дубро́ва, ‑ы, ж.

Невялікі лісцевы лес; гай. Дарога вілася між густых дуброў, але часта насустрач нам нечакана выбягаў малады сасоннік. Хведаровіч. Праз дарогу цягнуліся калгасныя палеткі, дзе-нідзе перарэзаныя невялікімі бярозавымі пералескамі ці дубровамі. Шчарбатаў. // Дубовы лес. Дубнячок, што некалі.. ледзь дасягаў чалавечага росту, цяпер .. стаў суцэльнай дубровай. Ракітны. Усё ж шыракалістыя пароды сустракаюцца, а месцамі нават утвараюць невялікія дубовыя ляскі, так званыя дубровы. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Плецены выраб з лучыны, лазы і пад. для захоўвання і пераноскі чаго‑н. Сплесці кашолку. Накапаць кашолку бульбы. Збіраць грыбы ў кашолку. □ Пад акном, відаць з базару, прайшла з кашолкай Альбіна Сільвестраўна. Ракітны. Федзя, абняўшы левай рукою вялікі букет кветак і трымаючы ў правай добра наладаваную малдаўскую кашолку з чароту, кіраваўся да сваёй машыны. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрадба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога нельга было прадбачыць; нечаканы. Непрадбачаныя акалічнасці. □ План планам, а ў час працы — Шульга добра ведае гэта — абавязкова .. вынікне столькі нечаканасцей і розных непрадбачаных перашкод, што калі не праявіць кемлівасці, то можна моцна адстаць. Краўчанка. І імчыць зялёны легкавічок за вёску, у непрадбачаны рэйс... Ракітны. / у знач. наз. непрадба́чанае, ‑ага, н. І раптам, калі работа падыходзіла ўжо да канца, здарылася непрадбачанае. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ныццё, ‑я, н.

1. Цягучы, тупы боль. Балючае ныццё разлілася па ўсім целе. Пестрак.

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. ныць (у 2 знач.). [Андрэй Данілавіч:] — Захандрыў мой студэнт. Што ні пісьмо — суцэльнае ныццё. Ракітны.

3. перан. Разм. Дзеянне паводле дзеясл. ныць ( у 3 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Н[а]жніцы спраўна перакусваюць драціны, і, адна за адной, яны ападаюць у снег. Ныццё [у правадах] напалову змаўкае. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папі́ць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; ‑п’ём, ‑п’яце; пр. папіў, ‑піла, ‑піло; заг. пані; зак., што і чаго.

1. Выпіць, напіцца чаго‑н. Поўдзень. Духата. Адны пасажыры пабеглі пашукаць чаго папіць, другія выйшлі проста размяцца. Ракітны. — Піць хачу, — сказала .. [Зося]. — Можна папіць вады? Хомчанка.

2. Выпіць усё, многае. [Жагула:] — Проша, госцікі, да стала. Папіць гарэлку мы і без мужыка патрапім. Крапіва.

3. і без дап. Піць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгла́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Разгладзіўшы, зрабіць роўным, гладкім. [Заранік] заглянуў у люстэрка на сцяне, прыгладзіў ускалмачаныя валасы. Хадкевіч. [Ганна] прыгладзіла пасцель і паправіла накідку на падушках. Гартны.

2. перан. Разм. Зрабіць менш адчувальным, змякчыць, згладзіць. [Мірон Сцяпанавіч] падымаецца, каб падрыхтаваць сабе што-небудзь на вячэру, і спрабуе прыгладзіць усё выказанае жартам. Ракітны. // Падправіўшы, выраўняць, зрабіць адпаведным да прынятых норм (мову якога‑н. твора і пад.). Прыгладзіць стыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыні́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Страпянуўся Міколка, удыхнуў паветра глыбей і, упаўшы на калені, прынік да маці. Лынькоў. За акном пачуліся крокі і зараз жа знаёмы Зосін тварык прынік да шыбы. Лупсякоў.

2. перан. Разм. Прыціхнуць, страціць бадзёрасць. [Ліпачка] яшчэ больш прынікла, сцішылася. Сабаленка. [Яўхім:] — Ды і Сафрон трохі прынік — прыглядваўся, ці па нораву жонцы яго разбойная жытка. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размя́цца, разамнуся, разамнешся, разамнецца; разамнёмся, разамняцеся; заг. разамніся; зак.

1. Стаць мяккім, ператварыцца ў мяккую масу ў выніку сціскання, расцірання. Разамнецца гэта цвёрдая скарынка [зямля], а тады можна будзе перасеяць. Васілевіч.

2. Разм. З дапамогай якіх‑н. рухаў пазбавіцца ад адчування анямеласці, фізічнай скаванасці. Пасажыры пакінулі месцы. Адны пабеглі пашукаць чаго папіць, другія выйшлі проста размяцца. Ракітны. // У спартсменаў — перад пачаткам спаборніцтва практыкаваннямі разагрэць цела, танізаваць мышцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскашо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і раскашавацца. Свет, у якім адзін чалавек мае магчымасць эксплуатаваць другога, свет, у якім адзінкі раскашоўваюцца на поце і крыві мільёнаў, павінен знікнуць, саступіць месца новаму свету, дзе расквітнее вольная праца .. людзей. «ЛіМ». Трэба людзям дуб ці якая жардзіна — усё сюды, у лясы пятроўскія, едуць. Там ужо і з хатамі не вельмі раскашоўваюцца: не разводзяць харомін. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сталю́га, ‑і, ДМ ‑люзе, ж.

1. Прыстасаванне для распілоўкі бярвёнаў на дошкі; высокія козлы. Эх, бацька, бацька!.. Няўжо гэта той самы ты, што, пілуючы на прыгуменні дошкі, стаяў на сталюгах і зверху пасмейваўся з сыноў? Брыль. Тоця, ездзячы па тавары, не раз бачыла, як на гэтым пляцы шархалі на сталюгах падоўжныя пілы, а над цагляныя падмуркам завіхалася з паўдзесятка чалавек. Ракітны.

2. Сталярны варштат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)