удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.

Разм.

1. Незак. да удаць.

2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.

3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узбунтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што.

1. Схіліць, падбіць па бунт, паўстанне. Узбунтаваць войска. Узбунтаваць натоўп. □ Бунтар, славуты герой беларускага народа [Ілья Гаркуша] яшчэ ў XVII стагоддзі ўзбунтаваў, узняў плугароў і сейбітаў, ганчароў і плытагонаў .. на барацьбу супраць белапольскіх магнатаў. Бялевіч.

2. перан. Прывесці ў стан непакою, трывогі; узбударажыць, усхваляваць. Узбунтаваць пачуцці. Узбунтаваць душу. □ Міхалавы словы так узбунтавалі Комліка, што ён больш не валодаў сабой. Карпаў.

3. Узняць хвалі, прывесці ў рух (звычайна пра ваду). Засмяяўшыся, .. [Люда] палажыла вядро на свой адбітак у вадзе. Вядро ўзбунтавала люстраную роўнядзь, напоўнілася. Брыль. // Узлахмаціць (валасы і пад.). Волька шпарка правяла далонню па яго [Кузёмкі] валасах, узбунтавала іх і, задзірыста засмяяўшыся, знікла за веснічкамі. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, хто валодае ўменнем, вопытам у якой‑н. справе. Ніхто не нарадзіўся ўмелым, Ніхто не нарадзіўся мудрым, Ніхто не нарадзіўся смелым, Ніхто не нарадзіўся мужным — Усё прыходзіла з гадамі. Жычка. Сын палахлівага краўца становіцца ўмелым і вынаходлівым арганізатарам падпольнай работы ў мястэчку. Хромчанка. // Такі, у якім праяўляецца ўменне (звычайна пра рукі). Ты [майстар] меў не толькі пару ўмелых рук, Ты сціпласць меў яшчэ і светлы розум. Аўрамчык.

2. Які выконваецца, робіцца з уменнем, майстэрствам. Умелае кіраўніцтва. □ Яркім прыкладам умелага выкарыстання Багушэвічам рэфрэна можа быць верш «Калыханка». Ларчанка. Маленькі палетак моока даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урабі́ць, ураблю, уробіш, уробіць; зак., каго-што.

Разм.

1. Падрыхтаваць зямлю для пасеву; абрабіць. [Дзед:] — Зямлі ў нас няшмат, ды без каня яе не ўробіш. Якімовіч. [Вяргейчык:] — Году не пройдзе — на папялішчах хаты вырастуць... І поле сваё ўробім. Сачанка. Забрукуем вуліцы, зямлю ўробім, як пух, машыны будуць араць і сеяць. Грахоўскі.

2. Вымазаць, упэцкаць у што‑н. Асцярожна пераступалі [людзі] праз пабітую цэглу, у цагляны пыл урабілі шэрыя халаты, рукі. Лынькоў. А можа яшчэ не абсохлі ногі, калі.. [Наста] ўрабіла іх у гразь, падпіхаючы ў рацэ ля спаленага моста калёсы? Пташнікаў.

3. Умацаваць, уставіць куды‑н., у што‑н. Урабіць замок у дзверы.

4. Уплесці вязаннем. Урабіць пяту ў панчоху.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храп ​1, ‑у, м.

1. Хрыплыя гукі, якія ўтварае пры дыханні той, хто спіць. Роўны храп ціха калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. Неўзабаве ва ўсім Глушаковым тавары чуліся сапенне ды храп. Мележ. Вось ужо і храп пачуўся з будкі, а .. [хлопцы] ўсё яшчэ баяліся вылазіць. Маўр.

2. Гукі, якія напамінаюць хрыплае сапенне (звычайна пра коней). Увагу [Гамыры] займае конскі храп і пазвоньванне жалезнага пута. Колас. На дарозе конскі храп, трэск аглабель, прарэзлівы дзявочы віск... Навуменка. І конь з дзікім храпам пранёсся перада мной, як дэман, толькі абкідаў мяне грудкамі снегу з-пад капытоў. Карпюк.

храп ​2, ‑а, м.

Спец. Упор для спынення або рэгулявання частак механізма, якія рухаюцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чу́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чуць ​1 (у 1 знач.).

2. у знач. прым. Які ўжо быў пачуты; вядомы. Кожнаму хацелася сказаць, што ён ведаў, і самому пачуць нешта яшчэ новае, нячутае, а можа і чутае, але расказанае нанава, з новымі падрабязнасцямі і меркаваннямі. Крапіва.

3. у знач. наз. чу́тае, ‑ага, н. Тое, што хто‑н. дзе‑н. чуў, пачуў. Едучы ў тралейбусе, Валя зноў у думках перабрала чутае і ўбачанае ў Шарупічаў. Карпаў. Кручынін заўсёды згушчаў фарбы, перабольшваў і завастраў чутае так, што часам цяжка было зразумець, дзе канчаецца праўда і пачынаецца выдумка. С. Александровіч.

•••

Дай бог чутае бачыць гл. даць.

Каб жа чутае бачыць гл. бачыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.

2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.

3. што. Драць. Шарпаць адзенне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Шкляная пасудзіна цыліндрычнай формы, без ручкі, прызначаная для піцця. — Распранайцеся ж ды сядайце за стол, — звярнулася гаспадыня да госця, а сама расстаўляла шклянкі і сподкі, увіхаючыся каля стала. Колас. Гардзей прыносіць новую пляшку і да краю налівае Ігнатаву шклянку. Мележ. // Змесціва такой пасудзіны, колькасць вадкасці або рэчыва, якая ў яе ўмяшчаецца. Калі .. [бацька] выпіў кампот, жанчына наліла яшчэ шклянку і толькі тады пачала размову: — Да Наташы Віктар хоча прыйсці на Новы год. Навуменка. Павел адставіў ад сябе шклянку чаю і запытаў: — А няўжо гэта мае нейкія адносіны да снедання? Гроднеў.

•••

Бура ў шклянцы вады гл. бура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штора́з, прысл.

Кожны раз. Колькі светлых пачуццяў падымаецца ў душы, калі чытаеш.. творы [Чорнага], штораз адкрываючы ў іх усё новыя скарбы. Вітка. [Міколка] ласкава гладзіў шурпатыя шчокі ў маршчынах і, штораз цалуючы, гаварыў, гаварыў: — Які ж ты, дзед, слаўны чалавек... Лынькоў. // З кожным разам, раз ад разу. — Ты толькі, Міхась, не накідайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь: — бо мама штораз будзе даваць смачнейшую страву. Колас. Чорны дым над полымем уздымаецца штораз вышэй. Брыль. // Вельмі часта; вельмі хутка. [Доктар] пацепваў высокімі пляч[а]мі, штораз папраўляў на носе акуляры. М. Стральцоў. Толькі сілы слабеюць штораз, Штохвіліны цяжэй усё дыша [конь]. Гэтак блізка жаданы папас, Але смерць за папас яшчэ бліжай. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)