па́раснік, ‑у, м.

Маладыя парасткі дрэў або іншых раслін. А сёлета шчодрыя жнівеньскія ліўні дружна пагналі ў рост малады параснік. Беразняк. // Малады лес; зараснік. З маладога парасніку неўзаметку ўздымаецца добры лес. Лужанін. З празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Валько .. сказаў, што мы ствараем, у адпаведнасці з Пастановаю ЦК, спецыяльную брыгаду, якая будзе вызваляць землі ад парасніку і паляпшаць сенажаці. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

1. што. Папрабаваць на смак, пакаштаваць. Потым.. [Апанас] узяў лыжку, пасмакаваў боршч. Савіцкі. Людзі пасмакуюць тое пойла, ды шусь міску пад плот. С. Александровіч. // Са смакам з’есці што‑н. Добра было спакваля, не спяшаючыся, пасмакаваць тую лусту. Даніленка.

2. Смакаваць некаторы час. Паверыў Вэня ці не, Сашка не цікавіўся дазнацца, яму важна было пасмакаваць рамантычныя дэталі падзей. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паясне́ць, ‑ее; зак.

Стаць ясным, яснейшым. Нарэшце на ўсходзе за гарамі паявілася нешта затоена-светлае, паяснеў гарызонт, горы ў сіняй смузе яшчэ больш пачарнелі. Хомчанка. / у безас. ужыв. Пакуль узыйдзе месяц, яшчэ цёмна з вечара. А калі паяснее — там будзе ўжо лес, не гэтакая голая мясцовасць. Чорны. У галаве Каваля паяснела. Яму раптам блізка да сэрца прыйшоўся гэты худы хлапчук. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́ўдзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Ажыццявіцца, здзейсніцца; збыцца. Мары тысячагоддзяў Аб светлай долі чалавецтва Спраўдзяцца ў жыцці. Бядуля. [Барашкін] проста верыў у тое, што гэтыя планы павінны абавязкова спраўдзіцца. Савіцкі. — А божачка мой, Кандратка прыйшоў! — з радасці загаласіла.. [маці]. — Сон спраўдзіўся. Лобан.

2. Аказацца правільным, пацвердзіцца. Чуткі пра выклік у камісію спраўдзіліся. Лынькоў. [Рыгорава] падазронасць і здагадка спраўдзіліся. Адамчык. Меркаванне камандзіра брыгады спраўдзілася. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сты́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які астыў, стаў халодным. Лезці на камбайн было нязручна: боты саслізгвалі з круглых поручняў, і Юхневіч ледзь не зваліўся далоў; стылае жалеза непрыемна апякала далоні. Савіцкі. На [Ледзю] дыхнула гарачынёй, вільгаццю, вострым пахам фармовачнай зямлі і стылага чыгуну. Карпаў. // Халодны, сцюдзёны. Мігаюць іскры белага агню, У твар сячэ сустрэчны вецер стылы. Грахоўскі. Сінее скрозь маўклівы стылы снег. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты хмарамі. Хмарнае неба. // З небам, зацягнутым хмарамі. Хмарны дзень. □ Ліліся сумныя гукі, і здавалася, нехта наракае і тужыць, што прайшло цёплае лета, скардзіцца на хмарную восень, на слоту. Каліна. Ноч была хмарная, і на невялікай адлегласці ўжо нельга было распазнаць чалавека. Дуброўскі.

2. перан. Пануры, сумны, невясёлы. Хмарны настрой яшчэ жыў у Антонавай душы. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хму́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хмурнага; згушчэнне хмар; воблачнасць. Новая шасэйная дарога адлівала белаватым колерам у цёплай хмурнасць ціхага дня. Чорны.

2. перан. Хмурны выгляд, панурасць. Толькі Корч часам прыб’ецца, прыстане, пагоніць хмурнасць на Васіля, але Ганна ўмее ўжо разганяць гэту хмурнасць. Мележ. Твар майстра быў прасветлены, хмурнасць яшчэ крыху жыла ў вачах, але глядзелі яны ўжо зусім добра і спагадліва. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хры́пнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да хрыпець.

хры́пнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Пачынаць гаварыць хрыпла, траціць чыстату голасу. Паліна заглянула ў блакноцік.. А палове сёмай — нарада. Як надакучылі яны!.. Амаль кожны дзень — адна за другой. Спрачаюцца, аж хрыпнуць людзі. Савіцкі. Аж хрыпнуць пад вятрамі каштаны. Нясе ў глыбіні адарваны буй... Бураўкін. // Станавіцца хрыплым (пра голас). У спевака голас пачаў хрыпнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́мхавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чаромхі, з’яўляецца чаромхай. Пад чаромхавым кустом сядзелі дзяўчынкі і плялі вянкі. Чарнышэвіч. Праз некалькі хвілін Сёмка разам з дзедам пляліся па яру, дзе пахла чаромхавым лісцем. Хомчанка. // Зарослы, засаджаны чаромхай; які складаецца з дрэў, кустоў чаромхі. Чаромхавы гушчар выплыў з цемры нечакана. Савіцкі.

2. Зроблены, прыгатаваны з чаромхі. Чаромхавы кій. Чаромхавае варэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шал, ‑у, м.

1. Псіхічны стан чалавека, ахопленага вялікім гневам, узбуджэннем; шаленства, раз’юшанасць. Віктар яшчэ болей чырванее; вочы, звужаныя шалам, зыркаюць дзёрзка і нядобра. Савіцкі.

2. Гарэзлівасць, свавольства; гулянка. І сэрца поўняць маладыя сілы, І хмеліць галаву вясновы шал. Бураўкін. Роўныя, як на падбор, былыя дзесяцікласніцы пачыналі шалы ў вадзе, на беразе. Мыслівец. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Прымаўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)