плю́шчыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

Закрываць, заплюшчваць (вочы). Бацька курыў, плюшчыў вочы ад сіняга дыму. Савіцкі. Як ні намагаўся хлапец заснуць, як ні плюшчыў вачэй, сон не прыходзіў. Пальчэўскі.

плю́шчыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

Спец. Удараючы або ціскаючы, рабіць што‑н. плоскім, пляскатым, тонкім. Што ні кажы, а вельмі цікава пазіраць, як дзядзька Архіп цяжкім молатам плюшчыць распаленае жалеза. Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панто́н, ‑а, м.

1. Пласкадоннае судна, якое служыць апорай для наплаўнога моста або для падтрымкі на вадзе якіх‑н. збудаванняў. У першы рэйс пантонаў, які прадаўжаўся 50 хвілін, было перакінута на заходні бераг 250 байцоў. «Беларусь». Ля самай вады ляжалі непрыбраныя бярвенні — праз раку будаваўся часовы мост на пантонах. Савіцкі. // Наплаўны мост, збудаваны на такіх суднах. Навесці пантон.

2. Спец. Прыстасаванне для падымання суднаў, якія затанулі.

[Фр. ponton.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахваля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак., чым і з дадан. сказам.

Разм. Хваліцца, выхваляцца. — З нашага калодзежа вада заўсёды смачная, — пахваляўся ў сваю чаргу бацька. Сабаленка. Атуленыя садамі і таполямі, дамы стаялі абапал шашы, як бы пахваляліся сваёй прыгажосцю, запрашалі да хатняй цеплыні. Лупсякоў. Заўтра ён, Барашкін, прыйдзе на працу ў гэты цэх, і зноў убачыць сваіх сяброў, і будзе зноў пахваляцца, якая ў яго слаўная дачка. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

учарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Зблажэць, змарнець; счарнець. Камандзір учарнеў і выпетраў, з кожным днём рабіўся больш рашучы і злосны. Грахоўскі. Марынчук неяк асунуўся, згорбіўся, даўно няголены твар яго ўчарнеў, на ім разгубленасць і трывога. С. Александровіч.

2. Разм. Пачарнець (пад уздзеяннем вільгаці, сонца, паветра і пад.). Куток даху быў Крыты драніцамі, што не паспелі яшчэ як след учарнець на сонцы і ветры. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́яцца, ‑сеюся, ‑сеемся, ‑сеецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аддзяліцца шляхам прасейвання. Вотруб’е адсеялася ад мукі.

2. Кончыць сяўбу. Платон усміхаецца: «Во адсеемся, тады на цэлы тыдзень вазьму адгул». Асіпенка. // Перастаць сеяць па якой‑н. прычыне. [Корбут:] — Адсеяўся я, Васіль... Цяпер буду сядзець тут на беразе з вудаю... Савіцкі.

3. перан. Выбыць з ліку, складу чаго‑н. [Кавалеўскі:] — Я праглядаў вашы зводкі. У вас адсеялася тысяча семсот чалавек. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зма́нлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які тоіць у сабе зман, здольны паслужыць асновай для няправільнага меркавання аб кім‑, чым‑н. Зманлівае зацішша на фронце не магло нікога ашукаць. Мележ. Перад .. [Лёнем] была тая зманлівая.. усё маладая паэзія, з-за якой і робяцца глупствы... Брыль.

2. Які вабіць, зачароўвае, прыцягвае да сябе. [Золата] паціху звінела, напаўняючы ёўню вабнай, зманлівай музыкай. Сачанка. Разам з маўклівай хадою плытоў адплывала ў зманлівую далеч нешта прыгожае і светлае. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́кта, ‑ы, М ‑кце, ж.

1. Рэлігійная абшчына, якая адкалолася ад пануючай царквы. Летась ён пасватаўся да нашай Мацяні, але тая адмовіла, і адмовіла толькі па той прычыне, што Шумейка нейкі час быццам быў звязаны з нейкай баптысцкай сектаю і заве іх «прайдзісветамі з вялікай дарогі». Савіцкі.

2. перан. Наогул усякая адасобленая група людзей. Усе заклінальнікі змей у Марока — берберы, якія належаць да асобнай секты ці брацтва заклінальнікаў. В. Вольскі.

[Ад лац. secta — вучэнне, напрамак, школа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыме́рзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. ‑мёрз, ‑мерзла; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н. пад уздзеяннем марозу. Зашчэпка форткі, якую .. [Веля] ўзялася адчыняць, добра прымерзла. Савіцкі. Пахлі .. [бярвёны] смалой, лясной прэласцю, ігліцай, што прымерзла да вуглаватых камлёў з белымі елачкамі падсочкі. Шамякін.

2. Крыху, не поўнасцю замерзнуць; падмерзнуць. — Дзве каровы, як горы, зусім яшчэ свежыя.. Нават і прымерзлі крыху, так што мяса не трэба ні саліць, ні ў лядоўню цягнуць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да работа (у 2, 6 знач.); невялікая або прыемная работа. — Тады еш ды адпачні з дарогі, а я ў сад загляну, работку там яшчэ не паспеў кончыць. Парахневіч. [Забіч:] — Хораша працаваць! Ой хораша, калі так работка кіпіць! Савіцкі. // Разм. зневаж. Пра дрэнную работу. [Багуцкі:] — Эге, нікуды не варта работа такая. З такой работкай паравоз і перагона не пройдзе. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбуры́цца, ‑бурыцца; зак.

1. Разваліцца, разламацца, рухнуць. — За вайну шахты ўсе разбурыліся, ладзіць іх трэба. Галавач. // перан. Парушыцца, распасціся. У хаце Раманюка разбурылася мая сям’я. Савіцкі. — Прыміце з гэтага масіву толькі два гэтыя будынкі — і ўвесь ансамбль разбурыцца. «ЛіМ».

2. перан. Не ажыццявіцца, не спраўдзіцца. Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)