ро́ўніца, ‑ы, ж.

1. Спец. Пасма валакна, злёгку скручаная, з якой вырабляецца пража.

2. Разм. Тое, што і раўня. А вот ужо на весялосць ды прыткасць у скоках не было .. [Лукер’і] роўніцы. Ракітны. — Я казала і кажу: не роўніцу ўзяў сабе Даніла ў жонкі. Думаладая яна для яго. Сіняўскі.

3. Абл. Узровень (пры параўнанні). Войтава дарога і накіраванасць пераважнай большасці сялянства, у тым ліку і Аўгіні, ляжыць у розных роўніцах. Колас. Знайшлося і азначэнне [у К. Чорнага] — Камароўка, аднолькава трапнае, незалежна ад таго, прыкладаецца яно да мяшчанства ў местачковай ці ў сусветнай роўніцы. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спага́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Спачуванне і каму‑н. у сувязі з чым‑н. Але Стэпа была адна: ні помачы, ні спагады чакаць ёй не было адкуль... Гартны. У.. голасе [Кірылы] адчуваўся боль і спагада да жонкі, на лёс якой выпала гэтулькі клопатаў. Гурскі. // Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; маральная падтрымка. Свет жорсткі, ніхто не разумее здольнага хлопца, нават свае людзі. Мае спагаду адно дзед. Лужанін.

2. Літасць да каго‑н. з чыйго‑н. боку. Я ведаю, спагады Ён ворагу не дасць. Глебка. Яе будзе спагады вяльможнаму гаду, Хай моліцца богу! Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрат, ‑а і ‑у, М спраце, м.

Разм.

1. ‑а. Памяшканне, месца для захоўвання чаго‑н.; сховішча. Гаспадар сам выйшаў з хаты, Устрывожыўся ўвесь дом, Абышлі ўсе клеці, спраты.. Каб напасці хоць на след [хлопчыка]. Колас.

2. ‑у. Месца, дзе можна схавацца ад каго‑, чаго‑н.; прыстанішча. [Коласа] цешыла, што гэтае дрэва ўвачавідкі разрасталася і давала надзейны цень у спёку і спрат ад дажджу. Лужанін.

3. ‑а. Патаемнае месца для ўкрыцця чаго‑н.; тайнік. Тым больш, што цяпер.. [Алаізу] туды і моцна цягнула — паглядзець, ці ўсё там у парадку, ці не раскрыты яе спрат. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што. Лічыць, меркаваць. [Мікола Антонавіч:] — Будзем уважаць нашу размову скончанай. Дубоўка. Мне давялося затрымлівацца на асобных прамашках і ўдачах аўтараў, уважаючы іх за пралікі ў рабоце рэдакцый. Лужанін.

2. што і чаго. Любіць што‑н. [Кучучыха:] — А вой! Хіба салодкага не любіш? А я ж уважаю. Лобан.

3. на што (звычайна ў форме дзеепрысл.). Улічваць, прымаць пад увагу што‑н. Міхалапіху апраўдалі, уважаючы на тагачасны яе душэўны стан. Лупсякоў. Мабыць, уважаючы на гэтыя два матывы, і назваў Аляксей Кулакоўскі сваю аповесць «Да ўсходу сонца». Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

угрэ́ць, угрэю, угрэеш, угрэе; зак.

Разм.

1. каго-што. Зрабіць, цёплым, нагрэць, сагрэць. Ледзь угрэлі гэту печ. Угрэць хату.

2. без дап. Прыгрэць. Угрэла сонца. Жней чародкі Ідуць паважна, як лябёдкі. Колас.

3. каго-што. Упарыць, моцна ўтаміць. Угрэць каня.

4. каго, па чым і без дап. Груб. Ударыць чым‑н., агрэць. Угрэць па патыліцы. □ Сабака, згледзеўшы гаспадара, з усіх ног кідаецца ў бульбоўнік. Нібы ведае: лепей быць далей ад гэтага панурага і злоснага чалавека — нізавошта можа ўгрэць ботам. Сачанка. [Дзед] глядзеў, есці даваў, але ці вуха закруціць ці плескача ўгрэе. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рменны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да формы (у 10 знач.); які з’яўляецца формай. Форменная фуражка. □ За сталом сядзіць маладая жанчына ў форменным кіцелі з бліскучымі пагонамі на плячах. Васілёнак. Толькі форменныя пятліцы на чорным кіцелі з дзвюма сінімі зорачкамі на іх сведчаць, што гэта — дырэктар. Шынклер.

2. Складзены па пэўнаму ўзору, форме; афіцыйны. У пакой заходзілі людзі, запаўнялі форменныя бланкі, падавалі бялявай дзяўчынцы. Асіпенка. А хутка прыйшло пісьмо ў форменным канверце. Марціновіч.

3. Разм. Сапраўдны. Не даючы апомніцца, [Канстанцін Міхайлавіч] учыніў форменны разнос за непаслядоўнасць пісання. Лужанін. [Андрэй:] — Гэта ж форменны падпал! Гэта ж злачынства. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шырыня́, ‑і, ж.

1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.

2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.

3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дапасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што да каго-чаго.

1. Разм. Падагнаць; прыладзіць. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Маўр. // Зрабіць што‑н. супадаючым у часе з чым‑н. Дапасаваць выпуск насценнай газеты да святочнага дня. // Аднесці, прымяніць. Да Якуба Коласа, так як і да яго вялікага друга і саратніка Янкі Купалы, можна дапасаваць словы, сказаныя А. М. Горкім пра Пушкіна: «Ён у нас — пачатак усіх пачаткаў». Лужанін.

2. Паставіць залежнае слова ў тым самым родзе, ліку, склоне або асобе, у якім стаіць галоўнае слова. Дапасаваць прыметнік да назоўніка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазна́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.

1. Паставіць на чым‑н. знак, лічбу або надпіс; пранумараваць. Па вёсцы паўзуць пушчаныя ворагам чуткі, быццам калгаснікаў будуць таўраваць, .. каб пазначыць. Лужанін. Калі б пазначыць на геаграфічнай карце ўсе мясціны, куды кідаў лёс Я. Купалу ў дарэвалюцыйны час, то яна была б усеяна кружочкамі. Шкраба. Найбольш важкія эстэтычныя думкі паэта кожны можа выпісаць ці пазначыць у кнізе. «Полымя».

2. Вызначыць, акрэсліць. Янка Брыль не назначыў жанру свайго новага твора «Птушкі і гнёзды». Юрэвіч. Я .. на бой падымаўся, каб краю здабыць перамогу, душой загараўся, каб другу пазначыць дарогу. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ба́цькаўшчына, ‑ы, ж.

1. Для кожнага чалавека краіна, дзе ён нарадзіўся, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. Працоўныя справы і духоўныя імкненні беларуса — родныя ўсім народам сацыялістычнай бацькаўшчыны. Лужанін. Паволі разыходзіліся салдаты, поўныя дум пра лёс сваёй бацькаўшчыны, сем’яў, пра сваё асабістае жыццё. Гурскі.

2. Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто‑н. — Якая прыгожая Асінаўка! — заўважыла Маша. — Бацькаўшчына твая, а ты не хацеў сюды ехаць. Гроднеў. // Месца, дзе што‑н. значнае адбылося, дало чаму‑н. важнаму пачатак. Савецкі Саюз — бацькаўшчына сацыялістычнай рэвалюцыі.

3. Набытак бацькі, спадчынная маёмасць. [Пракоп сыну:] — Растрасе бацькаўшчыну. Хутка [прагуляе], што нажыў бацька за свой век. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)