спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.
1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.
2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
справазда́ча, ‑ы, ж.
1. Афіцыйнае пісьмовае або вуснае паведамленне кіраўніку ці арганізацыі пра сваю працу, выкананне якога‑н. задання, вынік даследавання чаго‑н. і пад. Справаздача дэпутата. Справаздача мясцовага камітэта. □ На стале ляжала справаздача, складзеная заатэхнікам. Асіпенка. [Кузняцова] заслухалі першага, але яму хацелася пачуць справаздачы другіх, выступіць у спрэчках. Пташнікаў. [Каморнік:] — Дыпломную работу здаваць паеду і справаздачу аб практыцы. Чорны. // Дакумент аб выкарыстанні выдаткаваных сродкаў. — Вось па гэтай графе вы маглі і менш выдаткаваць, — паказала .. [Рубанава] на справаздачу. Пальчэўскі.
2. Растлумачэнне чаго‑н., падрабязны расказ пра што‑н. Юрка сказаў на поўным сур’ёзе: — У мяне з Маяй так: ніякіх справаздач. Ярашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спрацава́цца 1, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). У працэсе працяглай работы дайсці да непрыгоднага стану, знасіцца (пра інструмент, механізм). Матор спрацаваўся.
2. Стаміцца, страціць сілы, здароўе ад непамернай працы. [Марыля:] — Не ў тых гадах я, Амеля, не да гэтага мне цяпер. Якая была, то няма ўжо тае, спрацавалася. Лобан. [Маці] заўсёды так. Усё шкадуе, .. каб не спрацаваўся, каб у пару пад’еў. Дамашэвіч.
спрацава́цца 2, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.
Дасягнуць поўнай зладжанасці, узгодненасці ў працы з кім‑н. [Зелянюк:] — Ну, што, згода? Едзем? .. Будзем разам працаваць на заводзе... Тут не спрацаваліся, дык, можа, там лепш патрапіш. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.
Спачуваннем, угаворамі аблягчыць чыё‑н. гора, перажыванне. Суседзі, знаёмыя прыйшлі выказаць сваё спачуванне, суцешыць у горы. Лынькоў. Хлопец плакаў. □ Міця нічым, не мог яго суцешыць. Навуменка. Чым сірату суцешу, што ёй, маўклівай, скажу?.. Макарэвіч. // Прынесці каму‑н. супакаенне, палёгку; заспакоіць. Ніхто так не ўмеў зразумець, падтрымаць і суцешыць хворага. Грахоўскі. Ты яшчэ, Люба, маладзец, — старалася суцешыць .. [Юля] Любу. Васілевіч. // Абрадаваць, перадаваць каго‑н. [Алесь:] — Гэта, брат, яшчэ большая радасць... Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды суцешыў, брат. Караткевіч. // у безас. ужыв. [Пятра] суцешыла крыху і ўзрадавала, калі ён убачыў, што вочы .. [Сашы] поўныя слёз. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
твары́цца, творыцца; незак.
1. Рабіцца, адбывацца. — Што на свеце пачало тварыцца, — разважаў .. [Яхім]. — Вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі. Колас. Базарная плошча апусцела, на вуліцы творыцца незразумелае: плачучы, жанчыны вядуць пад рукі мужчын, захліпаецца гармонік, абняўшыся, надрываючы да знямогі галасы, спяваюць двое п’яных. Навуменка. Радыёла так грымела, што ў нашым пакоі нельга было чытаць. Можаце ўявіць, што тварылася ў тым пакоі, дзе жылі Віктар з Ганнай. Гаўрылкін.
2. Стварацца (пра якія‑н. матэрыяльныя або духоўныя каштоўнасці). У вёсцы збіраецца моладзь. Там спяваюць новую песню пра шчасце, што творыцца наступным пакаленням. Чорны.
3. Зал. да тварыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траскатня́, ‑і, ж.
1. Працяжны трэск, шум, стук чаго‑н. Затым пачулася траскатня матацыкла. Брыль. Усю ноч не змаўкае ў прыбярэжных зарасніках траскатня чарацянак. Самусенка.
