бале́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Від тэатральнага мастацтва, у якім драматургічная задума раскрываецца ў танцавальна-музычных вобразах. Рускі балет.

2. Спектакль на пэўны сюжэт, змест якога даносіцца сродкамі танца, мімікі і музыкі. // Музычны твор, які ляжыць у аснове такога спектакля. Новы свой твор — балет «Князь-возера».. В. А. Залатароў прысвяціў слаўнаму 30‑годдзю Беларускай ССР. «Беларусь».

3. Калектыў артыстаў, якія выконваюць балет. Артысты балета.

•••

Балет на лёдзе — від харэаграфічнага мастацтва, у якім танцы выконваюцца на каньках.

[Фр. ballet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расстро́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад расстроіць.

2. у знач. прым. У якога парушаны музычны строй, лад. Расстроены раяль.

3. у знач. прым. Выведзены чым‑н. з добрага настрою; засмучаны. Вера Антонаўка пасля размовы з мужам выйшла да Юркі расстроеная і заплаканая. Карпаў. // Які суправаджае расстройства (у 5 знач.), засмучанасць. — Гэта ўсё вы нарабілі! — разгневаным і расстроеным голасам упікнула Раечка салдата. Лобан. Нават яснага вобраза Аўгіньчынага не мог .. [Віктар] адрадзіць у сваім расстроеным уяўленні. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падстро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак.

1. Паставіць, пастроіць у адзін строй з кім‑, чым‑н. Падстроіць роту да левага фланга.

2. Настроіць (музычны інструмент) больш дакладна або ў адпаведнасці з ладам, строем чаго‑н. Падстроіць гітару пад раяль. // Прыстасаваць, устанавіць для прыёму якіх‑н. хваль (радыё, магнітных).

3. перан. Разм. Тайком устроіць, учыніць што‑н. (звычайна непрыемнае). Падстроіць пастку. □ Чамадан яе нясе ззаду сам старшыня. Нясе і чагосьці ўсміхаецца, як бы ён смешнае падстроіў, што вось зараз саб’е з панталыку пасажырку. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэлевізі́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для прыёму або перадачы відарысаў з дапамогай сродкаў тэлебачання. Тэлевізійная станцыя. Тэлевізійная студыя. □ Як гасцінны гаспадар і як гід адначасова, шафёр паказвае мне новыя дамы ў Століне — і жылыя, і адміністрацыйныя, на рэтрансляцыйную тэлевізійную вышку, на першакласны бальнічны гарадок. Місько. Хмары над горадам плылі нізка, ахіналі нават шпіль тэлевізійнай вежы. Карпаў.

2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе тэлебачання. Тэлевізійнае вяшчанне. Тэлевізійная перадача. Тэлевізійны фільм. □ Першы тэлевізійны музычны спектакль для маленькіх гледачоў адбыўся. «ЛіМ».

•••

Тэлевізійны цэнтр гл. цэнтр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́мбур1 ’прыбудова, частка памяшкання перад галоўным уваходам, прысенак’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), та́мбор ’ганак’ (Лекс. Бел. Палесся). Праз рус. та́мбур ’тс’ або польск. tambor ’тс’ з французскай мовы, дзе архітэктурны тэрмін tambour з’явіўся ў выніку метанімічнага пераносу значэння слова tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 512; Фасмер, 4, 17–18), гл. тамбу́р.

Та́мбур2 ’род вязання або вышывання вочка ў вочка’ (ТСБМ), ’кручок для вязання або пляцення’ (Касп.; мсцісл., бых., ЛА, 4; Бяльк.), тамбу́р ’кручок для пляцення карункаў’ (Стан.), тамбу́рка ’тс’ (Касп., Бяльк.), та́мбурка, та́мбарка, та́нбурка ’кручок для вязання’ (Шатал., Мат. Гом., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), та́мбурак ’тс’ (в.-дзв., паст., рас., ЛА, 4), тамбу́рак (Шатал., ЛА, 4), та́мбырка, та́нбырка ’прылада для вязання’ (Мат. Маг.), сюды ж та́мбурны ’ланцужковы (шоў)’ (Мат. Гом.). Праз польск. tambor, tamborek, tamburek ’пяльцы’ з франц. tambour ’тс’, якое сталася вынікам метанімічнага пераносу паводле падабенства з tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 5, 512; Фасмер, 4, 17–18). Гл. тамбу́р.

