мару́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Павольны, няспешны; проціл. хуткі. Жанчына асцярожна павярнулася.. і пайшла ў кватэру марудным крокам. Бядуля. Хада.. [рысі] была цяжкая і марудная, яна ледзь рухалася. В. Вольскі.

2. Непаваротлівы. У жніўны дзень на вуліцы бязлюдна. Нават бэз заснуў каля дзвярэй. Толькі певень, млявы і марудны, Кліча частаваць сваіх курэй. Караткевіч.

3. Карпатлівы. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́лкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую глыбіню; проціл. глыбокі. Зямля падсыхала, рэкі рабіліся мелкімі і вузейшымі. В. Вольскі. // Які робіцца на нязначную глыбіню. Мелкае ворыва. // Размешчаны на невялікай глыбіні, недалёка ад паверхні. Недалёчка ад берага стаяў нізенькі зруб. Там біла крыніца. Калі ўгледзішся ў яе мелкае дно, відаць, як кіпіць там вада. Лынькоў.

2. З нізкімі краямі, з меншай глыбінёй у параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Мелкая талерка. Мелкія галёшы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́цы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія звісаючыя галіны (пра дрэвы і кусты). Ніцая вярба. Ніцая бяроза. □ Над вадою задумліва схіляюць вецце ніцыя лозы. В. Вольскі. Бруіцца, празрыстая рэчка, Хаваецца ў ніцых кустах. Журба.

2. перан. Разм. Пануры, хмурны (пра чалавека). Солтыс з пробашчам выйшлі са школы ніцыя, злосныя, заклапочаныя. Сабаленка. // Які выяўляе панурасць, хмурнасць. Куды падзеліся з яго [Ракава] вачэй той ніцы сум і той пажыццёвы спалох! Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні́ша, ‑ы, ж.

Паглыбленне ў сцяне для змяшчэння там чаго‑н. У нішы на ўвесь рост, у батфортах, з крыжамі і рэгаліямі на грудзях, з аголенай шпагай у руцэ стаяла.. скульптура Суворава. Алешка. Пад нізкай столлю ў нішах сцен туляцца маленькія крамкі і майстэрні. В. Вольскі. // Паглыбленне, уступ, праём у чым‑н. Я схаваўся ад узрыву ў нішы замураваных дзвярэй. Шамякін. Туманіліся пылам і потам агромністыя нішы вокан. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нараджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. нараджаць — нарадзіць і нараджацца — нарадзіцца. // Момант надыходу, з’яўлення, узнікнення на свет. Высока ў неба ўзвіліся жаваранкі, спевам сваім вітаючы нараджэнне дня. В. Вольскі. У грозных бітвах і паходах З дня нараджэння, Як маяк, І праўдай і душой народа Была ты — Партыя мая! Хведаровіч.

2. Дзень, дата, калі хто‑н. нарадзіўся, а таксама святкаванне гэтага дня. У дзень нараджэння імкліва Ляціць тэлеграмны лісток... Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́фля, ‑і, ж.

Керамічны выраб для абліцоўкі сцен і печаў у выглядзе пліткі, вугла, часткі карніза. Бліскучыя каляровыя кафлі, якімі аздабляюцца ўсе будынкі, захоўваюць свой колер па працягу трохсот — чатырохсот гадоў. В. Вольскі. / у знач. зб. — Гэта ж мы з вамі ляльку, а не кватэру зрабілі, кухня і ванна абкладзены белаю кафляю, падлога паркетная, на столі лепка... Арабей. Другі куток [пакоя] займала прыгожая грубка з узорыстай цёмнай кафлі. Васілевіч.

[Ням. Kachel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

іскры́цца, іскрыцца; незак.

Ззяць, зіхацець, пералівацца іскрамі. Пад месячным святлом іскрыўся іней. Чарнышэвіч. Возера іскрыцца і зіхаціць на сонцы. В. Вольскі. // перан. Ззяць, блішчаць пад уплывам якіх‑н. пачуццяў (пра вочы, позірк). Вочы юнакоў і дзяўчат гарэлі, іскрыліся. Лынькоў. // перан. Ярка праяўляцца. У вачах .. [Сярожкі і Ленкі] не іскрылася весялосць і дзіцячая жартаўлівасць. Шамякін. Збан глядзеў кабеце ўслед з-пад калматых чорных броваў, і ў вачах яго іскрылася халодная, злая ўсмешка. Шашкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Бязветраны, ціхі. Зацішны бок. □ Вецер ірваў з узгоркаў пульхны мяккі снег.., кідаў куды-небудзь у зацішныя куткі і прасаваў там з яго грывастыя сумёты. Асіпенка. // перан. Ціхі, глухі, скрыты. Самка аленя хавае .. [дзіця] дзе-небудзь у патаемным, зацішным кутку, у высокай траве ці ў хмызняку. В. Вольскі.

2. перан. Без значных падзей, ажыўленай дзейнасці. На ўчастку фронта, які займалі партызанскія атрады, пачаліся зацішныя дні. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пасунуцца (у 1, 3 знач.).

2. Перамяшчацца паціху ў якім‑н. напрамку; паволі рухацца. Павольна, не спяшаючыся, пасоўваўся стары зубр да ручая, абрываючы па дарозе маладыя парасткі з дрэў. В. Вольскі. І па меры таго, як усё далей на захад адступаў фронт, услед за ім пасоўваўся і шпіталь. Васілевіч. Павольна наша фурманка пасоўвалася наперад, парушаючы цішыню наваколля. М. Ткачоў.

3. Зал. да пасоўваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахо́дня, ‑і, ж.

Уст. Пераносная свяцільня ў выглядзе ліхтара на доўгай палцы або наматанага на канец палкі прасмоленага пакулля; факел. На двары, у падмёрзлым снезе, пераступалі капытамі коні. Рыпелі палазы. Асветленыя ліхтарамі і паходнямі, сноўдалі сюды-туды людзі. Караткевіч. Людзі распалілі вогнішчы, бегалі вакол іх з паходнямі, шумелі, крычалі, стралялі ў паветра, пускалі ў вячэрняе неба ракеты, каб напалохаць іх [зуброў] і разагнаць, але ўсё было дарэмна. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)