2. перан. Бясконцая балбатня, размовы. Я ўжо ведаў — звалі яе Раісай Пятроўнай, а дасціпныя жыхары дома, за яе лёгкі язык і траскатню, далі мянушку — Райка-балалайка. Ракітны. // Пустаслоўе. [Сітнік:] — Я не прыхільнік вершаў, бо часам у іх многа фальшу і траскатні, але адзін з іх неяк сам мне ў душу ўлез. Ермаловіч. Век жыві спакойна ды разумна. Не, не так. На сэрцы — неспакой: Пішам пра сучаснікаў мы сумна — Траскатня ці жвачка са слязой. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
туды́, прысл.
У той бок, у тое месца; проціл. сюды. Вунь там, каля тых дубоў, і Просцінка. Цімох накіраваўся туды. Колас. Бягун выхапіў з кішэні наган, стрэліў у каноплі і ў той жа момант рынуўся туды сам. Кулакоўскі. [Вера] пайшла туды, дзе грыміраваліся дзяўчаты. Асіпенка.
•••
(І) туды і сюды — а) у той і ў другі бок; б) па-рознаму; і так і гэтак.
Ні туды ні сюды — ні ў які бок; ні з месца.
То туды, то сюды — то ў адзін, то ў другі бок; узад і ўперад; у розныя бакі.
Туды і дарога каму-чаму гл. дарога.
Туды і назад — у абодва канцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уваскрэ́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уваскрэс, ‑ла; зак.
1. Паводле рэлігійных вераванняў — вярнуцца да жыцця пасля смерці; ажыць. Тут музыка як урэзаў — Нежывы і то ўваскрэс! Гілевіч. // Пра таго, хто лічыўся прапаўшым без вестак і пад. // Стаць здаровым, бадзёрым, жыццядзейным. Уваскрэснуць духам.
2. Узнікнуць зноў, ажыць; праявіцца з ранейшай сілай. За хвіліну прабяжыць .. [жыццё] ва ўспамінах усё — далёкае, забытае ўваскрэсне, як самая ясная ява, што толькі кранула цябе сваім цёплым дыханнем. Скрыган. // Адрадзіцца, аднавіцца. Лявей .. ўзвышаліся валы з нейкай руінай — і гэта былі валы старой Разані, якая так і не ўваскрэсла пасля нападу татар. Караткевіч. І адродзіцца, уваскрэсне Ціхая слава твая, Хірасіма. Дзяргай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узгадні́ць, ‑гадню, ‑годніш, ‑годніць; зак., што.
1. Прывесці ў пэўную адпаведнасць з чым‑н. Узгадніць дзеянні авіяцыі з дзеяннямі пяхоты. Узгадніць гадавы план з планамі пяцігодкі. □ Так, другі гарком камсамола створаны. Ён стаў фактам. Але мяне не пакідала думка: як узгадніць работу гэтага паўднёвага гаркома з тым паўночным, які дзейнічае ўжо не адзін месяц. Дзенісевіч.
2. Выпрацаваць адзіную думку, погляд і пад. наконт чаго‑н., атрымаць згоду, дазвол на што‑н. У палкоўніка ўжо даспяваў план, які ён павінен быў распрацаваць і ўзгадніць з генералам. Паслядовіч. Таццяна Пятроўна адказала, што такая, думка ёй спадабалася, але што трэба абавязкова ўзгадніць яе. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́снік, ‑а, м.
1. Той, хто мае якую‑н. уласнасць; валодае чым‑н. У былых майстэрнях нейкага ўласніка, двух доўгіх .. будынках на ўскраіне.. танкісты аглядалі, рамантавалі машыны. Грамовіч. З кажуха кпілі хатнія, пасмейваўся і сам уласнік, але разлучацца з ім ніяк не хацеў. Лужанін. // Асоба, якой уласціва што‑н. Нават самы густы грэбень не мог даць рады, каб укласці гэты віхрасты чуб так, як хацелася б яго ўласніку. Якімовіч. — А, калі ласка! — сказаў малады хлопец, уласнік тонкага носа. Колас.
2. Чалавек, які прагне цалкам уладаць чым‑н., не дзелячыся з іншымі. Закаранелы ўласнік. □ Трэба змяняць душы, псіхалогію .. [сялян]: уласнік павінен стаць калектывістам. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)