непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.
1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.
2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
правака́цыя, ‑і, ж.
1. Здрадніцкія дзеянні тайных агентаў паліцыі, што праніклі ў рэвалюцыйныя арганізацыі з мэтай шпіянажу і падбухторвання да выступленняў, якія павінны прывесці гэтыя арганізацыі да аслаблення і разгрому.
2. Наўмыснае падбухторванне каго‑н. да такіх дзеянняў і ўчынкаў, якія могуць прывесці да дрэнных вынікаў. Я зразумеў, што і мне, карэспандэнту савецкай газеты, будзе не лёгка, інакш кажучы, трэба быць гатовым да розных правакацый і нечаканасцей. Новікаў.
3. Спец. Штучнае выкліканне якіх‑н. з’яў хваробы.
4. Спец. Штучнае паскарэнне прарастання насення.
[Ад лац. provocatio.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́гна, прысл.
З вялікай ахвотай, жаданнем. Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. Павел, які сядзеў на канапе і прагна курыў, уздрыгнуў і баязліва паглядзеў на сястру. Шамякін. / у перан. ужыв. Языкі полымя прагна пачалі лізаць здабычу. Новікаў. // перан. З вялікай цікавасцю, інтарэсам; нецярпліва. Аленка прагна, але дарэмна ловіць словы — нічагутк[і] не чуваць. Колас. Як там, на далёкай чужыне, Так прагна ён вестак чакаў. Ад родных сваіх і ад сына. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прадста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.
1. Назваць сябе, знаёмячыся з кім‑н.; адрэкамендавацца. Лёня прадставіўся старшаму: — Падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі Бурцаў... Новікаў. — Пахвальна, пахвальна, — застаўся задаволены яе адказам дзядок і прадставіўся Рыце: — А я вось калгасны аграном. Васілевіч.
2. З’явіцца, паўстаць, паказацца. Вачам прадставілася непрыглядная мешаніна [нагрувашчаных] адна на другую рэчаў. Гартны.
3. Уявіцца, паказацца. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні. Колас.
4. (са словамі «выпадак», «магчымасць» і пад.). Узнікнуць, з’явіцца. Тут зноў прадставіўся Сцёпку выпадак паказаць сваю вучонасць. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пе́кла, ‑а, н.
1. Паводле рэлігійна-містычных уяўленняў — месца, дзе церпяць вечныя пакуты душы памёршых грэшнікаў. Хто курыць, таго да пекла тураць, а хто нюхае, той сам да пекла трухае. Прыказка. // Разм. Вельмі моцная гарачыня, спёка.
2. перан. Месца, дзе адбываюцца небяспечныя, жахлівыя падзеі. Пекла вайны. □ Народ ішоў, каб уцячы з пекла, у якім апынуўся горад. Гурскі. // Нясцерпныя ўмовы жыцця. У панурым у пекле астрожным Засталася ты [Вера Харужая] непераможнай. Танк. Марылін Манро нейкім цудам пашанцавала выжыць у гэтым пекле эксплуатацыі, нажывы і бізнесу. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
люк, ‑а, м.
1. Адтуліна (звычайна з векам) для пранікнення ўнутр або на паверхню чаго‑н. Каналізацыйны люк. □ Быстроў, адчыніўшы люк, забраўся ў машыну. Мележ. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй .. [Зося] прынесла прасціну, падушку, коўдру. Шамякін.
2. Тое, што і амбразура (у 1 знач.). Пасажырскі «дуглас» быў пераабсталяваны на ваенны лад. Наверсе зрабілі вежу.. Уздоўж бартоў — люкі для кулямётаў. Новікаў.
3. Адтуліна ў сценках машын, труб (для загрузкі або разгрузкі чаго‑н., асвятлення і пад.). Люк для засыпання хімікатаў.
[Гал. luik.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гры́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Аднакр. да грымець.
2. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца. Нечакана грымнула вайна, і сын нават не развітаўся са сваёй добрай, чулай старэнькай маці. Новікаў.
3. чым і без дап. Моцна, з сілай ударыць, стукнуць. Ладынін з размаху грымнуў кулаком па стале. Шамякін. Максім так грымнуў.. [афіцэрыку] у карак, што той носам заараў мокры пясок. Грахоўскі.
4. Разм. З грукатам упасці, паваліцца. І абняла Петрычыха ногі, ды так абняла, што .. [Журавінка] не адзержаўся на іх, на зямлю грымнуў. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыбкі́,
У выразе: на дыбкі — а) на заднія ногі (стаць, падняцца і пад.). Конь, пужаючыся незразумелай яму мітусні і музыкі, шарахаўся ў натоўп, станавіўся на дыбкі. Васілевіч. Здаравенны дварняк, бразгаючы ланцугом, падняўся на дыбкі, злосна забрахаў. Хомчанка; б) прама ўверх, дыбам. Зямля скаланулася. Гэта Таня ўзарвала шнурам міну. Паравоз стаў на дыбкі і паляцеў пад адхон. Новікаў; в) перан. рэзка запратэставаць, выказаць нязгоду. [Каб] Сяргей перапрасіў, дык усё і абышлося б, але той стаў на дыбкі і пачаў адмаўляць сваю віну. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адзіно́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які робіцца, адбываецца асобна, адасоблена ад іншых падобных; адзінкавы. Адзіночны стрэл. // Які не мае побач падобных сабе, размешчаны па адным, асобна. [Іван:] — Будзем біць адзіночныя, пераважна легкавыя [машыны]. Новікаў. Па тратуары аддаваліся гулка крокі адзіночнага чалавека. Бядуля.
2. Такі, які выконваецца, ажыццяўляецца сіламі аднаго, без удзелу, без дапамогі другіх. Адзіночны промысел.
3. Прызначаны для аднаго, разлічаны на аднаго. Адзіночная камера. // Звязаны са знаходжаннем у адзіноцтве, у ізаляванні ад іншых. Адзіночнае зняволенне.
•••
Адзіночны лік гл. лік (у 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заплята́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да заплесціся 1.
2. (у спалучэнні з назоўнікам «ногі»). Няўпэўнена, з цяжкасцю рухацца, чапляцца адна за адну. Па калідору ідзе [Міця], як у тумане. Заплятаюцца ногі. Навуменка. Дзеці змарыліся. Ножкі ў іх запляталіся. Няхай.
3. (у спалучэнні з назоўнікам «язык»). Невыразна, нячленараздзельна вымаўляць. Рая расказвала пра ўсё, што бачыла і перажывала, але язык яе пачаў заплятацца. Новікаў. — Вось я і прыйшоў, Юлька, — гаварыў Андрыян нейкім не сваім голасам; язык яго заплятаўся. Марціновіч.
4. Зал. да заплятаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)