блішча́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае гладкую, бліскучую паверхню, які адбівае прамені святла. На чалавеку быў сіні гарнітур, да самай шыі зашпілены на блішчастыя гузікі. Васілёнак. Да ліфта трэба было прабегчы цераз нізкі, прасторны, вылажаны жоўтым блішчастым паркетам хол. Скрыган. Чорная блішчастая машына спынілася ля хаткі Грушкавай маці. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патарча́ка, ‑і, ДМ ‑чацы; Р мн. ‑чак; ж.

Кол, палка, якія тырчаць з зямлі. [Міхась] Пералазіў цераз платы, натыкаўся на патарчакі. Скрыган. // Ламачына, палка. Пракоп схадзіў па прылессе, назбіраў бярэмя сухіх патарчак і неяк расклаў агеньчык. Сіняўскі. Устаўшы, .. [капітан] абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скаку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.

Разм.

1. Жан. да скакун (у 3, 4 знач.). Глянь на Рыту Наскакуху, Колькі спрыту, Колькі руху: Скок ды скок Цераз шнурок. А. Александровіч.

2. Танец або песня хуткага рытму. А потым прыйшоў баяніст, расцягнуў мяхі ды польку, такую нястрымную скакуху ўдарыў. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яр 1, ‑а, м.

Роў, лагчына. Лёгкія і высокія металічныя масты перакінуты цераз глыбокія яры з мелкімі рэчкамі недзе ўнізе. В. Вольскі. Перада мною распасціраліся зялёныя паплавы, чарназёмныя палі з глыбокімі ярамі. Якімовіч.

яр 2, ‑ы, ж.

Абл. Ярына. Прамытае паветра пахла спелаю яр’ю і соладам гваздзікоў. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аўтарытэ́т, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Агульнапрызнанае значэнне, уплыў. Карыстацца аўтарытэтам.. Падарваць аўтарытэт. Мець аўтарытэт. □ Аўтарытэт Маркі Балука высока стаяў у вачах тутэйшых партызан. Колас.

2. ‑а. Асоба, якая карыстаецца заслужанай павагай, мае ўплыў. [Русаковіч:] — Але другі аўтарытэт так заваліць дарогу да добрай справы, што цераз яго і не пералезеш. Крапіва.

[Ням. Autorität з лац.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ку́рыя, ‑і, ж.

1. Гіст. Аб’яднанне некалькіх патрыцыянскіх родаў у Старажытным Рыме.

2. Разрад выбаршчыкаў па нацыянальнай, маёмаснай, расавай і інш. прыметах у капіталістычных краінах. Рабочая курыя.

•••

Рымская (папская) курыя — сукупнасць цэнтральных устаноў, цераз якія рымскі папа ажыццяўляе кіраўніцтва каталіцкай царквой.

Феадальная курыя — савет сеньёра з яго васаламі ў сярэднія вякі.

[Лац. curia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папрастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.

Разм. Пайсці напрасткі, прама. Калі чалавек пайшоў нацянькі, нягледзячы на дарогу, кажуць «папраставаў». Скрыган. — Ну, я пайду, — сказала Прузына і папраставала цераз гасцінец у поле да ветрака. Каліна. Трое спакойна павярнулі і папраставалі па плошчы да шчодра асветленага помніка цяжкай вайне і вялікай перамозе. Янкоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́м, ‑а, м.

Плыт або пласкадоннае судна для перавозкі людзей або грузаў цераз рэчку, возера, праліў. — На беразе нідзе ні чоўніка, ні парома, а тут трэба хутчэй перапраўляцца, пакуль не заўважылі. Краўчанка. Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны катэр і пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.

Насыціць вільгаццю. — Глядзіце, які дождж тут прайшоў, а там дык і не капнула. Хаця б у нас прамачыў зямлю, — разважала старая калгасніца. Шамякін. // Зрабіць мокрым; вымачыць (адзенне, абутак на кім‑н.). Пераходзіць цераз ручаіну можна было, не баючыся прамачыць ногі. Курто.

•••

Прамачыць горла — трохі выпіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Разм. Ісці напрасткі, прама. Хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да .. [Васіля]. Мележ. [Дзік] паволі праставаў на тоўстую старадрэвіну, што пры густым хвойніку перагарадзіла прасеку. Сачанка. І мы подбегам прастуем цераз лужок туды, дзе цямнеюць прыбярэжныя кусты. С. Александровіч. Басанож прастуеш да студні — жарства шурпатая коле ступні. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)