прадста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.
1. Назваць сябе, знаёмячыся з кім‑н.; адрэкамендавацца. Лёня прадставіўся старшаму: — Падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі Бурцаў... Новікаў. — Пахвальна, пахвальна, — застаўся задаволены яе адказам дзядок і прадставіўся Рыце: — А я вось калгасны аграном. Васілевіч.
2. З’явіцца, паўстаць, паказацца. Вачам прадставілася непрыглядная мешаніна [нагрувашчаных] адна на другую рэчаў. Гартны.
3. Уявіцца, паказацца. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні. Колас.
4. (са словамі «выпадак», «магчымасць» і пад.). Узнікнуць, з’явіцца. Тут зноў прадставіўся Сцёпку выпадак паказаць сваю вучонасць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сёе-то́е, сяго-таго, займ. неазн., н.
Разм. Нямногае, нешта, некаторыя рэчы. Схапіўшы сёе-тое са стала, .. [хлапчукі] даядалі на хаду. Ваданосаў. Праўда, за шмат гадоў работы Бялоцкі нахапаўся сяго-таго з сельскагаспадарчых ведаў. Дуброўскі. [Бацька:] — Старая мне, бачыш, і з верхняга адзення сёе-тое пакінула. Бажко. // Штосьці (які‑н. асобны прадмет, факт, што не жадаюць называць). [Слаўка:] — У нас знойдзецца сёе-тое для атрада. Новікаў. Неяк у нядзелю Андрэй памкнуўся быў схадзіць да Тамаша, распытаць пра сёе-тое, а галоўнае — пра Ганну. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ста́ўленік, ‑а, м.
Той, хто атрымаў пасаду, месца з дапамогай каго‑н., па пратэкцыі каго‑н. Крушынскі трымае ў руках аўтарытэтных вясковых людзей, мае ў сельсавеце сваіх стаўленікаў, намагаецца падкупіць тых, хто пачынае разумець яго намеры. Гіст. бел. сав. літ. // Неадабр. Той, хто, атрымаўшы ад сваіх гаспадароў пасаду, працу, чын і пад., любымі сродкамі абараняе іх інтарэсы. Іван Новікаў шырока карыстаецца такім выпрабаваным у літаратуры сродкам, як мастацкі гратэск, карыкатура, асабліва ў партрэтнай характарыстыцы гэтых нямецкіх стаўленікаў і паслугачоў. Арочка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таргава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.
1. Збіраючыся купіць што‑н., прыцэньвацца, дамаўляцца аб цане. Калі ж япрукі жывыя, то іх трэба яшчэ важыць, таргаваць і разоў дваццаць пляснуць далонню аб далонь прадаўца. Колас. Бывалы яшчэ здалёк убачыў высокага, статнага Нічыпаровіча, які азартна таргаваў нешта ў спекулянта. Новікаў.
2. Разм. Тое, што і гандляваць. [Шэя:] — У .. [сваякоў] вялікі магазін — ботамі таргуюць. Гартны.
3. перан. Зневаж. Рабіць прадметам гандлю (пра людзей, іх пачуцці і пад.). Таргаваць сумленнем. □ І ён [Даніла] сцярогся таго зброду, Якім не цяжка таргаваць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
устрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад устрывожыць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане трывогі, хвалявання. Устрывожаны камендант.. загадаў двум сваім салдатам з аховы неадкладна праверыць, хто страляе і па чыйму дазволу. Якімовіч. — Што з табой, Ваня, ты нездаровы, ці што? — спытала ўстрывожаная жонка. Карпюк. // Які выражае трывогу, хваляванне. — Хто гэта? — пачуўся ўстрывожаны жаночы голас. Скрыпка. А .. [Таня] нібы не заўважала ўстрывожаных мужавых вачэй. Новікаў. // Успуджаны, сагнаны з месца. Устрывожаныя птушкі ўзвіваліся ў паветра, высока кружыліся ў небе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Прыносіць шкоду 1 (у 1 знач.), наносіць урон, страту. [Слаўка:] — Мы павінны прыстасавацца да новых умоў і як мага больш шкодзіць ворагу. Новікаў. Але на практыцы выходзіць, Што і цялятам часта шкодзіць Залішне многа малака. Крапіва. // Перашкаджаць, замінаць. Хацеў садоўнік што-небудзь зманіць, які-небудзь незвычайны камплімент чалавеку сказаць, — не выйшла. Слоў не знайшлося, і шкодзіла пачуццё няёмкасці, якога ён даўно не адчуваў. Лось.
•••
Не шкодзіць (не шкодзіла б) каму з інф. — патрэбна, неабходна; нядрэнна б зрабіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыплама́т, ‑а, М ‑маце, м.
1. Службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі. Нашых дыпламатам трэба было прыкласці нямала сіл, энергіі і вытрымкі, каб паказаць міжнародныя падзеі ў іх сапраўдным святле. Новікаў. Сын працуе дыпламатам у адной заакіянскай краіне, дачка ў горадзе метэаролагам. Дуброўскі.
2. перан. Чалавек, які тонка і ўмела вядзе сябе з іншымі людзьмі для дасягнення якой‑н. мэты. Лабановіч маўчаў, слухаў гэтага дыпламата і спрытнага чалавека. Колас. — Аднак дыплама-ат! — пакруціў галавой Жданковіч. Размова ажывілася, зрабілася больш простай і непасрэднай. Шамякін.
[Фр. diplomate.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
задры́паны, ‑ая, ‑ае.
Разм. пагард.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад задрыпаць.
2. у знач. прым. Заношаны; у брудным, неахайным адзенні. [У дзвярах], як у раме, з’явіўся мужчынка. У старых галёшах на босую нагу, у нейкіх задрыпаных штоніках. Брыль. [Тумашу] дык ужо грэх быць такім задрыпаным,.. мог бы.. апрануцца прыстойна. Новікаў.
3. у знач. прым. Непрыглядны, заняпалы, нікуды не варты. Вялізныя дамы, аблезлыя, задрыпаныя, глядзелі на вуліцу пабітымі вокнамі. Галавач. // Маламаёмасны, бедны. — Малайчына ты, пане Тодар! Уга! Зірні на гэту задрыпаную малінаўскую шляхту! Хто яны перад табою! Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́чыць, мучу, мучыш, мучыць; незак., каго.
Прычыняць мукі, пакуты каму‑н. [Мільгун:] — Я сам па сваёй волі ні слова не гаварыў пра вас, нікога з вас не называў.. Але мяне мучылі, мяне катавалі. Колас. «Як гэта я не ўбярог бацькі?!» — мучыў сябе папрокамі Валодзя. Новікаў. // Быць прычынай мукі. У цяжкія дні блакады, калі прадукты ў нас выйшлі зусім, мяне, больш чым каго, пачаў мучыць голад. Карпюк. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не даваць спакою, хваляваць, непакоіць. Пустыя дні бяздзейнасці, асабліва на першым пачатку, мучылі Маю. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нашча́дак, ‑дка, м.
1. Чалавек у адносінах да продкаў. Нашчадак старадаўняга роду. □ Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў. Барадулін.
2. толькі мн. (нашча́дкі, ‑аў). Людзі будучых пакаленняў. Нашчадкамі героі не забыты: На плошчах манументы ім стаяць. Жычка.
3. Разм. Сын, наследнік або наогул сваё дзіця. [Гукан:] — Ала?! Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабі ты маме навагодні падарунак. Які? Бяры нашчадка, сядай у поезд — і да нас пад Новы год. Шамякін. Канечн[е], і дачка ў сям’і — добра, але ж сын — нашчадак, ён панясе прозвішча ў будучыню. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)