Та́мбур3 ’падстаўка для вядра каля калодзежа’ (Сл. Брэс.). Перанос значэння з тамбу́р1 (гл.) паводле знешняга падабенства.

Тамбу́р ’барабан’ (ТСБМ), сюды ж та́мбор ’вялікі і малы барабаны ў ваўначосцы’ (ТС). З франц. tambour ’барабаншчык’, роднаснага да нар.-лац. t̥anbū́r ’лютня, мандаліна’ (ЕСУМ, 5, 511–512; Голуб-Ліер, 477; Фасмер, 4, 17–18). Стахоўскі (Этимология–1965, 209) звязвае з с.-тур. tambur ’пяціструнны музычны інструмент’, што суадносіцца з араб. tunbūr ’тс’. Магчыма пасрэдніцтва ўкраінскай мовы, дзе тамбу́р ’ударны ўсходні інструмент, старажытны музычны струнны інструмент’; тэхнічны тэрмін, відаць, з польск. tambor ’барабан’ (у тым ліку ў тэхнічным значэнні).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

канцэ́рт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Публічнае выкананне інструментальных, вакальных музычных твораў, а таксама харэаграфічных, дэкламацыйных і інш. нумароў па пэўнай праграме. Сімфанічны канцэрт. Канцэрт мастацкай самадзейнасці. Эстрадны канцэрт. □ Крысціна не магла не быць у трывозе за тое, што яе няма вось на гэтым канцэрце, што яна не слухае, як спявае яе малодшая сястра. Кавалёў.

2. Буйны музычны твор для аднаго інструмента ў суправаджэнні аркестра. Канцэрт для фартэп’яна з аркестрам. Скрыпічны канцэрт.

•••

Кашэчы канцэрт — а) пра завыванне катоў; б) пра бязладныя спевы, музыку і інш.

[Фр. concert.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

анса́мбль, ‑я, м.

1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля. «Полымя». // Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара. «Маладосць».

2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы. Дуброўскі.

3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль. «Маладосць».

[Фр. ensemble — разам.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гімн, ‑а, м.

1. Урачыстая песня, прынятая як сімвал дзяржаўнага або класавага адзінства. Дзяржаўны гімн Савецкага Саюза. «Інтэрнацыянал» — міжнародны пралетарскі гімн, партыйны гімн КПСС і іншых камуністычных партый. □ Вялікае пашырэнне гімны атрымалі ў перыяд французскай буржуазнай рэвалюцыі канца XVIII ст. Выключнай папулярнасцю тады карысталася «Марсельеза» Ружэ дэ Ліля, якую французскі Канвент прызнаў нацыянальным гімнам рэспублікі. А. Макарэвіч.

2. Увогуле хвалебная песня або музычны твор у гонар каго‑, чаго‑н. Гімн жыццю. Гімн чалавеку працы. □ Паэт спяваў гімн свабодзе народа і ўсім палымяным сэрцам сваім заклікаў на бой за яе. Майхровіч.

[Грэч. hýmnos.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.

1. і без дап. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Прапець гімн. Прапець мелодыю. // Вымавіць нараспеў. Дзяўчына тым часам зусім супакоілася і з какецтвам прапела: — Малады чалавек, дазвольце ваш галаўны ўбор і паліто! Карпюк. // Утварыць пявучы гук (гукі). Прапелі пеўні галасіста. Даўно мінуў паўночны час. Танк. // Праляцець з пявучым гукам. Першая куля прапела над галавою, збіўшы з хвоі кару. Лупсякоў.

2. Разм. Страціць голас ад спявання. Прапець голас.

3. і без дап. Пець некаторы час. Прапець увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праспява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

1. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Людміла Сяргееўна паглядзела на неба і ціхенька праспявала: «Колькі ў небе зор...» Радкевіч. // Вымавіць нараспеў. — Гэта вы, таварыш галоўны архітэктар? — з насмешлівым какецтвам праспяваў жаночы голас. Карпаў. — А гэты чараўнік, Полечка, якраз у мяне і сядзіць, — праспявала Вікторыя Аркадзеўна. Паслядовіч. // Утварыць пявучыя гукі. Трэція пеўні праспявалі, калі яны леглі спаць. Гурскі. Прыгожа праспяваў ражок стрэлачніка. Васілёнак.

2. Спяваць некаторы час. Ноч перад тым, як пакінуць Дзяляцічы, амаль усю праспявалі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)