засілі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Разм.

1. Злавіць у сіло. Засіліць птушку.

2. Павесіць. — Цару і ўсім яго паслугачам гэтак насаліў, што яны жыўцом мяне з’елі б або на горкай асіне засілілі б. Сабаленка.

3. Абл. Зачэрпнуць. Махорка, нагнуўшыся, засіліў жменяй ваду і плюхнуў сабе на шчокі. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збаёдаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Згубіць, невядома дзе падзець. — Але воз трэба забраць зараз, каб стары за зіму не збаёдаў дзе яго. Сабаленка. — А так, пячатка ў мяне з сабою, аформім [цялят], а то яшчэ збаёдаеце, — гаварыў Тамаш. Гурскі. // Загубіць, знішчыць. Збаёдаць чалавека. // Марна патраціць, перавесці. Збаёдаць грошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дасказа́ць, ‑скажу, ‑скажаш, ‑скажа; зак., што.

Сказаць недагаворанае; выказаць што‑н. да канца; дагаварыць. Адчуваючы, што яна самае важнае ўжо асмелілася сказаць, .. [Ірынка] павышае голас да самых высокіх нот і перамагае сваю нерашучасць дасказаць усё да канца. Чорны. Рыгор не даў гаспадару дасказаць, рашуча не згадзіўшыся з яго прымірэнчымі ліберальнымі дарадамі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́яцца, дзеецца; незак.

Разм. Рабіцца, адбывацца. Афіцэр паківаў пальцам Лукашу, які выйшаў з хаты, каб пацікавіцца, што дзеецца на яго двары. Сабаленка. Спакойна і павольна, як у зачараваным сне, цякло і само жыццё на Палессі, а водгулле ўсяго, што дзеялася на свеце, далятала сюды ў прыглушаным прасторамі Палесся тонах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ду́шна, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць духаты дзе‑н. У падвале стала яшчэ больш горача і душна. Карпаў. У паветры пахла гарэлымі анучамі, гаркаватым дымам. Было душна, як у печы. Бядуля. // каму. Пра адчуванне духаты кім‑н. Пасля чаю зрабілася душна. Валатовіч зняў пінжак, павесіў яго на спінку крэсла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каняня́ і канянё, ‑няці; мн. ‑няці, ‑нят; н.

Разм.

1. Пра маларослага непрыгляднага каня. — Канянё было ў мяне хоць дужае, але гультаяватае — ідзе сабе памалу і, хоць ты зарэж яго, не пабяжыць. Бядуля. Аднойчы раніцай я прачнуўся і ўбачыў на двары нейкае малое заморанае каняня. Дамашэвіч.

2. Тое, што і жарабя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць (у 2 знач.). [Маша] не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавітага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. Шамякін. Люблю маладых І люблю пасівелых, Вясёлых люблю, А кахаю адну. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяльчэ́ць, ‑эе; незак.

Тое, што і мялець. Нам чамусьці шкада стала гэтага балотца: няхай бы яно тут усё лета блішч[а]ла пад сонцам! Праўда, карысці ад яго аніякай, бо яно мяльчэе і высыхае якраз тады, калі прыходзіць пара купацца, і мы бегаем за блізкі свет на рэчку, аж у другі калгас. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да накрапаць.

2. Падаць рэдкімі кроплямі (пра дождж). А дождж то сціхне, то накрапвае, То сыпане, як з поўнай жмені. Хведаровіч. / у безас. ужыв. Ціха, амаль непрыкметна, пачало накрапваць, але шуму дажджу не было чуваць, бо яго глушыў няўціхны гул рачных хваль. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наса́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікім носам. Як жывога бачыць .. [Ніна Пятроўна] перад сабою прыгорбленага старога з насатым маршчыністым тварам, чуе яго бурклівы голас... Ус. Усёй сям’ёй з’явіліся Цецерукі стракатыя, Глушцы, вароны з совамі Ды з дзятламі насатымі. Танк.

2. З выступам, з доўгай, вялікай выступаючай часткай. Насаты чайнік. Насатая лодка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)