узбро́іцца, узброюся, узброішся, узброіцца; зак., чым.

1. Папасціся зброяй, сродкамі для вядзення бою. Многія пайшлі партызаніць, узброіўшыся тым, што трапілася пад рукі. Колас.

2. Абзавесціся, запасціся прыладамі, прыстасаваннямі, матэрыяламі для якой‑н. дзейнасці. Магутнай тэхнікай узброіўся савецкі хлебароб. Брыль. Дзед .. узброіўся абцугамі і доўга раскручваў дрот. Лынькоў. // перан. Набыць якія‑н. веды, звесткі і пад., неабходныя для якой‑н. дзейнасці. Узброіцца перадавой тэорыяй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Замерці, змярцвець (ад жаху, нечаканасці і пад.). Азірнулася — умлела: Валіць следам ён [Дамянік], як дым. Колас. Убачыўшы чалавека з наганам, .. Іван умлеў. Лобан. Умлеў Шчаслівец... Сярод залы Стаіць ні мёртвы ні жывы. Бачыла. // Абамлець, страціць прытомнасць. З-пад задняй сцяны абзываецца чалавек у рудой кучомцы з чорным шалікам на шыі: — Пачынай, бо зараз дзед умлее. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фалангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

1. Воін фалангі ​1 (у 1 знач.).

2. Член фалангі ​1 (у 3 знач.). Ніхто не ведаў, што Вежа патаемна выпісваў усе тыя кнігі, якія чытаў унук у Пецярбургу. Маладых дражнілі фалангістамі — дзед чытаў Фур’е. Караткевіч.

3. Член фалангі ​1 (у 4 знач.). Ва ўсім свеце быў непакой: з Іспаніі ішлі весткі, што фалангісты перамагаюць рэспубліканцаў. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

філасо́фстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

1. Разважаць на філасофскія тэмы. [Прафесар:] — Ведаеце, Міхаіл Палікарпавіч, мне хочацца сёння філасофстваваць аб мудрай складанасць быцця і ягоных законах. Галавач.

2. Разм. Разважаць на абстрактныя тэмы, мудраваць. — Усё вясною ажывае, — філасофстваваў дзед Мікалай. — Скажам, той жа галавасцік. Вывеўся ён з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

храбрэ́ц, ‑раца, м.

Храбры чалавек. Між буданоў фарсіста круціўся на шэрабокім трафейным жарабку камандзір атрада, прыгажун і храбрэц Мікола Глівенка, ён жа «дзядзька Коля». Хадкевіч. / у іран. ужыв. — Ну, што ж, на ракаў ты храбрэц... — згаджаўся дзед з Міколкам. Лынькоў. — Шапку вазьмі, храбрэц! — крыкнула Галя, убачыўшы, што ён нават забыўся падняць сваю фарсістую шапку-капітанку і тая, пакамечаная, валяецца на зямлі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарцяня́ і чарцянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

1. Паводле народнай міфалогіі — дзіцяня чорта; маленькі чорт. Разявілі чарцяняты раты. Паглядзеў дзед і ўбачыў у аднаго з іх у роце недаедзены праснак. Якімовіч.

2. перан. Разм. Пра гарэзлівае, свавольнае дзіця. — Ідзі гуляй, чарцянё ты маленькае, — усміхнуўся старэйшы брат. Ваданосаў. З крутога адхону з’язджаюць у роў на лыжах хлапчукі. Кідаюцца, чарцяняты, як у бездань. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нахапа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-чаго.

1. Хапаючы, набраць у вялікай колькасці. — Чаму, дзед Рыгор, так рана разагнаў рынак? — паспрабаваў пажартаваць Мікола.. — Аблава была. Дзве машыны народу нахапалі... Якімовіч. // перан. Неадабр. Набыць, атрымаць у якой‑н. колькасці. Нахапаць чыноў. Нахапаць заказаў. □ — Чаго ты смяешся? — абурана кідае Толя. — Герой! Нахапаў двоек ды пасмейваецца сабе! Бяганская.

2. перан. Неадабр. Тое, што і нахапацца (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прут, ‑а, М пруце, мн. пруты, ‑оў; м.

1. Тонкая доўгая палка без сучча. Выбіраецца [для вуды] прамы, моцны і гнуткі прут. Матрунёнак. Дзед доўгім прутам спорваў спелыя яблыкі, а ўраднік збіраў. Мурашка.

2. Доўгі металічны стрыжань. [Юрка] стаіць у сваім ложку.., трымаецца аберуч за жалезны прут і то смяецца адназубым роцікам, то.. зусім як бацька ляскае языком. Брыль. [Паўліку] і дзеду ўступілі месца пад акном, пераплеценым жалезнымі прутамі. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхі́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыхільнага. Прыхільнасць адносін.

2. Прыхільныя, добразычлівыя, спагадлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; сімпатыя. Загарэлы абветраны твар капітана быў адкрыты, просты, выклікаў прыхільнасць сваімі правільнымі прыгожымі рысамі. Краўчанка. Дзед Юрка дзядзьку паважае І да яго прыхільнасць мае. Колас.

3. Схільнасць да якога‑н. занятку, да якіх‑н. спраў, учынкаў. — Тут кажуць, што ты маеш вялікую прыхільнасць да радыё, — усміхнуўшыся, сказаў Радзюку Паходня. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патамі́цца, ‑томіцца; ‑томімся, ‑томіцеся, ‑томяцца; зак.

Стаміцца — пра ўсіх, многіх. — Ой, дзевачкі! — крыкнула Рая. — Патанцуем лезгінку. — А музыка? — паважна сказала Насцечка. — А мы самі выспеўваць будзем. — Так вы патоміцеся, гэта цяжка так, — сказаў дзед. Чорны. Ужо Мікола быў тры разы па Сымоне і тры разы пад Сымонам, а бой усё ідзе. Патаміліся яны, як пеўні. Колас. Канцэрт пачаўся чамусьці пазней, чым намячалася, дзеці ад чакання патаміліся. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)