абла́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.
Ласкава абысціся з кім‑н., выказаць увагу, спагаду да каго‑н., пашкадаваць. // Лашчачы, выклікаць у жывёліны давер’е да сябе; зрабіць жывёліну рахманай. Аблашчыць сабаку. // перан. Зрабіць прыемнае ўздзеянне (пра вецер, сонца і пад.). Хутка выблісне сонца і аблашчыць сваім цяплом усё наваколле: і раку, і птушак, і росную траву, і беласнежны кіпень чаромхі над вадой. Шыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыла́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае крылы; з крыламі (у 1, 2 і 3 знач.). Хлопчыкі трымалі ў руках па адной крылатай страказе, лоўка заціснутай у саломінкі. Кавалёў. Кладзе пад ногі Джэзказгана Крылаты птах рухавы цень. Звонак.
2. перан. Акрылены, узнёслы. Сінявокая мая Радзіма-маці Славаю крылатаю грыміць. Хведаровіч. Куды ні кідала малую Іру крылатая дзіцячая фантазія! «Полымя».
•••
Крылатыя словы гл. слова.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ку́ля, ‑і, ж.
1. Невялікі свінцовы або стальны прадаўгаваты снарад для стральбы з ручной агнястрэльнай зброі і кулямётаў. Бранябойная куля. Трасіруючая куля. □ І нада мной і над табой Гула шрапнель, свісталі кулі. Астрэйка. // Уст. Зямны шар. Зямная куля.
2. у знач. прысл. ку́ляй. Імкліва, хутка (вылеціць, скаціцца і пад.).
•••
Заліваць кулі гл. заліваць.
Пусціць (сабе) кулю ў лоб гл. пусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кабі́на, ‑ы, ж.
Невялікае, звычайна закрытае, памяшканне спецыяльнага прызначэння (напрыклад, для пілота ў самалёце, вадзіцеля ў аўтамабілі, тэлефонных размоў і пад.). Кабіна для галасавання. Душавая кабіна. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. Пятрусь вылез з пілоцкай кабіны крыху збянтэжаны — ён не чакаў, што яго будзе сустракаць усё сяло. Краўчанка.
[Фр. cabine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кале́ктар, ‑а, м.
1. Установа, якая займаецца зборам і размеркаваннем чаго‑н. Бібліятэчны калектар.
2. Шырокі канал або труба, якая збірае вадкасць або газы з другіх каналаў (труб) для адводу іх у іншае месца. Каналізацыйны калектар. Меліярацыйны калектар.
3. Частка электрамашыны, якая служыць для ператварэння пераменнага току ў пастаянны.
4. Падземная галерэя, якая пракладваецца пад паверхняй вуліц для ўкладкі кабеляў або труб.
[Лац. collector — збіральнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак.
1. каго-што. Зрабіць мокрым; намачыць. Замачыць ногі. □ Начдыў плыў, высока трымаючы над галавой у адной руцэ партбілет, каб не замачыць. Гурскі.
2. што. Намачыць з якой‑н. мэтай. Замачыць бялізну. Замачыць каноплі. Замачыць бочку.
3. што; перан. Разм. Адзначыць выпіўкай якую‑н. надзею, справу і пад. Мікола падносіць сваю шклянку да Генадзевай, чокаецца. — Замочым гэта дзела! Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змяк, ‑ла; зак.
1. Стаць мяккім; размякнуць. Папера змякла. Хлеб змяк.
2. Разм. Зрабіцца вялым; расслабіцца, абмякнуць. Змякла, стамілася цела. Шынклер. Бацька азірнуўся і адразу змяк. — А, Косця? Ты калі прыехаў? — Нядаўна з поезда! Быў ужо і дома. Карпюк.
3. Абл. Змокнуць. Ішоў [дзядуля] ад станцыі да Брудзянішак пехатою і трапіў пад заліўны дождж, змяк наскрозь і празяб. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
леў 1, льва (ільва), м.
1. Буйны драпежнік сямейства кашэчых з кароткай жаўтаватай поўсцю і пышнай грывай у самцоў. Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва. Маўр.
2. перан. Той (тое), хто (што) вызначаецца магутнай сілай, смеласцю, адвагай і пад. Не коні, а львы.
•••
Марскі леў — марская жывёліна сямейства вушатых цюленяў.
леў 2, лёва, м.
Грашовая адзінка Народнай Рэспублікі Балгарыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засмя́глы і засма́глы, ‑ая, ‑ае.
1. Сухі, высахшы ад недахопу вільгаці. Хутчэй жадаючы напіцца, пад ветрам падала па дол даўно засмяглая пшаніца. Вялюгін. І засмаглая глеба Ачуняла ад спёкі, Свежым сокам набухла. Чарнушэвіч.
2. Засохлы, перасохлы (пра губы, рот). Прыпадымаю [Нініну] галоўку і ўліваю ў засмяглы рот лыжачку цёплага чаю. Брыль. [Байцы] дзялілі матчын хлеб счарсцвелы, Пілі, абцёршы на хаду З засмаглых вуснаў пыл. Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ляту́н, летуна, м.
Разм.
1. Той, хто лятае. Як і ўсе курыныя, глушэц — лятун далёка не першакласны. В. Вольскі. // Пра таго, хто здольны хутка перамяшчацца, імчацца, скакаць і пад. Гэта не конь, а лятун.
2. перан. Зневаж. Той, хто часта мяняе месца працы з-за асабістай выгады. — Толькі ведай: летуноў я не люблю. І на машыну пакуль што разлічваць табе цяжка. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)