вы́седзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. без дап. Прасядзець, прабыць дзе‑н. пэўны час. Выседзець да канца спектакля. Выседзець пры хворым цэлыя суткі.

2. каго. Седзячы на яйцах, вывесці птушанят. Галубы ў старым, дзіравым кошыку, падвязаным пад лацінай, выседзелі галубянят... Брыль.

3. перан.; што. Разм. Дасягнуць чаго‑н. доўгім сядзеннем. [Старац:] — Нічога, пані гаспадыня, тут не выседзіш. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́страіць 1, ‑страю, ‑страіш, ‑страіць; зак.

1. каго-што. Паставіць строем. Выстраіць полк. □ Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. // Размясціць у пэўным парадку. Выстраіць чаргу.

2. што. Разм. Пабудаваць, выбудаваць. [Гусляр:] — Хорам выстраіў ты свайму воку так міл. Купала.

вы́страіць 2, ‑страю, ‑страіш, ‑страіць; зак., каго.

Разм. Адзець па-святочнаму; убраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць пустым, пазбавіцца таго, што змяшчаецца, напаўняе. Федзя сачыў за.. [бычком], не адрываючы вачэй, аж пакуль не апусцела вядро. Гамолка. // Стаць пустым, голым. Не пужайся, што бедная ніва Апусцела з канца да канца. Купала.

2. Стаць бязлюдным, пустым, нежылым. Хіма спехам выбралася са сваімі пажыткамі, і Гарасёў падворак апусцеў назаўсёды. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абязлі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Сістэма арганізацыі працы, пры якой адсутнічае асабістая адказнасць за даручаную работу, за прылады вытворчасці. // Тое, што робіць усіх роўнымі, пазбаўляе індывідуальных рыс і якасцей. [Анісімаў].. не хацеў, каб падлік выпрацоўкі ішоў цалкам па брыгадзе, — абязлічкі начальнік цэха не любіў. Шахавец. Па цэлым па Саюзе Бяжыць хай пераклічка: Ураўнілаўку руйнуйце, Касуйце абязлічку! Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валато́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Абл. Курган, у якім, паводле народных уяўленняў беларусаў, пахаваны легендарныя асілкі-волаты. На магілцы-валатоўцы Зарунеюць кветак руні. Зайдзе сонца, узыдзе сонца... Сні, таварыш, аб Камуне! Купала. Я часта прыпыняюся каля сталоў, Дзе разлажылі прадаўшчыцы зёлкі, Сабраныя з усіх лугоў, палёў, на скрыжаваннях і на валатоўках. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытупі́цца, ‑ту́піцца; зак.

1. Стаць тупейшым, крыху затупіцца. Нож прытупіўся. Канькі прытупіліся. □ Ужо каса мая Прытупілася: Не бярэ сіўцу, Замарылася. Купала.

2. перан. Страціць адчувальнасць, стаць менш успрыімлівым да чаго‑н. Боль прытупіўся. Увага прытупілася. □ Здаецца, ранейшае прыкрае пачуццё неяк прайшло ўжо. А калі і не прайшло, дык прытупілася. Чыгрынаў. Максіму здавалася, што жаданне есці прытупілася. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’ядна́насць, ‑і, ж.

Стан раз’яднанага; адсутнасць еднасці, агульнасці. Гэтая хвілінная іх раз’яднанасць зноў застарэлай варожасцю захліснула Валокава нутро. Быкаў. Янка Купала працаваў над «Словам аб палку Ігаравым», калі ў асяроддзі старой пісьменніцкай інтэлігенцыі назіраўся разброд, ідэйная раз’яднанасць. Палітыка. Адзінства гартаваць людзей павінна, Каб раз’яднанасць не магла ў бацькоў Бацькоўства адабраць, пазбавіць сына На хлеб і сонца спадчынных правоў. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Адчуць каханне да каго‑н.; палюбіць. — Гы, Аленка, памятай: ніхто цябе так не палюбіць, як я. Адну цябе пакахаў і больш нікога не хачу. Колас. Пакахаў Тарас дзяўчынку У дзяцінстве, рана, І да самае да смерці Не забыў Аксаны. Купала. // без дап. Закахацца. [Казімір:] — Каб жаніцца, трэба пакахаць, а так — што? Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нечапа́ны і нячэ́паны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не чапалі, да якога не дакраналіся. Нечапанай стаіць на стале вячэра. А. Вольскі. Купала запаліў электрычнасць, запрасіў пасунуцца да стала, дзе ад самага пачатку размовы так і стаяла нячэпанай бутэлька цынандалі. Лужанін. [Стэфка] брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Бядуля. // перан. Нявінны, цнатлівы. Эй, яблынька, Спей, румяная. Я дзевачка Нечапаная... А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працерабі́цца, ‑цераблюся, ‑цярэбішся, ‑цярэбіцца; зак.

1. Пракласці сабе дарогу, высякаючы, выломваючы што‑н. Ледзь толькі конюх працерабіўся праз гушчар алешніку на поплаў, як убачыў каля балота людскі натоўп. Мележ.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Аказацца, стаць працярэбленым. Сягоння ўжо працерабіўся гэты шлях: На гонях родных не пануе нелюдзь, З душы спадае перад будучыняй жах. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)