муць, ‑і, ж.
1. Дробныя часцінкі, якія не раствараюцца ў вадкасці і робяць яе непразрыстай, мутнай; каламуць.
2. перан. Туман, смуга; імгла. Газік коўзаецца тубы-сюды і паволі, як бы вобмацкам, сунецца скрозь густую, жаўтаватую ад святла фар, муць. Дуброўскі. Шэрая мітуслівая муць павісла над галавою, завалакла далеч. Сачанка.
3. перан. Разм. Аб цяжкім душэўным стане. Але што будзе заўтра? Веньямін ведае, што будзе. Боль у галаве і муць на душы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нака́з, ‑у, м.
1. Павучальнае настаўленне. Бацькоўскі наказ. □ Маці сама дала наказ быць не горшым, чым дзеці ў добрых людзей... Брыль.
2. Загад або распараджэнне. [Антанюк:] — Сувязной, якую мы паслалі ў Казюры да Марыны, я даў наказ: пастарацца ўгаварыць малодшага [сына] застацца з маці. Шамякін.
3. Дзяржаўны акт, у якім змешчаны інструкцыі аб выкананні загаду, распараджэння. Наказ Савета Працы і Абароны. // Пажаданні, патрабаванні і задачы, якія выказваюцца выбаршчыкамі свайму дэпутату ў вуснай ці пісьмовай форме.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
першапачатко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Самы першы, пачатковы, зыходны. Першапачатковы план падарожжа. Аднавіць першапачатковы тэкст. □ Першапачатковы спалох праходзіў, вярталася .. [Таццяніна] звычайная ўпэўненасць і рашучасць. Шамякін. // Які быў раней, былы. Першапачатковы выгляд. Страціць першапачатковую форму. □ [Настаўніку] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.
2. Які з’яўляецца пачаткам, першай ступенню чаго‑н. Першапачатковы перыяд хваробы. Першапачатковая апрацоўка льну. Першапачатковы ўлік.
3. Самы просты, элементарны. Развіццё першапачатковых навыкаў чытання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́ннік, ‑а, м.
1. Той, хто едзе вярхом на кані; верхавы. Антон насцеражыўся, зірнуў у акно і ўбачыў, як, пагойдваючыся ў сядле, да канцылярыі пад’ехаў коннік. Сіўцоў.
2. Конны воін; кавалерыст. Пачалі сустракацца коннікі і пехацінцы, якія рушылі ад пазіцыі ў тыл, шукаючы бліжэйшага штаба. Галавач. На чале коннікаў праехаў начальнік разведкі. Карпаў.
3. толькі мн. (ко́ннікі, ‑аў). Прывілеяванае саслоўе з высокім маёмасным цэнзам у Старажытным Рыме і некаторых іншых антычных рабаўладальніцкіх дзяржавах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лама́чча, ‑а, н., зб.
1. Абламаныя часткі дрэў (галлё, сучча), якія валяюцца ў лесе. Лес быў чысты, без ламачча. Быкаў. Пад нагамі трашчала векавечнае гнілое ламачча і згінаўся маліннік. Пташнікаў.
2. Ламаныя або прыгодныя толькі для перапрацоўкі прадметы. На папялішчы — груды асмалкаў, вуголле, жалезнае ламачча ад нейкіх машын. М. Ткачоў. // перан. Разм. Непатрэбныя рэчы. [Бабуля:] — Ты, як тая сарока, — усё, што блішчыць, сабе ў гняздо цягнеш. І так поўная хата ўсялякага ламачча. Юрэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́вень, ліўня, м.
1. Моцны, праліўны дождж. За якія пяць хвілін рэдкі дождж змяніўся страшэнным ліўнем. Шашкоў. Хлынуў цёплы вясенні лівень. Гурскі.
2. перан. Пра тое, што падае, рухаецца, сыплецца масай, вялікай колькасцю. Нас не было яшчэ зусім на свеце, Калі грымеў Аўроры залп, калі Пад ліўнем куль матросы і гвардзейцы Па штурм Палаца Зімняга ішлі. Гілевіч. Прырэчны арэшнік увесь дыміўся залатым пылам, вераб’і перасыпаліся буйным ліўнем са стрэх на гразкую вуліцу. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
люд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.
Разм.
1. Народ, людзі. Над краем вайна лютавала, І гінуў наш люд у галечы. Хведаровіч. // звычайна з азначэннем. Група людзей, якія належаць да якога‑н. асяроддзя. Працоўны люд. □ Вайсковы люд і люд цывільны Вакзалы поўнілі сабой. Колас.
2. Зборышча людзей, натоўп. Каля клуба чутна гранне: Там пад звонкія лады Ладзіць дружбу ды каханне Люд шчаслівы малады. Гілевіч. Знаёмая плошча... Хвалюецца люд. Здарова, зямля[к], здарова, паэт! Вялюгін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прачу́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; зак., што з дадан. сказам і без дап.
1. Даведацца, пачуць пра што‑н. Збанок у прэзідыум не сеў, ён, мабыць, прачуў ужо, што яго будуць здымаць. Навуменка. Як толькі прачулі гараджане пра няпрошанага госця, яны замкнулі вароты. Шынклер. — Таня, пэўна, з вёскі вярнулася. Можа, там навіны якія прачула, — зноў нясмела прапанаваў Максім. Машара.
2. Пранікнуць пачуццём у сэнс чаго‑н. [Валошын:] Падумайце, прачуйце вашым сэрцам, Што робіце, куды вы ідзяце? Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыз 1, ‑а; мн. прызы, ‑оў; м.
Узнагарода пераможцу ў якім‑н. спаборніцтве. Тут жа праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, конкурс мастацкай самадзейнасці, уручаюцца прызы. Жычка. Здавалася, перад Сяргеем быў адзін з тых атлетаў, якія прывыклі браць прызы па падыманню цяжараў на спартыўных спаборніцтвах. Сіўцоў. [Гунава:] — Дог, якога вы бачылі, мае два міжнародныя прызы. Самуйлёнак.
[Фр. prix.]
прыз 2, ‑а, м.
Захопленае ў марской вайне варожае судна або іншая маёмасць, якая па міжнароднаму праву пераходзіць таму, хто іх захапіў.
[Фр. prise.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прысох, ‑ла; зак.
Падсохшы, прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. Скручаныя альховыя лісты прысохлі да галінак. Кулакоўскі. Таццяна развязала ручнікі, якімі яго перавязалі жанчыны і якія ўжо .. прысохлі. Шамякін. // перан. Захапіўшыся кім‑, чым‑н., закахацца. — Мала што. Трэба ўмець прываражыць. Эх, не на мяне .. [Уладзімір] нарваўся — прысох бы. Скрыган. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.
•••
Язык прысох гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)