пле́сня, ‑і, ж.

1. Мікраскапічны грыбок у выглядзе пушыстага налёту розных колераў, які ўтвараецца на харчовых прадуктах, рэчах хатняга ўжытку, на жывёльных і раслінных рэштках пры пэўнай тэмпературы і вільготнасці. Накрытая плесняю, стаяла ў канале жоўтая, падобная на чай, тарфяная вада. Краўчанка. Сцены і столь ад вільгаці пакрыліся плесняй, абвальваецца тынкоўка. «Звязда».

2. перан. Пра элементы распаду, разлажэння ў псіхіцы, ідэалогіі і пад. [Пракоп] не бачыць плесні заскарузлага ў сваёй старадаўнасці вясковага жыцця. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асы́пацца, ‑плецца; зак.

1. Адваліўшыся, разваліўшыся, асунуцца ўніз. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. Толькі пабелка на ёй [вежы] з гадамі асыпалася, і вежа выглядае цяпер чырвонай. Краўчанка.

2. Апасці (пра лісце, зерне і пад.). Асыпаліся пялёсткі вяргіні. // Застацца без лісця, пялёстак; агаліцца. Пасох верас, парудзела папараць, не адскочыла нават ад зямлі, асыпаўся багун і ягаднік. Пташнікаў.

асыпа́цца, а́ецца; незак.

1. Незак. да асы́пацца.

2. Зал. да асыпа́ць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм.

1. каго. Наведаць, праведаць. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Краўчанка.

2. што і чаго. Зазнаць. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а.. [дубы] спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ладава́ць, ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; заг. ла́дуй і ладу́й; незак., што.

Разм. Прыводзіць у парадак, падпраўляць. Ладаваць збрую. □ — Ты ўчора прыходзіў да мяне? — стоячы на праходзе, спытаў Андрэйка, калі Паўлік пачаў ладаваць кнігі ў парце. Краўчанка. // Роўна, парадкам укладваць. У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы. Мележ. // Збіраць, рыхтаваць, укладваць. У дарогу збіралася ледзь не ўся вёска — кляпалі косы, ладавалі торбы, падмазвалі каламаззю восі, падганялі хамуты і вупраж. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Па-майстэрску пераймаць каго‑, што‑н., з дакладнасцю ўзнаўляць, падрабляючыся пад каго‑, што‑н. Імітаваць воўчы голас. Імітаваць рухі. Імітаваць пажар. □ [Выстрал] дамоўлена было імітаваць з дапамогаю дошкі, якою сам Цімошка ў патрэбны момант павінен быў за кулісамі ляснуць аб падлогу. Краўчанка.

2. Рабіць імітацыі (у 2 знач.). Імітаваць мармур. Імітаваць жэмчуг.

3. Паўтараць музычную тэму або матыў у другім голасе на які‑н. інтэрвал вышэй або ніжэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жне́йка, ‑і, ДМ жнейцы; Р мн. жнеек; ж.

1. Ласк. да жняя; тое, што і жняя. Белыя постаці жнеек-сялянак ныраюць у залатым моры даспелага жыта. Колас. Сама сябе жнейка б’е, калі нячыста жне. Прыказка.

2. Тое, што і жняярка. Час гамонку пачынаць з густымі каласамі, Дзе жнейкай, Дзе касой збіраць, Дзе вострымі сярпамі. Броўка. На двары, пад дашчатым павевам, у рад стаяць новенькія, толькі што прывезеныя жнейкі, касілкі, малацілкі. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дыста́нцыя, ‑і, ж.

1. Адлегласць. Адысці на пэўную дыстанцыю. Страляць з блізкай дыстанцыі. □ Човен рушыў з болей блізкай дыстанцыі. Колас. // Адлегласць паміж стартам і фінішам. Паўлік рвануўся ад Андрэйкавых варот дамоў з такою сілаю, што можна было падумаць, нібы ён браў старт па бегу на стометровую дыстанцыю. Краўчанка.

2. Участак адміністрацыйна-тэхнічнага падзелу чыгуначнага, шасейнага і воднага пуці. Начальнік дыстанцыі. □ Тут знаходзіцца дыстанцыя пуці, а вунь там — дыстанцыя сувязі. Васілёнак.

[Лац. distantia.]

•••

Сысці з дыстанцыі гл. сысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хаду́н, ‑а, м.

Дэталь машыны, механізма, якая знаходзіцца ў пастаянным руху. А ці чуеце вы ў .. дыханні [паравіка] стомленасць або непаладак які? Шых-шах, шых-шах, — спявае проста ў ім кожны хадун, а кацёл, глядзіце, аж ільсніцца ўвесь ад вялікай сваёй сілы. Краўчанка. А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок зазначаў кароткім «так-так!» Колас.

•••

Ні хадун ні сядун — пра няўдалага, нерухавага чалавека.

Хадзіць хадуном гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падвярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.

1. Верчучы, падлажыць пад сябе; падгарнуць. Піліп Андрэевіч узяў у мяне папяроску, закурыў, ямчэй падвярнуў пад галаву падушку. Краўчанка.

2. Няёмка падагнуўшы, пашкодзіць; вывіхнуць. Пасля дажджу раз пакаўзнулася [Маня] на роўнай дарозе, упала і падвярнула нагу. Васілевіч.

3. Крута звярнуўшы, пад’ехаць куды‑н.; накіраваць. Падвярнуць падводу да крайняй хаты. Падвярнуць лодку да берага.

4. Падварушыць, крыху павярнуць. Падвярнуць сена.

5. безас. Аб раптоўным адчуванні млоснасці, болю і пад. Стала душна, падвярнула пад грудзі. Блажыла. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прымча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго-што. Разм. Прынесці, прывезці, даставіць каго‑, што‑н. вельмі хутка. Уладзік мігам прымчаў вядро вады. С. Александровіч. Калі партызаны, спехам зрабіўшы перавязку, прымчалі свайго цяжка параненага камандзіра ў вёску Свяціца, малады хірург .. на момант нават разгубіўся. Паслядовіч.

2. Разм. Тое, што і прымчацца. [Гарошка:] — Селі мы з ім у каламажку і праз якіх хвілін сорак прымчалі ў «Чырвоную Бярозаўку»... Краўчанка. Цягнік прымчаў з цяжкім грукатам .., увесь ахутаны ветрам і пылам. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)