бры́нкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Адзывацца пры ўдары гукам, падобным да лёгкага звону; дзвынкаць. Брынкае шыба. // Выклікаць ударам такі гук. Нехта доўга брынкаў на кухні пасудай.

2. на чым. Няўмела або ляніва іграць на якім‑н. музычным інструменце. Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай, сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Зарэцкі. Я ўжо ўмеў чытаць ноты, сяк-так брынкаў на раялі, і таму вучоба музыцы не была для мяне вялікім цяжарам. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́гкі, ‑ая, ‑ае.

Які трасе або трасецца. Расцёрты ў пальцах лісток пах, як вясковая ралля. Гэта нагадала Свідзерскаму той далёкі час, калі ён з бацькам ездзіў на дрогкай брычцы ў поле. Хомчанка. Усёю пяцярнёю экскаватар у дрогкі кузаў сыпле жаўтазём. Барадулін. // Які выклікае трасенне; няроўны, нягладкі. Цераз колькі хат быў канец даўгой шапятоўскай вуліцы, дзе выходзіла яна дрогкай грэбляй цераз выган у шырокі палявы прастор. Галавач. [У]ецца лясная дарожка, ляскаюць калёсы.. па дрогкай лясной зямлі. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пы́са, ‑ы, ж.

1. Ніжняя частка галавы (з губамі і ноздрамі) у жывёл. Карова працягвае пысу, ліжа руку шурпатым цёплым языком. Асіпенка. Конь .. шумна фыркнуў, дакрануўся пысай да вады, але піць не захацеў. Хомчанка. З суседняга пакоя выйшаў сабака, прыязна абцёрся аб мае ногі і паклаў пысу мне на калені. Карпюк. Андрушка трымаў абедзвюма рукамі Лыску за пысу, каб той не брахнуў. Лобан.

2. Разм. груб. Твар. Дзядзька вырывае з маіх рук лыжку, строга загадвае: — Пысу памый! Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́шча, ‑ы, ж.

Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́ва, ‑ы, ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з пладамі жоўтага або ліловага колеру з костачкай у сярэдзіне. Як толькі згоніць снег, .. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Розныя раслі ў .. садзе [пана Кудзілоўскага] дрэвы: яблыні, вішні, слівы, цэлыя зараснікі маліны, агрэсту, парэчак. Хомчанка. / у знач. зб. Сліва ў садзе пасохла.

2. Плод гэтага дрэва. Варыць слівы. З’есці сліву. □ Для каго паспелі слівы? — Для Паўлушы, што за дзіва! Муравейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Абрэзак сукна або іншай шарсцяной тканіны, які ўжываецца для чысткі, націрання чаго‑н. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. Калі блешня пасля таго, як яна пабывала ў вадзе, страціла бляск, яе трэба працерці суконкай. Матрунёнак.

2. Суконная ануча. [Пракоп] рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

таргану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Рэзкім рухам крануцца з месца. Самалёт таргануўся і яшчэ больш заваліўся ўлева — шасі загразла. Хомчанка. Гулка страляючы круглымі колцамі шызага дыму, трактар шалёна зароў, таргануўся, як у ліхаманцы, наструніўся і асеў назад. Б. Стральцоў. // Зрабіць сутаргавы рух. — Даша! — У Загурскага раз-другі тарганулася шчака. — Ты жартуеш, Даша? Асіпенка. У маці нервова таргануліся вусны, яна памкнулася была сказаць ужо нешта злоснае... «ЛіМ». — Дачка... — Ігнатавы губы горка таргануліся. — П-памірае!.. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тфу, выкл.

Разм.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гуку, які ўтвараецца пры пляванні. — Тфу! — плюнуў Шырокі і акінуў фельчара зняважлівым вокам. Колас.

2. Ужываецца для выказвання незадаволенасці, прыкрасці, злосці, расчаравання і пад., а таксама пагардлівых адносін да каго‑, чаго‑н. [Лазавік:] — Тфу, атрута. І як ты, Стась, смокчаш сваю люльку? Хомчанка. — Тфу! — зазлаваўся Міхалап. — Галоднай куме хлеб наўме. Алешка.

3. у знач. вык. Ужываецца для характарыстыкі каго‑, чаго‑н. нязначнага, дробязнага, нікчэмнага. Абрэзкі тыя — тфу! — метровыя шматкі. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Вызначыць вагу, цяжар каго‑, чаго‑н. Па дарозе дадому стары прапанаваў зайсці ў краму і ўзважыць ляшча. Ляўданскі. Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула. Хомчанка.

2. перан. Абдумаць, ацаніць што‑н. Паходня з брыгадзірамі ўзважыў усе магчымасці, улічыў нават кожнага падлетка, які мог быць карысны ў гэты час, каб управіцца з касьбой. Хадкевіч. Тамара не спала ўсю ноч, усё перадумала да драбніц, усё ўзважыла. Гроднеў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цадзі́цца, цэ́дзіцца; незак.

1. Павольна цячы праз вузкую адтуліну. Не льецца, а цэдзіцца. □ Густое, заспанае цэдзіцца з бочак Бычынай крывёю віно маладое. Барадулін. / Пра дробны невялікі дождж. З чорнага неба цадзіўся нудны дожджык. Мележ.

2. перан. Прасочвацца, паволі пранікаць праз шчыліны, адтуліны (пра святло, паветра, гукі). З тысячы шчылін цадзілася сонца. Лобан. Ад балотца з чорнымі азярынкамі скрозь хмызняк цадзіўся туман, месцамі перапаўзаў цераз дарогу. Хомчанка. З рэпрадуктара цадзілася тужлівая музыка. Капыловіч.

3. Зал. да цадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)