Трва́лы ‘моцны, які можа вытрымаць’, трваць ‘працягвацца, існаваць (пра звычай)’, ‘быць ва ўжытку, доўга служыць (пра хамут і інш.)’ (Нас.), трва́ла пагода ‘добрае надвор’е’ (свісл., ЛА, 5), ст.-бел. трвалый ‘моцны, надзейны, стойкі’, трвати ‘трываць’ (1507 г., ГСБМ). Са ст.-польск. trwały ‘моцны, устойлівы, сталы’, ад trwać ‘трываць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 197). Параўн. таксама трыва́лы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыло́гія ‘тры творы аднаго аўтара, аб’яднаныя пераемнасцю тэксту’ (ТСБМ), трылёгія ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычана праз польскую мову (trylogia) ці праз рускую (трилогия) са ст.-грэч. τριλογία ‘тры трагедыі, звязаныя ўнутранай еднасцю’, ‘прамова з трох частак’ < τρεις ‘тры’ + λογος, ‘слова (вуснае), прамова, апавяданне, меркаванне, дапушчэнне, сэнс, паняцце’ > λέγω ‘гавару, кажу’ (Міхельсон, Рус. мысль, 676; ЕСУМ, 5, 638).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́я ‘ вечназялёнае хвойнае дрэва сямейства кіпарысавых, Thuja’ (ТСБМ, Кіс., Вруб.). Праз польскую (tuja) ці рускую мову (туя), магчыма, пры пасрэдніцтве ням. Thuja ‘тс’ (Арол, 4, 124), запазычана з новалац. thuja ‘від кедра’, якое са ст.-грэч. θυία ‘від кедра з моцным араматам, які выкарыстоўваўся пры спальванні ахвяраванняў’ < ст.-грэч. θύω ‘ахвярую’ (Голуб-Ліер, 493; ЕСУМ, 5, 689).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́лька ‘толькі’: тылька асталося тры зелечка (там., Д.-Хадак.), тылько, ты́лькі ‘толькі’ (воран., гродз., беласт., кам., драг., Сл. ПЗБ), ‘толькі што, нядаўна’ (воран., астрав., там жа), ст.-бел. тылько, тылко, тилко ‘не больш як’, ‘выключна, адзіна’, ‘толькі’ (1501 г., ГСБМ). Апошнія лічацца запазычанымі са ст.-польск. tylko (Булыка, Лекс. запазыч., 201; Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іера́рх ’назва епіскапа’, іера́рхія ’парадак падпарадкавання ніжэйшых званняў вышэйшым па строга вызначаных ступенях’. Крыніца: грэч. ἱεράρχης (ἱερός ’свяшчэнны’ + ἀρχή ’улада’), адкуль суфіксальнае ўтварэнне ἱεραρχία. Шанскі, 2, I, 16. Ст.-бел. иерархъ, иерархия з 1601 г. (Булыка, Лекс. запазыч., 183) са ст.-рус. Няма падстаў лічыць паўторна запазычаным з рус. у XX ст. (як Крукоўскі, Уплыў, 77).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інстру́кцыя. Запазычанне з лац. instructio ’настаўленне’ праз польскае пасрэдніцтва. Ст.-бел. инструкция, инструкцыя ’інструкцыя, настаўленне’ (1522 г.), як і рус. инструкция (XVII ст.), са ст.-польск. instrukcyja (Булыка, Лекс. запазыч., 30; Фасмер, 2, 135; Шанскі, 2, I, 89). Меркаванне аб перапынку ва ўжыванні слова і паўторным запазычанні з рускай (як Крукоўскі, Уплыў, 78; Гіст. лекс., 233) неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іспо́л ’палавіна ўраджаю, якая аддавалася за арандаваную зямлю’ (Сл. паўн.-зах.), ’частка ракі ўверх па цячэнню ад плаціны’ (Касп.); параўн. у Даля: и́спола, и́сполу ’напалавіну, папалам’. Звязана са ст.-рус. исполу ’напалавіну’ (з XIII ст.). Ст.-слав. исполоу толькі ў выразе исполоу оумрътвити ’напалавіну ўмярцвіць’. Вынік зрашчэння прыназоўніка изъ і назоўніка полъ ’палавіна’ (Шанскі, 2, I, 126). Гл. палавіна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ісці́зна ’справядлівая справа, справядлівы іск, сапраўдная прыналежнасць’ (Нас.). Ст.-бел. истизна ’наяўныя грошы, наогул наяўнасць чаго-н.’ (Гарб.), ’уласнасць’ (1547 г., Булыка, Лекс. запазыч., 78) запазычана са ст.-польск. iścizna ’капітал, наяўнасць, уласнасць; істотная праўда, рэчаіснасць’. З польскага таксама ўкр. исти́зна ’сапраўдная сума’ (Жэлях.). Слаўскі (1, 472) лічыць паўн.-слав. утварэннем з суф. ‑izna ад *jьstъ (гл. існы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

