правакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., каго-што.
1. Падбухторваць на якія‑н. дзеянні шляхам правакацыі (у 1, 2 знач.). [Астапчык:] — Я аднаго зараз баюся: каб не знайшліся гарачыя галовы і не хапіліся за зброю. Во тады будзе бяда! Урад даўно правакаваў на гэта «Грамаду». Машара.
2. Спец. Рабіць правакацыю (у 3, 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прад’яві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.
1. Паказаць (які‑н. дакумент, білет) у пацверджанне чаго‑н. [Камандзір коннікаў] здзівіўся з’яўленню ў іх часці пяхотных камандзіраў і таму загадаў прад’явіць дакументы. Машара.
2. Заявіць аб якіх‑н. прэтэнзіях, патрабаваннях у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Вярбіцкі:] — Вы.. не мелі права арыштоўваць нас, не прад’явіўшы абвінавачання. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прастакава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Прастадушны, няхітры. [Лёня] мне спачатку здаўся сціплым, нават па-сялянску трошкі прастакаватым. Сабаленка. // Недалёкі, наіўны. [Максім:] — Прызнацца, .. [Яшка] і мне не падабаецца. Не ведаю нават чаму. Хоць вельмі і ліпне да мяне, такі ахвочы на паслугі. Наконт жа сувязі з паліцыяй і дэфензівай — наўрад ці ён здатны. Вельмі нейкі прастакаваты. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паручы́цельства, ‑а, н.
Парука каго‑н. за выкананне кім‑н. патрабаванняў, абавязкаў, якія ўскладаюцца на яго, прад’яўляюцца да яго. Не было тут толькі тых, хто знаходзіўся да суда на волі пад грашовым залогам або былі пад чыім-небудзь паручыцельствам. Машара. А галаву свідравала адна пакаянная думка: «Навошта я браў паручыцельства ў Пазняка?» Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасіве́лы, ‑ая, ‑ае.
Які пасівеў, стаў сівым. Лявон Амелька, маладжавы чалавек, але пасівелы ўжо, быў сур’ёзны і па натуры спагадлівы. Чарнышэвіч. Сярод пасажыраў вылучаўся адзін дзядзька — з сівенькай бародкай кліночкам, з пасівелымі невялікімі вусамі. Пестрак. Над студнямі як стаялі, так і стаяць пасівелыя ад моху асверы, задраўшы ўгору свае дзюбы-вочапы. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смярдзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Вылучаць смурод, дрэнна пахнуць. Моцна смярдзеў тлеючы торф. Машара. / у безас. ужыв. Моцна смярдзела сажай, пылам і яшчэ нечым нежылым і брыдкім. Быкаў. Ва ўсім доме смярдзела нечым кіслым і гнілым. Чарнышэвіч. // Быць насычаным чым‑н., прапахнуць чым‑н. Цемнаваты калідор смярдзеў дымам і якімсьці кіслым пахам. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ха́мскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да хама (у 1 знач.). Усюды бог гасціў З сваёю ласкаю, Толькі крыў, мінуў Ніву хамскую. Купала. [Міхась:] — І зараз, пэўна, [Галена Мнішак] хамскі дух парфумай выкурвае, каб не пахла хамам у яе панскіх пакоях. Машара.
2. Разм. Уласцівы хаму (у 2 знач.); грубы, бесцырымонны. Хамскія паводзіны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эстра́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эстрады (у 1 знач.). Адвакат толькі ўвайшоў у смак свайго красамоўства, як суддзя сухім скрыпучым голасам спыніў яго, строга напомніўшы, што ён у судзе, а не на эстраднай сцэне. Машара. // Які выступае на эстрадзе. Эстрадная спявачка. // Прызначаны для выканання на эстрадзе. Эстрадная песня. Эстрадны рэпертуар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лавела́с, ‑а, м.
Спакуснік жанчын; ахвотнік да любоўных прыгод; залётнік. — Не хлапчук жа .. [Сярожка], а студэнт трэцяга курса інстытута замежных моў і не лавелас які-небудзь, а вось на табе. З першага погляду закахаўся ў дзяўчыну. Скрыпка. [Казік:] — Не, я скажу толькі тое, што добра ведаю.. Ад тваёй ласкавай усмешкі ў старога лавеласа аж млела сэрца. Машара.
[Ад уласнага імя.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запле́снець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і заплясне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пакрыцца плесняй, цвіллю; зацвісці. Сцяна заплеснела. □ Сумка пачарнела ад часу, заплеснела, пакрылася пылам і павуціннем. Бяганская.
2. перан. Закаснець, адстаць, устарэць. Жывучы ў адной камеры з .. [Давідам], нельга было заплеснець нават і ў гэтыя змрочныя будні непагоднай восені. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)