утапта́ць, утапчу, утопчаш, утопча; зак., што.

1. Шчыльна ўмяць, топчучы нагамі. Дрэвы густа выкінулі зялёны ліст, а зямля, дзе толькі яе не ўтапталі, не ўтрамбавалі нагамі, выгнала зялёную мураву. Сабаленка. [Маці] выйшла на ганак, а Платон скача вакол шулы — свежую зямлю ўтоптвае. Утаптаў і за жардзіну ўхапіўся, у паз яе закладвае... Ракітны.

2. Затаптаць у зямлю, снег, пясок і пад. Бычок пабэрсаў кудзелю нагамі і ў гразь утаптаў. Якімовіч. Вываліўся [жолуд], скаціўся з калёс, з посцілак і ўпаў на зямлю. Яго адразу ўтапталі ў пясок людзі... Пташнікаў. // Утрамбаваць, вытаптаць. Утаптаць сцежку.

3. Разм. Складаючы, уціснуць куды‑н. усё, многае. Утаптаць усе рэчы ў чамадан. □ — Туды можна пудоў дзесяць сена ўтаптаць, — наўмысля пабольшыў Антон памер мяшка. Ермаловіч. // Складаючы, прыціснуць, умяць. Размяркоўвалі сена на вока, і кожны стараўся мацней утаптаць воз, каб ён выдаваў меншым. Крапіва.

4. перан. Разм. Многа з’есці чаго‑н. Утаптаць гаршчок кашы.

•••

Утаптаць у гразь каго-што — тое, што і затаптаць у гразь каго-што (гл. затаптаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паляшу́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які належыць палешуку, уласцівы палешукам. Гразь была густая, чорная, як дзёгаць, размешаная паляшуцкімі лапцямі, быдлячымі і конскімі нагамі. Колас. Прыродны розум, спалучэнне народнай мудрасці з чыста паляшуцкай жартаўлівай дасціпнасцю і дабрадушнай хітрынкай у добрых вачах робяць гэтага чалавека прыемным субяседнікам. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папанасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што і чаго.

Разм. Насіць доўга, неаднаразова; напасіць многа каго‑, чаго‑н. Папанасіць дзіця. □ Колькі папахадзіў .. [Андрэй] тут босымі нагамі, колькі папанасіў зелля свінням, як маці палола грады. Пальчэўскі. З гэтага корту і мужчынам пашый штаны, то папаносяць!.. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пары́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рыпець злёгку або час ад часу. Парыпвае мост заінелы, На рэчышчы снег Белы-белы. Лойка. Трымаў невялікі марозік, і пад нагамі ледзь чутна парыпваў неглыбокі снег. Курто. Недзе ў лесе жаласна ціўкала птушка і парыпвала надломленае бурай дрэва. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́сел, ‑ела; мн. буслы, ‑оў; м.

1. Вялікая пералётная птушка з доўгай прамой чырвонай дзюбай і высокімі чырвонымі нагамі. Па балоце, высока падымаючы чырвоныя ногі, хадзіў, шукаючы жаб, бусел. Васілевіч.

2. Разм. Высокая бутэлька гарэлкі. Тры «буслы» гарэлкі высока падымалі галовы над стусамі закусак. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і карпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што чым.

Разм. Раскопваць, калупаць. Валодзя звычайна корпаў нагамі вільготны пясок і гаварыў з жалем: — Сырая яшчэ, брат. І гразі поўна... Якімовіч. Унурыўшыся, хадзіў [Гендарсан] па раллі і наском бота або ручкай бізуна корпаў зямлю. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манеке́н, ‑а, м.

1. Чалавечая фігура, лялька з дрэва або іншага матэрыялу, якая служыць для паказу адзення. // Фігура ў выглядзе чалавечага тулава для прымеркі і паказу адзення.

2. Спец. Драўляная фігура чалавека з рухомымі рукамі і нагамі, якой карыстаюцца мастакі для зарысоўкі розных поз чалавека.

[Фр. mannequin ад фламандскага manekin — чалавек.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маро́зны, ‑ая, ‑ае.

1. З марозам, вельмі халодны. Марозны вецер. Марозная зіма. □ Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. Гартны.

2. Звязаны з дзеяннем марозу. Раптам стук пачуўся ў хату з двара, з марознае імглы. Колас. Пад нагамі паскрыпвае свежы, марозны снег. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзеравяне́лы і здзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Цвёрды, як дрэва. Здзеравянелы атожылак. // Здранцвелы, анямелы (пра часткі цела). [Васіль] зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзеравянелымі нагамі. Колас. Яўхім стомлена павёў плячамі, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выбры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бегаючы, ускідваць заднімі нагамі (пра жывёлу). Цяпер ён [Андрэй] выразна бачыў, як цялё выбрыквала і кідалася ўбакі, а дзяўчына, тузаючы за вяроўку, зрывала яго скокі. Дуброўскі.

2. перан. Гарэзіць, дурэць. [Караневіч:] [У моладзі] ногі лёгкія, галава таксама, — чаму ім не выбрыкваць. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)