парабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
1. Зрабіць усё, многае. Сабралася жонка ў поле і кажа мужыку: — Толькі ж глядзі, каб усю работу нарабіў. Якімовіч. Мы парабілі цяпер такія галубятні, што ніхто не далезе, ніхто не дастане. Брыль.
2. і без дап. Папрацаваць некаторы час. Малады цыган трохі парабіў у калгасе і пасля падаўся ў горад. Чыгрынаў.
•••
Нічога не паробіш; што (ж) паробіш — пра неабходнасць зрабіць не так, як хочацца, змірыцца з тым, што ёсць. Турсевіч цмокнуў, журботна паківаў галавою. — Гуляў і дагуляўся!.. Эх, Андрэй!.. Ну, ды нічога не паробіш. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
параскіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Раскідаць усё, многае або ўсіх, многіх; раскінуць усё, многае. Цяпер гэтыя лістоўкі трэба было параскідаць нам па горадзе. Карпюк. Чарнявы сын Параскідае цацкі, На рукі просіцца, Ну, і пайшла гульня. Чарот. [Маці:] — Вайна нямногім так мінулася. І ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Чыгрынаў. [Міхаіл Фёдаравіч:] — Калі братоў лёс параскідаў па свеце — адзін служыў на Сахаліне, другі быў у ссылцы, трэці ўцёк у Турцыю, то ў іх была яшчэ сястра... «Полымя». Дрэвы выраслі, параскідалі ўбакі голле, закрылі дарогу пад сабою. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́рнасць 1, ‑і, ж.
Уласцівасць парнага 1 (у 3 знач.).
па́рнасць 2, ‑і, ж.
Гарачае, насычанае выпарэннямі, вільгаццю паветра; вільготная цеплыня. А сонца жарыць, млеюць далі, І парнасць землю абняла. Колас. Сонца, пераваліўшыся за поўдзень, здавалася, шпарчэй пачало апускацца над лесам, але парнасць стаяла нясцерпная. Пташнікаў. Печ пагрэлася, па хаце пайшла парнасць. Чорны. // Выпарэнні, туман. Бліскацела іржавая балотная вада, над якою застыла парнасць. Пестрак. Цёплая парнасць падымалася ад возера, ад зямлі. Чарнышэвіч. Павітаўшыся, і госць і гаспадар прыселі на бервяне, прыгрэтым не так сонцам, як земляной парнасцю. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.
2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́рціся, патруся, патрэшся, патрэцца; патромся, патрацеся; пр. пацёрся, ‑церлася; заг. патрыся; зак.
1. Падушыцца, памяцца. Ягады пацерліся.
2. Знасіцца, выцерціся ў выніку доўгага ўжывання. [Макс] патрусіў калашыной сваіх старэнькіх штаноў, якія так пацерліся і знасіліся, што амаль прасвечваліся. Шамякін.
3. Разм. Пажыць, пабыць некаторы час дзе‑н., сярод каго‑н. Нягледзячы на свае маладыя гады, хлапец пацёрся ўжо каля людзей, шмат бачыў і добрага і благога. Гурскі. Гадоў пяць назад, дэмабілізаваўшыся з арміі, .. [Пётр] тыдняў з тры пацёрся ў вёсцы і раптам знік. Караткевіч.
4. Церціся некаторы час. Коні пацерліся пысамі аб .. [Кастусёвы] плечы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скапы́ціцца, ‑пычуся, ‑пыцішся, ‑пыціцца; зак.
Разм.
1. Зак. да капыціцца.
2. перан. Памыліцца, зрабіць што‑н. няправільна. — Мы от тут акурат і баяліся скапыціцца... Шынклер.
3. перан. Паваліцца, упасці. Шчэхула як стаяў, так і скапыціўся, грымнуўшыся на падлогу. Машара. // Захварэць, злегчы. — Бачыш, не ў пару скапыціўся, — сказаў.. [дзядзька Даніла], відаць, думаючы пра тое, што праз тыдзень-два трэба будзе пачынаць сяўбу. Асіпенка.
4. Памерці, згінуць. Вядзьмар жа керхаў, керхаў ды і скапыціўся: відаць, Тодараў дручок быў мацнейшы за яго чары. Якімовіч. І дзед злуецца ды гадае, Калі скапыцяцца паны. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.
2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Памянш. да саха (у 1 знач.). Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся, Як сошку часта ён спыняе, І пырнік дзікі вытрасае. Колас.
2. Жэрдка, падпорка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры збудаванні палаткі і пад. Пад дрэвам стаяла нязграбная палатна: на чатыры сошкі былі напяты посцілкі і дзяругі. М. Ткачоў.
3. Падстаўка з развілкай, якая выкарыстоўваецца пры стральбе з упору, а таксама прыстасаванне для ўпору ствала ручнога кулямёта, мінамёта. Кулямётныя сошкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старамо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены па старой мадэлі, пашыты па старой модзе; які выйшаў з моды. Старамодны капялюш. Старамодная мэбля. □ З мэблі, што мне відна, — шафа, круглы стол пад квяцістым абрусам, на ім буйны старамодны будзільнік. Ракітны. Зазвінеў старамодны, з нікеляванымі каўпачкамі тэлефон, Глушко паспешліва зняў трубку. Навуменка.
2. Які не адпавядае сучаснасці, уласцівы мінулым часам. Старамоднае выхаванне. Старамодныя манеры. □ Лапшын славіўся на заводзе старамоднымі бакенбардамі. Асіпенка. // Які прытрымліваецца ўстарэлых поглядаў, прывычак. «Памдзей» аб’ездчык быў не шкодны: Так, чалавек ён старамодны І не такі, як Ворцюх, зыркі І меней здольны на прыдзіркі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стары́зна, ‑ы.
1. зб., ж. Разм. Старыя, зношаныя рэчы, прадметы. Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку. Брыль. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [Альбіны Селівестраўны] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны. // Тое, што аджыло, устарэла. [Гэля:] Не так я ўяўляла сабе сваё вяселле... [Стась:] А як? [Гэля:] З кветкамі... з фатой... [Стась:] Ды аджывае гэта ўсё! Старызна! Губарэвіч.
2. м. Разм. іран. Пра старога чалавека. — Ну, як жывецца, старызна? — весела запытаў Патржанецкі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)