Бальзамі́раваць. Рус. бальзами́ровать (з XVIII ст.). Лічыцца запазычаннем з ням. мовы balsamieren; аб запазычанні сведчыць суф. ‑ір‑ < ням. ‑ier(en). Гл. Шанскі, 1, Б, 28–29. Параўн. яшчэ Гютль–Ворт, For. Words, 61–62. Але ўкр. бальзамува́ти, польск. balsamować з’яўляюцца або самастойнымі ўтварэннямі (ад бальза́м) або запазычаннем з іншай крыніцы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Банк, дыял. ба́нак (Гарэц., Др.-Падб., Шат.). Рус. банк (з XVIII ст.), укр. банк і г. д. Запазычанне праз ням. Bank (або франц. banque) з італ. banco (якое спачатку мела значэнне ’стол мянялы’; < ням.; аб гісторыі слова гл. Клюге, 49; MESz, 1, 239). Фасмер, 1, 120; Шанскі, 1, Б, 33.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мандрава́ць ’вандраваць, падарожнічаць, блукаць па свеце’ (Мал., Федар. 2, Федар. 7, Чач., Шат.; паўд.-усх., КЭС), ’вандраваць пешшу’ (Нар. Гом.). Укр. мандрува́ти ’тс’, ’ездзіць’. З польск. wędrować ’тс’, якое з ням. wandern ’падарожнічаць, блукаць’. Аб пераходзе в > м гл. Карскі, 1, 340. Сюды ж пераноснае мандровачка ’павестка’ (светлаг., Мат. Гом.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матрасі́ць матрашы́ць, мытрашы́ць ’імжэць, сеяць, як праз сіта (пра дождж)’ (Бяльк., Растарг.; чачэр., Мат. Гом.). Укр. мотроши́ти ’церушыць (аб снезе)’, рус. мотроси́ть, мотро́сить ’марасіць’, бран. мотроши́ть ’тс’, наўг. ’церушыць дробнымі сняжынкамі’. Усходнеславянскае. Фасмер (2, 664) узводзіць да метать і роса. Якабсон (Slav. Word, 2, 614) лічыць гэта кантамінацыяй мороси́ть і мотать.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Межс́об, межсо́бку ’паміж сабой’ (паўн.-усх., Нас., Рам. 3; віл., Мат.). Толькі беларускае. Карскі (2, 70 і 193) гаворыць аб незвычайным утварэнні. Лексемы можна лічыць калькай з літ. tarpùsavyje ’паміж сабой’, да якой далучаўся прыслоўны суфікс ‑ку (магчыма, па аналогіі да прыслоўя паасобку). Параўн. і н.-луж. mjazsobnje ’паміж сабой’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Мелі́нне, пруж. мілі́нне ’сцяблы і лісце агуркоў’ (ДАБМ, к. 279). Узыходзіць да *хмелінне, якое з хмель ’расліна Humulus lupulus L.’ (гл.). Параўн. стол. хмеліно ’сцяблы і лісце агуркоў’ (ДАБМ, там жа). Аб адпадзенні пачатковага х‑ гл. Карскі, 1, 377. Параўн. тое ж у балг. гаворках (мел ’хмель’ — БЕР, 3, 725).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мітульга́ 1 ’мітусня, мільгаценне’ (ТСБМ, Касп.) ’непарадак’ (Касп.), ’шпаркасць’ (Бяльк.), міту́нь ’пра аднаразовае мільганне’ (мсцісл., Нар. лекс.). Да мі́тусь (гл.). Аб суфіксе ‑г‑а (< д‑а) гл. Слаўскі; SP, 1, 70.
Мітульга́ 2 ’матылёк’ (Гарэц., Нас., Др.-Падб.). Пад уплывам мітульга́ 1 ад матыль (гл.) пры дапамозе адцягненага суфікса ‑г‑а.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Куга́ 1 ’крык груднога дзіцяці’ (ТСБМ, Нас., Шат., Нар. лекс.). Гукапераймальнае. Параўн. кугікаць ’крычаць (аб грудным дзіцяці), якое адпавядае гукам «ку-гі»’.
Куга́ 2 ’азёрны чорт’ (ТСБМ). Цюркізм. Параўн. караім. koɣa ’тс’ (Праабражэнскі, 404; Фасмер, 2, 398).
Куга́ 3 ’вешка на рацэ, на краі фарватэра’ (ТС, Ян.). Гл. куга 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кія́шнік 1 ’сцябло кукурузы, кукурузнік’ (ТСБМ, Янк. I, Мат. Гом., Ян.). Гл. кіях.
Кія́шнік 2 ’хатняя кветка’. У крыніцы (Мат. Гом., 232) даецца наступная ілюстрацыя: «Кіяшнік толькі так, для зелені, ніколі не цвіце». Таму трэба думаць, што ў даным выпадку гаворка ідзе аб нейкай расліне, а не кветцы. Гл. кіяшнік 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лажбе́нь ’свавольнік, упарты хлопец’ (Некр.), ложбе́й, лажбе́нь ’гультай’ (уздз., Жд. 3), лажбе́ль ’непаваротлівы таўстун’ (Шат.). Рус. варонеж. ложбень ’вялікі, моцны, але гультаяваты чалавек’. Сюды ж лексема лазьбень ’аб падлетку — няўклюда, тупіца’ (кіраў., Нар. сл.) з менай ж//з. Метатэза адбылася пад уплывам дзеяслова ляжа́ць. Балтызм. Параўн. літ. labžà ’неахайны’, ’нявыхаваны чалавек’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)