забіць, загубіць, знішчыць; утрупяніць, зніштожыць, улажыць, палажыць, стукнуць, прыстукнуць, дакончыць, прыкончыць, прыбраць, уходаць, кокнуць, укакошыць, укаюкаць (разм.) □ адабраць жыццё, абарваць жыццё, рашыць жыцця, пазбавіць ад жыцця, зжыць са свету, звесці са свету, адправіць на той свет, пусціць на той свет, загнаць на той свет, загнаць у магілу, увагнаць у магілу, знесці галаву, скруціць галаву, зняць галаву з плеч, выняць душу, дастаць душу, выняць дух, дастаць духі, прыбраць з дарогі, пусціць у расход, пусціць у царства нябеснае

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

бы́ццам, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на ветры. Мележ. Быццам той карабель, да шчаслівых зямель ты плывеш праз гадоў акіяны. А. Вольскі. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару і па свайму значэннях адпавядае злучнікам: «нібы», «як быццам». Каля штыкецін гародчыка, ля свежаабчасаных калочкаў, быццам сёстры, стаялі бярозкі. Даніленка. Быццам дождж гарачы, Так з вачэй у маткі слёзы паплылі. Танк. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна засланіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. // У гэтым жа значэнні злучае параўнальныя звароты і сказы з адценнем меркавання, здагадкі; па свайму значэнню збліжаецца са злучнікамі «як бы», «нібыта». Пастух, стары ўжо чалавек, згорблены і доўгі, хадзіў па ўзмежку, раз-пораз згінаўся, быццам нешта шукаў. Асіпенка. Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай. Шамякін. / У спалучэнні з часціцай «бы». І вырас, быццам бы грыбок З цёплымі дажджамі, Ціхі сівенькі дзядок, З барадой, з вусамі. Бялевіч. // Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў і даданых параўнальных сказаў са значэннем неадпаведнасць неверагоднасці; у сэнсавых адносінах адпавядае злучніку «нібыта». Бачачы, што Сільніцкі .. трапіць у лапы жывадзёраў, жанчына дала яму на рукі дзіця, а сама з кашолкай пайшла побач з ім, быццам яго жонка. Крапіва. [Хлопцы] .. зрабілі пад.. [лаўжом] гняздо з лапак і склалі туды свой скарб. Потым апусцілі лоўж на месца і, быццам нічога не здарылася, рушылі тымі ж кустамі дахаты. Якімовіч.

2. злучн. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, калі сказанае ў гэтых сказах не адпавядае сапраўднасці. Дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам, што за рэчкай стаіць. Цётка. Ляснік папаўся такі, што баіцца слова сказаць, прыкідваецца, быццам не бачыць, што ў яго абходзе робіцца. Крапіва. б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы са значэннем няўпэўненасці. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. в) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, якія паясняюць галоўны сказ шляхам умоўнага дапушчэння чаго‑н. [Алесь:] — У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся. Шыцік. / У спалучэнні са злучнікам «што», часціцай «бы» («што быццам», «быццам бы», «што быццам бы»). Шукаючы ратунку, .. я паглядзеў Закрэўскаму ў вочы і бачыў у іх такую ласкавасць да мяне, што быццам бы гэта быў мой родны бацька. Чорны.

3. часціца. Паказвае на няўпэўненасць, дапушчальнасць выказвання, яго ўмоўна-ўяўны характар. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём. Шамякін. Луг зялёны за ракою Быццам снегам замяло. Муравейка.

•••

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)