным (пра свядомасць, думкі і пад.). У хуткім часе адна падзея праясніла яе [Таццяніны] думкі .. Ды і не толькі яе... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́стань, ‑і, ж.

1. Плывучае або стацыянарнае збудаванне для прычальвання і стаянкі, выгрузкі і пагрузкі суднаў, высадкі і пасадкі пасажыраў. Аўтобусам даехалі да прыстані і па гнуткіх усходцах пайшлі на прыгожы белы параход. Даніленка. Параход падышоў к прыстані .. і пачаў разгружацца. Гартны.

2. перан. Становішча, якое дае чалавеку адчуванне задаволенасці, спакою, уціхаміранасці. — Хлопец ты ўжо ў гадах. Як той дуб вырас. Пара і сваю прыстань знаходзіць. Ажаніцца табе трэба, вось што. Няхай. Мы не ведалі самоты, Вырасталі ў барацьбе. Не шукалі камсамольцы Ціхай прыстані сабе! А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пялёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Суцэльны покрыў (туману, дажджу, снегу, дыму і пад.), які завалаквае, зацягвае што‑н. з усіх бакоў. І вось цяпер.. [снег] адразу шчодра заслаў зямлю сваёй пушыстай пялёнкай. М. Ткачоў. Лёгкі марозік зацяг[в]аў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Колас.

2. Прасцінка для ўкручвання, спавівання грудных дзяцей. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. Каб заняць чым час, Саша бясконца перамывала пялёнкі і шыла што-небудзь для дзіцяці. Шамякін.

•••

З пялёнак — з ранняга дзяцінства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рамо́нак, ‑нку і ‑нка, м.

1. ‑нку. Травяністая расліна сямейства складанакветных задзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая. Віктар крочыў з МТС вузкай сцяжынкай, зарослай пахучым рамонкам і лапушыстым трыпутнікам. Даніленка. А на зямлі, сярод рамонку і палыну, блішчалі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Мележ.

2. ‑нка. Кветка гэтай расліны. Іна сарвала, нахіліўшыся, рамонак і пачала сашчыкваць белыя пялёсткі. Ваданосаў.

3. ‑нку; толькі адз. Высушаныя кветкі аднаго з відаў гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як лячэбны сродак; лекавы настой на такіх кветках. Аптэчны рамонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́ры, ‑аў; адз. няма.

1. Паводле забабонных уяўленняў — магічныя прыёмы, пры дапамозе якіх можна ўздзейнічаць на людзей і прыроду; чараўніцтва, вядзьмарства. [Юстап:] Гіну я праз людскія чары. Згубіў мяне благі чалавек — паслаў чорта на невінаватую душу. Калюга. Праходзіць не так многа часу, і ягады ўжо пачынаюць выглядваць з рыльца [гарлачыка]. Вось што значыць чары! Даніленка.

2. Чароўная сіла, прывабнасць, якая захапляе. І ўсё тут поўна мяккіх чараў: І роўнядзь ціхая палёў, І постаць стромкіх тапалёў. Колас. Косця ўжо нічога больш не бачыў, быў цалкам пад уладай чараў дзяўчыны. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)